Падзяліцца:
19 снежня 2017
На Першым нацыянальным канале стала добрай традыцыяй завяршаць год прэм’ерай у “Тэатры Беларускага радыё”, і сёлета таксама без выключэнняў - літаральна праз два дні вас чакае прэм’ера радыёспектакля ў 2-х частках “Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы” па п’есе драматурга Ягора Конева. Амаль месяц літаратурна-драматычная студыя Дома радыё поўнілася таямнічай атмасферай далёкага ХVІІ стагоддзя, у якім разгортваецца дзеянне радыёп’есы. Жанр гістарычнага дэтэктыва быў абраны на гэты раз пастановачнай групай, каб здзейсніць унікальныя магчымасці стварэння запамінальных аўдыявобразаў. Рэалізуючы свой сюжэт, драматург абапіраецца на рэальныя падзеі, якія некалі адбываліся ў Вялікім Княстве Літоўскім, а больш дакладна – у 1606-1609 гадах у Менскім ваяводстве. Праца з архіўнымі дакументамі дапамагла яму вывесці ў п’есе вобраз сапраўднага беларускага Шэрлака Холмса. Так, дарэчы, называе ў сваім знакамітым рамане “Чорны замак Альшанскі” пісьменнік Уладзімір Караткевіч вядомага менскага суддзю Андрэя Станкевіча. Высакародны вобраз справядлівага і непадкупнага ніякімі жыццёвымі спакусамі суддзі Станкевіча – у цэнтры ўсёй радыёдзеі. Гэтую ролю ў радыёспектаклі бліскуча выконвае заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мішчанчук. Яго герой сваімі паводзінамі і ўчынкамі вызначае ступень маральнасці і чысціні грамадства, у якім жылі нашы продкі. Менавіта на такіх людзях трымаецца свет, якраз яны ва ўсе часы робяць гонар любой дзяржаве. Сакратар і адданы памочнік Станкевіча Фелікс Віславух выдатна дапаўняе іх прафесійны дуэт, у чым праявілася таленавітая праца акцёра Купалаўскага тэатра Андрэя Кавальчука. Ён знайшоў выразныя інтанацыйныя фарбы для свайго персанажа, надаў яму праўдзівасць і жыццёвую моц. Па другі бок асноўнай калізіі сюжэта – таксама рэальныя асобы, сёстры Марына і Раіна Дастаеўскія. Абсалютныя антыподы па сваёй чалавечай сутнасці і па тых справах, якія яны здзейснілі ў жыцці. Не буду да канца раскрываць фабульную інтрыгу, але з задавальненнем адзначу, што у гэтых ролях у нашым радыёспектаклі заняты таксама цудоўныя выканаўцы: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Лясная і артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Кацярына Яворская. А што да саміх сёстраў Дастаеўскіх, то варта падкрэсліць, што менавіта з гэтага роду выйшаў славуты пісьменнік Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі. Магчыма, не ўсе ведаюць пра яго старадаўні беларускі радавод… Іншыя ролі ў радыёспектаклі выконваюць: заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Андрэй Душачкін і Аляксандр Шароў, артысты Ігар Сідорчык, Павел Еўтушэнка, у якога гэта акцёрскі дэбют на радыё, народны артыст Беларусі Арнольд Памазан. Рэжысёр пастаноўкі Алег Вінярскі, гукарэжысёр Валерый Бяляеў. Вопыт працы ў мастацкім пастановачным жанры кожны раз пацвярджае адну простую, але надзвычай важную, ісціну: вынік радыёспектакля залежыць ад усёй творчай каманды. І тая самаадданасць, тая эмацыянальная і душэўная трата, з якой працуюць артысты тэатра і кіно ў радыйнай студыі, ля радыйнага мікрафона – не можа не выклікаць захаплення і павагі! Я часам кажу, што ёсць цудоўная кагорта акцёраў, якія маюць радыйную біяграфію. Яны – шчаслівыя людзі, бо маюць яшчэ адзін сродак рэалізацыі свайго таленту. Сапраўды, мікрафон дазваляе акцёру выказаць тое, што не атрымліваецца на тэатральнай або здымачнай пляцоўцы. У радыйнай студыі нараджаецца іншая мастацкая рэальнасць, імя якой радыёспектакль. Ён магнетычна злучае акцёрскі талент і душу слухача праз мастацкае слова, музыку, шумавыя эфекты. І стварае адзіны і непаўторны аўдыясвет, які можа быць прачытаны і разгаданы кожным, нават праз гады і дзесяцігоддзі. Што, дарэчы, і засведчыў за доўгі час свайго існавання тэатр Беларускага радыё. А 22 і 23 снежня мы запрашаем вас на прэм’еру радыёспектакля ў дзвюх частках “Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы” па п’есе драматурга Ягора Конева. Пачатак – у 22 гадзіны 5 хвілін! Не спазніцеся ў радыйную тэатральную залу!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: