
Вітаю вас! Сённяшні дзень - 19 кастрычніка - выклікае адну даўнюю цудоўную асацыяцыю. І, спадзяюся, не ў мяне адной. Незабыўны верш Аляксандра Пушкіна з такой жа простай, але сімвалічнай назвай “19 октября”, які ўваходзіў у абавязковую школьную праграму. Гімн ліцэйскаму братэрству і сапраўднаму сяброўству:
Друзья мои, прекрасен наш союз!
Он, как душа, неразделим и вечен –
Неколебим, свободен и беспечен,
Срастался он под сенью дружных муз.
Менавіта 19 кастрычніка - дата адкрыцця Царскасельскага ліцэя. І пра яе заўсёды помнілі ліцэісты першага выпуску 1817 года, да якіх належаў Пушкін. Аднакурснікі на ўсё жыццё заставаліся найбліжэйшымі сябрамі рускага класіка. А час вучобы дапамог вызначыцца ў галоўным, што пасля сфарміравала эстэтыку і філасофію творчасці вялікага паэта. І, перадусім, той дух свабоды, якім поўніліся яго душа і сэрца.
Восенню 1817 года ў Віленскім універсітэце, дзе вучылася пераважна беларуская шляхецкая моладзь, па ініцыятыве Адама Міцкевіча і Тамаша Зана было заснавана Таварыства філаматаў – асветніцка-патрыятычнае згуртаванне, у якое ўвайшлі самыя таленавітыя студэнты, сябры па духу. Іх крэда вызначыў у адным са сваіх вершаў Адам Міцкевіч:
Не возьмем мы хцівасць ва ўжытак –
Прэч сквапнасці, пыхі насенне!
Наш самы высокі набытак –
Айчына, навука, сумленне!
У далейшым імёны філаматаўцаў сталі вядомыя ўсяму свету: паэт Адам Міцкевіч, пачынальнік новай беларускай літаратуры і фалькларыст Ян Чачот, паэт і грамадскі дзеяч Тамаш Зан, дзекабрыст Міхал Рукевіч, паэт і рэвалюцыянер Анупрэй Петрашкевіч, вялікі вучоны і асветнік, нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка, вучоны-арыенталіст, заснавальнік манголазнаўства ў Расіі Язэп Кавалеўскі, дырэктар Літоўскай метрыкі ў Пецярбурзе Францішак Малеўскі ды іншыя.
Сёлета – 220 гадоў з дня нараджэння двух выдатных асоб з пакалення філаматаў -- Яна Чачота і Тамаша Зана. Да гэтай юбілейнай даты Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь сумесна з Польскім Інстытутам ў Мінску і грамадскім аб’яднаннем “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” правялі ўрачыстую імпрэзу “Вялікія рамантыкі Радзімы”. Сустрэча даследчыкаў і прыхільнікаў творчасці пісьменнікаў ХІХ стагоддзя адбылася ў Доме-музеі Ваньковічаў у Мінску, дзе, дарэчы, захоўваецца адзіны партрэт Тамаша Зана, напісаны яго сучаснікам мастаком Валенціем Ваньковічам.
Я не патрапіла на гэту вечарыну, але атрымала безліч уражанняў, паехаўшы назаўтра з удзельнікамі святочных мерапрыемстваў на Аршаншчыну ў старажытнае мястэчка Смаляны. Менавіта там, на каталіцкіх могілках, знайшоў свой вечны спачын Тамаш Зан.
У каторы раз, дакрануўшыся да лёсу светлых і высокіх духам людзей, думаеш пра тую энергію супраціву, якую выказваюць яны ўсім неспрыяльным абставінам жыцця і напоўніцу служаць сваёй галоўнай мэце.
У лісце, які датуецца 1823-24 гадамі і пазначаны “Да калегаў”, Тамаш Зан пісаў: “З самай шчырай душэўнай радасцю бласлаўляю я тыя дні, калі ўсіх нас звязала нябесным вузлом, запаліла святым агнём, асвяціла боскім духам вялікая наша дружба. У ёй, у гэтай дружбе, выхавалі мы такі характар, які ў любых, нават самых кепскіх умовах паможа нам быць задаволенымі і шчаслівымі. Мы ўсе імкнёмся служыць сваёй зямлі, але калі ў нас не будзе магчымасці прыносіць ёй карысць, мы ўсё роўна не перастанем дабівацца гэтага праз усё сваё жыццё…”
Пасля 17 гадоў высылкі ў 1841-м годзе Зан вярнуўся на радзіму. А праз 5 гадоў узяў шлюб з Брыгідай Свентажэцкай. Нявялікі маёнтак Кахачын у Аршанскім павеце маладыя набылі за грошы, атрыманыя ў якасці пасагу. Апошнія дзевяць гадоў жыцця Зан вёў актыўную краязнаўчую і літаратурную працу.
Яго спадчына – тэма асобнай грунтоўнай гутаркі, як, дарэчы, і іншых былых філаматаўцаў. А прыклад такога яркага, шчырага і ахвярнага сяброўства, якое ўзнікла ў маладыя студэнцкія гады, і праз стагоддзі ўражвае нашчадкаў сваёй унікальнасцю. Калі зямля нараджае такіх людзей, яна мае вялікую сілу, што сведчыць пра духоўную трываласць нацыі.
Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.