Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Лёс культавай кнігі». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
13 лютага 2018
«Адлюстраванні. Лёс культавай кнігі». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Дазволю сабе невялікую цытату: «Груша цвіла апошні год; усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кіпела, млела і раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы і распасцірала ў яго ззянні маленькія, кволыя пальцы новых парасткаў. І была яна такая магутная і свежая, так утрапёна спрачаліся ў яе ружовым раі пчолы, што здавалася, не будзе ёй зводу і не будзе канца…» Менавіта з гэтай раскошы – цудоўнага малюнка вясновай квецені пачынаецца знакаміты раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. Кніга выйшла акурат паўстагоддзя таму, у 1968 годзе, і даўно сталася культавай для многіх беларусаў. Асноўныя падзеі ў ёй адбываюцца ў 1850-1861 гадах, напярэдадні паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Лішне напамінаць тут пра цярністы шлях “Каласоў…” да свайго чытача. Даследаваннем гэтай тэмы займаліся караткевічазнаўцы і звяртацца да яе будуць, упэўнена, яшчэ не раз. Сам аўтар галоўную задуму свайго твора вызначыў так: “Трэба было адной кнігай сказаць усё аб цэлай зямлі”. А народны пісьменнік Беларусі і сябра Караткевіча Янка Брыль падкрэсліваў: “… гэтай кнігай нам будзе прыпаднесены урок, як трэба любіць народ, як трэба разбірацца ў сваёй гісторыі, як аслабаняцца ад зусім непатрэбнага комплексу ніжэйшасці, які ўбіваўся на працягу стагоддзяў рознымі прыгнятальнікамі”. Першая публікацыя рамана ў часопісе “Полымя”, як вядома, выйшла са шматлікімі купюрамі, з якімі ніяк не мог пагадзіцца сам аўтар. Выданне 1968 года хоць неаднаразова і перавыдавалася, але таксама лічылася няпоўным. У выніку вывучэння гісторыі рамана даследчыкі сцвярджаюць, што сёння справядліва казаць пра тры аўтарскія і два выдавецкія варыянты рамана. Новы збор твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25 тамах, які цяпер выходзіць ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, упершыню падарыў нам поўнае выданне рамана “Каласы пад сярпом тваім” паводле аўтарскай волі. Дарэчы, аб’ём тэкста ў параўнанні з вядомай нам раней кнігай павялічыўся на чвэрць. Вялікую цікавасць гэты твор Уладзіміра Караткевіча заўсёды выклікаў ў дзеячаў іншых галін мастацтва. Да яго звярталіся тэатральныя рэжысёры, прынамсі, аднайменны спектакль ішоў на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Была ідэя зняць кінастужку паводле “Каласоў…”, якая пакуль, на жаль, не рэалізавалася. У фондах Беларускага радыё захоўваецца радыёспектакль “Каласы пад сярпом тваім”, пастаўлены Валерыем Анісенкам. Паводле слоў рэжысёра, Уладзімір Сямёнавіч уласнаручна напісаў дазвол на гэту пастаноўку на радыёсцэнарыі. Спектакль можна назваць радыёраманам, у якім прысутнічаюць асноўныя лініі кніжнага сюжэта. Усе яны прапісаны дастаткова выразнымі сродкамі аўдыядзеяння, якое і стварае карціну тагачаснай Беларусі, дзе жывуць героі Караткевіча. А перадусім – Алесь Загорскі і яго асяродак. Дарэчы, гэта прыклад класічнай радыёпастаноўкі, калі рэальна зрэжысіраваныя сцэны ў сукупнасці з музыкай і шумамі даюць слухачу магчымасць павандраваць у часе і прасторы. Нябачныя, пазначаныя толькі гукам, карціны і вобразы паступова набываюць пэўныя зрокавыя асацыяцыі, для кожнага слухача свае. Радыёспектакль “Каласы пад сярпом тваім” дазваляе паглыбіцца ў гісторыю, адчуць сувязь з мінулым, без якога няма будучыні, распазнаць сябе і сваіх продкаў. Каб урэшце зразумець і прызнанне аўтара рамана Уладзіміра Караткевіча адносна галоўнай ідэі твора: “Лёс добрых, як заўсёды ў тыя часы, у маім рамане страшны і жорсткі. І ўсё ж перамога на іхнім баку. Таму што на іхнім баку – праўда, таму што яны – “каласы пад сярпом тваім”: воля, Бацькаўшчына, любоў, народ…”. Відавочна, гісторыя адной кнігі, як і лёс канкрэтнага чалавека, можа скласціся па-рознаму. І ўсё ж – у абодвух выпадках вельмі шмат залежыць ад самога чалавека, яго волі і прынцыповасці.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: