Сакавік пачаў адлік жаданай усімі вясны, паспеў парадаваць сапраўдным веснавым надвор’ем і цяпер мусіць нагадаць кожнаму пра тыя клопаты, якія чакаюць нас з прыходам гэтай пары года. З яе традыцыйна пачынаецца аднаўленне жыцця, зямля набывае новую сілу, каб расквітнець на ўсе колеры вясёлкі. І кожны раз чалавеку здаецца, што такі цуд адбываецца ўпершыню!
Ці ні гэта адна з прычын таго, што вясна пры ўсёй яе стракатасці і гаманлівасці нараджае шмат паэтычных вобразаў. Хаця, як ні дзіўна, любімай парой года паэты часцей называюць “залатую восень”. І ўсё ж…
Зямелька ўся
Ўскалышацца,
Дажджом яна
Абмыецца.
У прыродзе ўсё
Народзіцца,
І маладосць
Ёй вернецца…
Такія простыя, на першы погляд, радкі з верша “Вясна” народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. А перад вачыма адразу паўстае веснавы краявід, які так бескарысліва дорыць нам маладую сонечную энергію і абяцанне бясконцасці жыцця, яго шырокай радасці і таемнага шчасця!
А вось яшчэ класічнае, з той жа назвай “Вясна”, на гэты раз – Янка Купала:
Згінулі сцюжы, марозы, мяцеліцы,
Болей не мерзне душа ні адна,
Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю
Абдаравала зямельку вясна.
Вы толькі ўслухайцеся: вясна абдаравала зямельку! І якія гэта гожыя шчодрыя падарункі – цёплае сонейка і вабнае зеляніна! Спрадвечныя сімвалы неўміручага жыцця! Таго, што было задоўга да нас і абавязкова будзе пасля…
О зямля!
Ты ўся ў абновах!
Ты ў мільён званочкаў звоніш,
Ты на ста пявучых мовах
Весняй радасцю гамоніш.
Так метафарычна вызначае поліфанію прыгажуні-вясны наш сучаснік – народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. А колькі яшчэ паэтычных прызнанняў-прысвячэнняў можна было б згадаць!
Сімволіка ёсць, напэўна, і ў тым што менавіта ў першы вясновы месяц адзначаецца штогадовае свята - Сусветны дзень паэзіі. Такое рашэнне, успомнім, было прынята на трынаццатай сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА 18 гадоў таму. Яго мэта – падтрымаць моўную разнастайнасць праз магчымасці паэтычнага слова. Акрамя таго, як сцвярджаюць ініцыятары, гэты дзень мусіць садзейнічаць развіццю паэзіі, вяртанню да традыцыі паэтычных чытанняў, аднаўленню дыялога паэзіі з іншымі відамі мастацтва: тэатрам, музыкай, жывапісам.
Зрэшты, у нас, беларусаў, ёсць свой сантымент да гэтага дня. Таму што якраз 21 сакавіка нарадзіўся класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч, адвакат і паэт у адной асобе. Гэта ён яшчэ ў далёкім 1891-м годзе перасцярог нас сваім, сёння ўжо класічным, запаветам: “Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам... Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы…” Цытата з вядомай прадмовы Багушэвіча да яго першага паэтычнага зборніка “Дудка беларуская”.
Нават, калі хтосьці з вас – не самы шчыры прыхільнік паэзіі, тым не менш у нашым творчым пошуку можна выявіць энергію той унутранай гармоніі, у якой натуральна мае патрэбу кожны. Бо яшчэ нікога ў гэтым свеце аднолькава не абмінулі, як радасць адкрыццяў, так і смутак расчараванняў. Таму нават самым моцным з нас часам хочацца выратавальных лекаў ад душэўнай неўладкаванасці.
Так што будзем разам чакаць Сусветны дзень паэзіі. Тым больш, што не так шмат да яго засталося. Якіх толькі 8 дзён. За гэты час можна паспець прачытаць ці перачытаць нямала любімых радкоў. І не толькі пра вясну…