
Прыйшоў травень, як ласкава называлі апошні вясновы месяц нашы продкі, і адразу ўсё навокал змянілася. Зарунела шчодрай лістотай, закрасавала пяшчотнымі кветкамі. А паветра быццам настоена на чыстым нябесным блакіце і першым водары сапраўднай вясны. Якая сама па сабе – ужо радасць, свята прыгажосці і новых летуценняў. Яна тоіць столькі жыццядайных матываў, што здольная адагрэць любую душу.
Ідзе вясна ў шумлівых водах,
У звонкім срэбры ручаёў.
І разлівае мяккі подых,
Як песню нейкую без слоў.
Ідзе і будзіць, нібы маці
У дзень святы сваіх дзяцей,
Узгоркі, гоні, сенажаці
Пад гукі выраю – гусей.
І абнімае, туліць, песціць
І дрэва кожнае, і куст,
Ды нешта шэпча ім пад густ,
Прыносіць радасныя весці…
Гэта ўрывак з вядомай паэмы Якуба Коласа «Рыбакова хата». У яго быў рэдкі дар дакладна выказаць словам маляўнічыя сюжэты беларускага краю, якія адразу ажываюць у нашым уяўленні.
Не магу не згадаць яшчэ адну дзівосную страфу:
Як засінелася возера чыстае,
Бо маладая красуня вясна,
Каб падсініць хмар касынкі пушыстыя,
Сінькі ў ваду сыпанула спаўна…
Такую паэтычную імпрэсію стварыў Рыгор Барадулін, якога справядліва называюць каралём метафары. Так і хочацца ўзяць фарбы і пэндзаль, каб пачутае на слых адлюстраваць у жанры, што цешыць вока. А колькі лірычных матываў, ад светла-мройных да шчымліва-балючых, звязана з гэтай парой года!
Працытую хаця б такія класічныя радкі Яўгеніі Янішчыц:
Звонка плешчуць вясной крыніцы,
Будзяць вёску маю жаўрукі.
Хай табе ў гэты момант прысніцца
Лёгкі дотык маёй рукі…
Прыклады можна працягваць, як класікаў беларускай літаратуры, так і нашых сучаснікаў. І калі раптам узнікае такая патрэба душы, не лянуйцеся даць ёй спатолю. Не адмахвайцеся ад ўласных шчырых парыванняў, тым больш – не саромцеся іх, бо як вядома – «не хлебам адзіным»…
Шчодры май не толькі на бласлаўлёную прыгажосць, але і на святочныя дні. Заўважце, як шмат іх у гэтым месяцы! Літаральна ўчора спявалі гімны Працы, працягваючы даўнюю савецкую традыцыю, а ў бліжэйшым часе – прафесійныя святы журналістаў, усіх, хто працуе ў друкаваных і электронных СМІ, а яшчэ – Дзень сям’і, Міжнародны дзень музеяў, якія іначаць наша жыццё, напаўняюць яго жывой сувяззю з багатай гісторыяй і культурай. Тым больш, што ў апошнія гады ў Беларусі набірае сілы такі цудоўны праект, як Міжнародная акцыя «Ноч музеяў», і акунуцца ў яе атмасферу можа кожны жадаючы, праграмы прапануюцца вельмі цікавыя і нават нечаканыя. Сёлета яна пройдзе ў суботу, 19 мая.
І ўсё ж асобным майскім святам, самым хвалюючым і чаканым, для нас застаецца Дзень Перамогі. Ён штогод вяртае да мінулых падзей, будзіць сумленне і спараджае дыялогі-споведзі альбо ціхі невыказны сум, які генетычна ўласцівы беларусам. Бо мы на той страшнай вайне згубілі кожнага трэцяга жыхара нашай краіны. І ў кожным беларускім родзе свой досвед вайны…
Калі не стала майго таты Васіля Яфімавіча Шаблінскага, таксама франтавіка, які прайшоў шляхамі Вялікай Айчыннай з першага і да апошняга дня, і калі ў мяне 9 Мая не атрымліваецца патрапіць да яго на магілу, я абавязкова іду ў царкву, каб пастаяць у маўклівай гаркоце, гледзячы на полымя свечкі. Успомніць дарагое аблічча, падумаць пра лёс цэлага пакалення, якому так трагічна выпала трымаць урокі гісторыі.
З панядзелка, 7 мая, на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё пачнецца “Тыдзень памяці” да Дня Перамогі. Прагучаць радыёспектаклі, створаныя паводле культавых беларускіх твораў пра вайну: “Мёртвым не баліць” Васіля Быкава, “Вайна пад стрэхамі” Алеся Адамовіча, “Радавыя” Аляксея Дударава. І яшчэ адна з нашых новых мастацкіх работ – радыёфільм “Пісьмы, вернутыя з небыцця”, пра лёс старэйшага сына Кандрата Крапівы, які загінуў пад Сталінградам і ўспамінам пра якога для народнага пісьменніка засталіся толькі сціплыя салдацкія трохкутнічкі…
Некалі Віктар Астаф’еў заўважыў, што “ўсё лепшае ў літаратуры аб вайне створана тымі, хто ваяваў на перадавой”. Васіль Быкаў яму адказаў: “Увогуле гэта справядліва, хоць я б не сцвярджаў так катэгарычна, згаджаючыся, аднак, з той часткай сцвярджэння, што асабісты вопыт вайны тут нельга замяніць нічым”.
У наш трывожны і складаны век вельмі хацелася б, каб такі “асабісты вопыт” пісьменніка назаўсёды застаўся ў мінулым часе…