Падзяліцца:
4 кастрычніка 2017
Багаты на фарбы кастрычнік спакушае нас адправіцца за горад у пошуках восеньскай прыгажосці, дарэчы, гэтыя вандроўкі могуць супасці з адмысловымі літаратурнымі маршрутамі, якія, што называецца, недастаткова раскручаны. Мне пашчасціла днямі пабываць у такіх мясцінах, каб яшчэ раз пераканацца ў думцы, якая багатая наша зямля на таленты і духоўную спадчыну. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры разам з Інстытутам Польскім у Мінску зладзілі літаратурнае падарожжа па шляхах філаматаў і філарэтаў. Вандроўка з нагоды 200-годдзя ўтварэння ў Віленскім універсітэце Таварыства філаматаў, асветніцка-патрыятычнага згуртавання, у якое ўвайшлі лепшыя студэнты, сябры па духу. У далейшым імёны філаматаўцаў сталіся вядомыя ўсяму свету: Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, Аляксандр Ходзька, Ануфры Петрашкевіч, Юзаф Кавалеўскі ды іншыя. Літва! Ты, як здароўе ў нас, мая Айчына! Што варта ты, ацэніць той належным чынам, Хто цябе ўтраціў. Вось красу тваю жывую Зноў бачу і апісваю, бо скрозь сумую… Хто з нас не прамаўляў услых ці пра сябе пачатак вядомай паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”?! Ён гучыць скрушным гімнам любові і прызнання мілай Бацькаўшчыне, што навекі засталася ў памяці паэта-выгнанніка. Літва Міцкевіча – Беларусь, яго родная Наваградчына. Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе” (цяпер гэта Баранавіцкі раён) скіруе вас у думках да “Пана Тадэвуша” і вы пачнеце канструяваць той час, у якім жыў Адам Міцкевіч. Менавіта ў Завоссі, у калядную ноч 1798 года ён нарадзіўся, тут прайшло яго дзяцінства, падлеткам прыязджаў разам з братамі на летнія вакацыі, студэнтам спяшаўся сюды, каб сустрэцца з Марыляй Верашчакай з Туганавіч, яго адзіным трапяткім каханнем. Зрэшты, падрабязна і эмацыйна пра шляхецкае Міцкевічава Завоссе вам раскажа малодшы навуковы супрацоўнік філіяла Настасся Тамашэўская, мілая і абаяльная дзяўчына, якая ў чымсьці няўлоўным нагадвае Зосю з “Пана Тадэвуша”. Туганавіцкі парк сустракае сухой лістотай, якая таямніча шамаціць пад нагамі, быццам вяртае былую веліч і прыгажосць гэтай гістарычнай мясціны. Тут, у цэнтры, пры асноўнай алеі знаходзілася альтанка ў выглядзе высаджаных па кругу шасці стогадовых ліп. Яе называюць калыскай кахання Марылі і Адама альбо альтанкай Міцкевіча. На сёння захавалася некалькі дрэў. Дом бацькоў Марылі Верашчакі ў маёнтку Туганавічы, па ўспамінах, быў адчынены для ўсяго павету. Частымі гасцямі яго былі і філаматаўцы: Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Ігнат Дамейка. Калі скіравацца крыху ў іншы бок ад цяперашняга аграгарадка Карчова (былыя Туганавічы) і паглыбіцца ў лес, ва ўрочышчы Кут можна пабачыць яшчэ адну памятку, звязаную з філаматамі. Гэта велічны валун, які мае назву “Камень філарэтаў”. Кажуць, ля яго сустракаліся маладыя людзі, каб пачытаць вершы, паспяваць, падумаць. Культавым ён стаўся ўжо пасля іх адыходу. Па дарозе ў Навагрудак – знакамітае возера Свізяць, апетае Міцкевічам у яго баладах: “Свіцязь”, “Свіцязянка”, “Рыбка”. Дарэчы, гэтая мясціна натхняла на творчасць і іншых філаматаўцаў. Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку, напэўна, лепш вядомы сучасным беларусам, як дарэчы, і замежным гасцям. Мне таксама даводзілася бываць тут не аднойчы, але дзіўная рэч – кожны раз ты як быццам пачынаеш новае знаёмства з лёсам польска-беларускага генія. І менавіта больш успрымаеш яго беларускі складнік. Хаця сам музей размешчаны ў адбудаванай сядзібе Міцкевічаў, але ён пакідае ўражанне сапраўднага радавога маёнтка. Першыя тры залы: дзіцячы пакой, кабінет бацькі, гасцінны пакой інтэр’ерам набліжаны да дому сям’і Міцкевічаў. Сярод аўтэнтычных экспанатаў – настольны гадзіннік канца ХVІІІ стагоддзя, які знаходзіўся ў 1822-м годзе ў пакоі Адама Міцкевіча ў Вільні, а таксама мэбля з Туганавіч, дзе паэт пазнаёміўся з Марыляй. У фондах музея захоўваецца 9 прыжыццёвых выданняў твораў Міцкевіча, а на кніжнай выстаўцы “Паэма “Пан Тадэвуш” – праз гады і народы” прадстаўлены выданні паэмы, пачынаючы з сярэдзіны ХІХ стагоддзя, у тым ліку яе пераклады на іншыя мовы свету. Самую падрабязную інфармацыю вы атрымаеце ў дырэктара музея Мікалая Гайбы, выдатнага знаўцы жыцця і творчасці Адама Міцкевіча. А Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прапануе тым часам наведаць літаратурна-дакументальную выставу “Філаматы. Ідэі праз стагоддзі”, падрыхтаваную сумесна з Варшаўскім Музеем літаратуры імя Адама Міцкевіча. Ну а заўтра, 5 кастрычніка, у 21.05 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё слухайце праграму “Творчы вечар”, тэма якой “Лёс пакалення ў слове, часе і сяброўстве” – да 200-годдзя ўтварэння Таварыства філаматаў і філарэтаў.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: