Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Падзея, вартая нашай увагі». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
27 лютага 2018
«Адлюстраванні. Падзея, вартая нашай увагі». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Месяц люты ўжо каторы год запрашае нас ў адмысловую кніжную краіну і сёлетні – таксама не выключэнне, – заўтра роўна на 6 дзён адкрываецца ХХV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Пры ўсіх складніках вялікай падрыхтоўкі і клопатаў кожнага з удзельнікаў гэтага прадстаўнічага кніжнага форуму ён найперш нясе ў сабе святочны імпульс. Таму што ў цэнтры усіх падзей і мерапрыемстваў – кніга, якую яшчэ ў далёкім ХVІ стагоддзі Францыск Скарына назваў “люстрам нашага жыцця, лякарствам для душы, пацехай усім смутным, найболей жа тым, хто ў бедах і трудах знаходзяцца”. Можна яшчэ дадаць, што гэта і крыніца ведаў, і нашага выхавання, і жыццёвай мудрасці. Сёння ўвогуле цяжка ўявіць сабе цывілізацыю чалавецтва без кнігі. У кожнага з нас ёсць свой незабыўны прыпамін, звязаны з кнігай. Уладзімір Караткевіч, улюбёнец многіх сённяшніх чытачоў, у сваім цудоўным эсэ “Пакуль гэта сэрца б’ецца”, прысвечаным Янку Купалу, прызнаваўся: “Я дакладна памятаю, калі мне ўпершыню трапіла ў рукі кніга Купалы… у папяровай вокладцы. Я разгарнуў яе і ўбачыў: На Купалле там птушка садзіцца, пяе, У піліпаўку воўк нема вые. Сонца днём распускае там косы свае, Ночкай зоры глядзяць залатыя… Гэта было як ноч, як агеньчык у цёмным садзе і як водар яблыкаў на аўсянай саломе. І так гэта засталося на ўсё жыццё. Я чытаў тады ўсю ноч… І гэта было дзіва. Восьмы – а для мяне першы – цуд свету… Каб не было той ночы і той кнігі – я ніколі не пісаў бы так, як пішу. Ды й ці пісаў бы наогул?..” А класік беларускай дзіцячай літаратуры Янка Маўр у свой час таксама вывеў падобную формулу свайго творчага лёсу: “Я і сам, мусіць, стаў пісьменнікам, толькі дзякуючы кнігам. Яны мне адкрылі свет і людзей, яны абудзілі тое, што пасля назвалі творчай фантазіяй. Кніга для дзяцей павінна быць толькі добрай кнігай – цікавай і карыснай…” Тэме малой Радзімы і міжнароднага супрацоўніцтва беларускіх пісьменнікаў з літаратарамі розных краін прысвечана сёлета ХХV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Напэўна, усе, хто завітае гэтымі днямі ў Нацыянальны выставачны цэнтр “БелЭкспа” на праспекце Пераможцаў, 14, абавязкова знойдзе там штосьці, адпаведнае сваім чытацкім густам і зацікаўленням. Вядучыя дзяржаўныя выдавецтвы: “Мастацкая літаратура”, “Беларусь”, “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, “Беларуская навука”, Выдавецкі дом “Звязда” ды іншыя, а таксама прыватныя, абяцаюць шмат цікавых выданняў. Увогуле панарама знаёмства з сучаснымі кніжнымі навінкамі вельмі аб’ёмная – больш за 30 краін прымуць удзел у сёлетней выставе-кірмашы, ганаровы госць – Сербія. Дарэчы, у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выключна да свята выйшла кніга аднаго з самых вядомых аўтараў сучаснай сербскай літаратуры Горана Петравіча ў перакладзе на беларускую мову. Знакавым мерапрыемствам выстаўкі стане і прэзентацыя анталогіі “Паэты Кітая ХХ стагоддзя” па-беларуску. Ну, а галоўнай падзеяй вызначаны ІV Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”, у якім прымуць удзел пісьменнікі, крытыкі, літаратуразнаўцы з 21-й краіны, у тым ліку: Літвы, Польшчы, Чарнагорыі, Сербіі, Вялікабрытаніі, Кітая, Туркменістана ды іншых. А колькі прэзентацый лепшых выданняў года самых розных выдавецтваў, аўтограф-сесій пісьменнікаў, сустрэч з чытачамі ў розных фарматах, ад сур’ёзных да забаўляльна-гульнявых чакае наведвальнікаў выставы! Як кажуць, прыходзьце, шукайце і знойдзеце! Менавіта такія кніжныя падзеі становяцца жыццёвым ўвасабленнем вядомай трыяды: пісьменнік, выдавец, чытач. Як сведчыць статыстыка, у мінулым 2017-м годзе ў Беларусі выдадзена 9590 назваў кніг і брашур агульным тыражом звыш 23 мільёнаў экземпляраў. На беларускай мове выйшла 1314 кніг, агульны наклад – 4 мільёны 337 тысяч асобнікаў. “Книга есть мати всех речей и учитель всякому доброму умению”, – насамрэч, гэтыя словы Францыска Скарыны гучаць для нас сёння жывой метафарай усяму кніжнаму багаццю, якое напрацавана за гады існавання чалавецтва. І якое ярка і прэзентабельна адлюстроўваюць нам штогадовыя кніжныя выставы-кірмашы.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: