Падзяліцца:
21 чэрвеня 2017
“Самая вялікая раскоша – раскоша зносін паміж людзьмі”, - сцвярджаў некалі французскі класік Антуан дэ Сент Экзюперы. Наш сучаснік, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін паэтычнай метафарай сфармуляваў яшчэ адну жыццёвую ісціну: “Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем, каб душою не ачарсцвець і не страціць святое штосьці…”. Калі перафразіраваць абодва выслоўі, можна прапанаваць свой, трэці, варыянт. Паводле якога, напрыклад, вельмі прыцягальнай для нас можа быць зямля, так ці інакш звязаная з гісторыяй беларускай літаратуры. Яна не толькі наталяе душу выключнай энергіяй, але і па-добраму правакуе вярнуцца да саміх твораў. У якіх таксама, дарэчы, можна знайсці асалоду суперажывання герою альбо лекавання прыгажосцю праз мастацкі вобраз ці пачуццёвы пейзаж. У чэрвені споўнілася 50 гадоў філіялу Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына”, які аб’ядноўвае мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Ласток, Альбуць, Смольня. І ў гэты летні час можна выправіцца на Стаўбцоўшчыну – радзіму народнага паэта. Там – яго родны кут, адтуль пачыналіся сцежкі маладога Кастуся ў вялікі свет, туды прыязджаў пісьменнік у сталым узросце – каб сустрэцца са сваім маленствам, мілымі яго сэрцу людзьмі, каб наталіцца дарагімі згадкамі, і, нарэшце, - дапамагчы сваім землякам. Калі гаварыць пра сувязь літаратурных мясцін з мастацкімі творамі, то, бадай, самы унікальны прыклад ў гісторыі беларускай літаратуры – гэта паэма “Новая зямля” Якуба Коласа. І звязана яна наўпростава з Альбуццю, дзе, як вядома, з 1890 па 1904 гады жыла сям’я Міцкевічаў. Тут адбылося нараджэнне Кастуся як паэта, адсюль пайшоў ён вучыцца ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У паэме “Новая зямля” Альбуць названа Коласам Парэччам. У адным з лістоў ён падкрэсліваў: “Гэта строга аўтабіяграфічная паэма як па тых асобах, якія ў ёй апісаны, так і па тых падзеях, пра якія гаворыцца ў паэме…” Бацька, маці, дзядзька Антось, браты і сёстры паэта, сяляне, леснікі, аб’ездчыкі з’яўляюцца прататыпамі герояў гэтай энцыклапедыі жыцця беларусаў канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў. У сучаснай сядзібе Альбуць гісторыю “Новай зямлі” можна расчытаць, дзякуючы літаратурна-мемарыяльнай экспазіцыі, якая і створана паводле паэмы. Тут ёсць фотаздымкі прататыпаў герояў паэмы, рукапісы, выданні гэтага твора розных гадоў, тагачасныя прадметы побыту. Узмоцніць адчуванне часу ў паэме і постаць аднаго з самых яркіх яе герояў, дзядзькі Антося, выстаўка “Пчалярства і рыбалоўства”, што размешчана ў адноўленым гумне. Адкрыта яшчэ адна цікавая экспазіцыя - “Прырода ў жыцці і творчасці Якуба Коласа”, дзе, дарэчы, працуе інтэрактыўная зона “Лекавыя травы ў сям’і Міцкевічаў”. Там вы можаце паспрабаваць гаючай гарбаты, якую, напэўна ж, пілі ў сям’і будучага класіка. А сядзіба Ласток, дзе Міцкевічы жылі з 1885 па 1890 гады, захавала свой першапачатковы выгляд, пра што сведчыць і мемарыяльная дошка на хаце. У 1997 годзе ў Ластку адкрыты два пакоі экспазіцыі паводле яшчэ адной цудоўнай паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”. Тут прадстаўлены копіі рукапісаў паэмы, яе выданні розных гадоў, лісты, дакументы, фотаздымкі, творы беларускіх мастакоў. І гэта невыпадкова. У далёкім маленстве Ласток сваім дзіўным святлом і казачным хараством абудзіў творчую фантазію маленькага Кастуся. Даследчыкі нават выказваюць думку, што не было б Ластка ў біяграфіі Коласа, магчыма, не было б і “Сымона-музыкі”… Так што не адкладайце на потым сустрэчу з роднымі коласавымі мясцінамі. Лета – якраз самы прыдатны час для такіх вандровак і незабыўных уражанняў. Дарэчы, ёсць яшчэ адна магчымасць пачуць герояў Коласа. У “Тэатры Беларускага радыё”. Паводле паэмы “Сымон-музыка” напрыканцы 90-х гадоў быў пастаўлены аднайменны музычны радыёспектакль, у якім заняты артысты купалаўскага тэатра, аўтар музыкі – кампазітар Леанід Захлеўны, рэжысёр Уладзімір Залатухін. А паэма “Новая зямля” захоўваецца ў фондах Беларускага радыё ў мастацкім выкананні цудоўнага артыста, таксама былога купалаўца Аляксандра Уладамірскага. Так што сачыце за нашай праграмай і да сустрэчы на Першым нацыянальным!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: