Падзяліцца:
Адлюстраванні. Насуперак абставінам… Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
13 снежня 2016
Адлюстраванні. Насуперак абставінам… Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Ну вось і апошні месяц года дайшоў амаль да сярэдзіны. Спяшаемся дарабіць тое, што не паспелі сёлета. Задумваемся над тым, якія прыярытэты вызначыць у годзе новым. Жыццё, як паказвае практыка, унясе свае карэктывы. І з гэтым таксама нельга не пагадзіцца. Для тых, хто прафесійна звязаны з мастацтвам і літаратурай, адыходзячы год застанецца найперш Годам культуры, афіцыйны статус якому быў нададзены, як вядома, на дзяржаўным узроўні. Чаму, канечне ж, паспрыялі і шматлікія юбілеі выбітных дзеячаў беларускай культуры. Дарэчы, паводле інфармацыі БЕЛТА, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь абвешчаны конкурс “Чалавек Года культуры”, які праводзіцца ў 14-ці намінацыях і пра вынікі якога мы даведаемся ўжо на пачатку наступнага года. Але я хачу вярнуцца да юбілеяў сёлетнега Года культуры і перадусім – літаратурных. Яшчэ працягваецца святочная атмасфера 125-х угодкаў Максіма Багдановіча. 21 снежня, у Літаратурным музеі класіка, адбудзецца Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Максім Багдановіч – дыялог з часам”, дзе сваімі новымі напрацоўкамі падзеляцца даследчыкі яго творчасці. Нарэшце ва ўсіх жадаючых з’явілася магчымасць паглядзець новую музейную экспазіцыю, якую ўрачыста прэзентавалі ў юбілейны дзень паэта, і далучыцца да спрадвечнай загадкі Максіма. Таму што вялікі талент заўсёды захоўвае сваю таямніцу. Без яе немагчыма ўявіць шлях, які праходзіць творца. І чым цікавейшая постаць, тым больш выпрабаванняў пасылае ёй жыццё. Але, насуперак абставінам, складаецца творчая біяграфія і застаецца спадчына, вартая ўвагі нашчадкаў. Што яскрава дэмаструе нам лёс Максіма Багдановіча. 95 гадоў споўнілася б сёлета яшчэ двум класікам беларускай літаратуры -- народным пісьменнікам Беларусі франтавікам Івану Мележу і Івану Шамякіну. Паводле іх твораў у фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат выдатных радыёспектаклей і пастановак. Знакамітая “Палеская хроніка”, “Мінскі напрамак”, “Пакуль вы маладыя” Мележа, “Трывожнае шчасце”, “Снежныя зімы”, “Сэрца на далоні”, “Вазьму твой боль” Шамякіна. Гэта першае, што ўспамінаецца адразу, а сам спіс пастановачных работ – значна даўжэйшы. Але я не магу не згадаць зараз адну пранізлівую па сваёй прастаце і глыбіні кампазіцыю, якая мае назву “Чытаючы Мележа” – паводле ваенных дзённікаў пісьменніка. Ёсць сумная статыстыка, што з пакалення франтавікоў, народжаных з 1920-га па 1924-ы гады, з кожнай сотні вярнуліся толькі трое. Малады салдат Іван Мележ на фронце і ў шпіталях па магчымасці вёў запісы. Праз шмат гадоў гэтыя дзённікі і запісныя кніжкі, якія ўцалелі, былі сабраны ім у адну кнігу, пра якую сам аўтар сказаў: “...У гэтай кнізе нічога выдуманага. У ёй толькі тое, што было. Са мной асабіста ці з людзьмі. Тут запісана тое, што я перажыў, бачыў сваімі вачыма і чуў ад іншых, якія перажылі сваё. Доўгія гады ўсё гэта мне здавалася матэрыялам для нейкага дасканалага твора. Спатрэбілася багата гадоў, каб я зразумеў, што гэта само па сабе твор, можа не менш варты, чым той прыдуманы. Бо гэта жывое сведчанне незабыўнага, непадобнага ні на як іншы час…” І яшчэ пра адзін сёлетні юбілей - 100-годдзе з дня нараджэння пісьменніка, літаратуразнаўца і былога дыктара Беларускага радыё Уладзіміра Юрэвіча. Літаратурная і радыйная сцяжыны шчасліва перапляліся ў яго лёсе. 15 гадоў Уладзімір Юрэвіч працаваў дыктарам Беларускага радыё, у гады Вялікай Айчыннай вайны – на радыёстанцыі “Савецкая Беларусь”. У пасляваенны час узначальваў аддзел літаратурна-драматычнага вяшчання. Амаль 40 гадоў вёў радыёклуб “Жывое слова” – праграму, якая вучыла слухачоў любіць і шанаваць родную мову. Яго непаўторны голас стаўся сімвалам Беларускага радыё, высокай культуры маўлення, прыгажосці беларускай мовы. Дасціпнае і па-мастацку выразнае слова засталося ў дзіцячых кнігах Уладзіміра Юрэвіча. Грунтоўным і ўзважана-аб’ектыўным ён быў у сваіх літаратуразнаўчых і крытычных працах. Уладзімір Юрэвіч – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны работнік культуры, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём Францыска Скарыны. Чалавек выключнай выхаванасці і прыроджанай інтэлігентнасці, Уладзімір Міхайлавіч быў тым духоўным промнем, што сваёй энергіяй мацаваў душы многіх творчых людзей, асабліва моладзі, якой было чаму павучыцца ў майстра. Яго любілі, з ім раіліся, да яго парад прыслухоўваліся. Зрэшты, літаратурныя урокі, нязмушаныя і праўдзівыя, маюць свой плён ва ўсе часы. І сапраўдныя творы беларускай літаратуры – таксама таму пацвярджэнне...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: