Нядаўна пераслухала кампазіцыю паводле вершаў маёй даўняй старэйшай сяброўкі, пісьменніцы Валянціны Коўтун і яшчэ раз злавіла сябе на думцы – час катэгорыя непраўдзівая. Пры ўсіх агульных стандартах кожны адчувае яго па-свойму. І гэтым, дарэчы, розняцца нашы густы, прыхільнасці, успаміны. Адно, што аднолькава немагчыма – ігнараваць час, бо ён сам пра сябе нагадае. Валянціна Міхайлаўна, як мне здавалася, ведала гэтую таямніцу часу, і ўмела з ім ладзіць. Яна нарадзілася ў пасляваенным красавіку і на схіле гэтага ж веснавога месяца пайшла з жыцця 6 гадоў таму.
Паводле творчасці Валянціны Коўтун у фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат цікавых мастацкіх работ: радыёспектакль “Крыж міласэрнасці”, пастаўлены па аднайменным рамане, які прысвечаны Алаізе Пашкевіч-Цётцы, запіс рамана “Пакліканыя”, прысвечаны святой Еўфрасінні Полацкай у выкананні народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч, некалькі цудоўных кампазіцый паводле вершаў, а таксама шмат цікавых гутарак з самой Валянцінай Коўтун.
Валянціна Міхайлаўна была частым госцем літаратурных праграм Беларускага радыё. На ўсе творчыя прапановы адгукалася лёгка, з асаблівым зацікаўленнем. Выдатная субяседніца - глыбокая, удумлівая! Як яна ўмела імправізаваць! Думка нараджалася адразу ў студыі ў працэсе размовы. І так цікава было за гэтым сачыць, весці дыялог. У ім аднолькава ярка прысутнічала лагічнае і эмацыянальнае, тое, што называюць жывым эфірным дыханнем. Яна заўсёды вельмі тонка адчувала зададзеную тэму гутаркі. Цяпер я разумею, гэта быў стан яе душы: у пастаянных думках пра літаратуру, у пошуку свайго слова і праўдзівага вобраза.
Кнігу выбранай паэзіі, якую Валянціна Коўтун выдала да свайго 60-гадовага юбілею, яна назвала “Свяча любові”. Помню, як рыхтуючы выданне да друку, разважала над назвай – менавіта свяча, а не свечка. Як сімвал, як знак, як дарагі сасуд, які ўтрымлівае любоў і надзяляе ёю ўсіх, хто жадае прыняць гэты боскі дар.
Сваю апошнюю юбілейную вечарыну, якая была арганізавана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Валянціна Міхайлаўна таксама назвала з уласцівай ёй метафарычнасцю - “Красавіцкае прычасце”. Якой прароцкай аказалася гэтая назва! Пісьменніца, сапраўды, паспела прычасціцца шчырасцю і захапленнем сяброў і калег, прыхільнікаў яе таленту. І сама яна, усмешлівая і жартаўлівая, прыязна адгукалася на віншавальныя словы, шмат чытала сваіх вершаў. А яшчэ больш, напэўна, думала пра тую работу, якая чакала яе наперадзе. Я помню, у яе была любімая фраза: “Трэба рабіць сваю работу”. Гэта значыла: не плакацца, не скардзіцца, не зацыклівацца на побытавых дробязях, а высока і годна спраўджваць дадзены Богам талент… Таму ў яе засталося столькі планаў, столькі задумак!
Як шкада, што яна не пакажа нам больш свае новыя творы, але ўсцешна тое, што здзейсненае ёю ў беларускім мастацкім слове заслугоўвае самай высокай адзнакі і застанецца ў гісторыі беларускай літаратуры, бясспрэчна, лепшай спадчынай…
Усё прадбачу – дні і ночы,
Усім прабачу – смех і грэх…
І добры спеў, і злыя вочы,
І гром вясны з дажджыстых стрэх…
І – цішыню, бы ў Бога ў вусе,
Каб зноў, праменнем у траве,
Шапнуць на вушка Беларусі:
Твая дачка яшчэ -- жыве!
У каторы раз пераконваюся – паэты складаюць сабе біяграфіі і сваімі радкамі таксама. Можа, гэта закон паэтычнага космасу? Ці праўда аголенай душы творцы, які адчувае ўсё роўна больш, чым выказвае? І з гэтым адчуваннем жыве штодня, нясе ў сабе сваю наканаванасць. Таму, мусіць, як ніхто іншы – здольны “прадбачыць” і “прабачыць”…