Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Падзея, якую даўно чакалі…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
31 студзеня 2018
«Адлюстраванні. Падзея, якую даўно чакалі…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы сёння, 31 студзеня, ладзіцца прэзентацыя першага тома персанальнай энцыклапедыі “Янка Купала” – падзея, якую даўно чакалі, думаю, не толькі купалазнаўцы, але і ўсе прыхільнікі Купалавай спадчыны. А такіх, упэўнена, вельмі шмат. Новае грунтоўнае выданне выйшла ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” да 135-годдзя народнага песняра. Яму, дарэчы, папярэднічаў аднатомнік – энцыклапедычны даведнік “Янка Купала”, які выдаваўся яшчэ за савецкім часам, у 1986-м годзе. І, як кажуць, выканаў сваю ролю паспяхова. Доўга служыў усім нам дакладнай крыніцай самых розных звестак пра жыццё і творчасць першага народнага паэта Беларусі. Сама не раз звярталася за рознымі ўдакладненнямі па спрэчных пытаннях да гэтай тоўстай таміны ў цёмна-зялёнай вокладцы. А вось цяпер ёсць новая магчымасць карыстацца сучасным дапрацаваным, дапоўненым выданнем – персанальная энцыклапедыя “Янка Купала”. За апошнія тры дзесяцігоддзі шмат змянілася ў грамадскім і культурным жыцці краіны, адпаведна – новыя далягляды набыло і купалазнаўства. З’явіліся новыя погляды на прачытанне спадчыны народнага паэта, адкрыты раней забароненыя старонкі памяці пра Купалу, яго грамадскай і літаратурнай дзейнасці. Шмат цікавага зроблена для перастварэння твораў класіка ў іншых відах мастацтва: музыцы, жывапісе, скульптуры. А колькі здзейснена новых перакладаў на іншыя мовы свету! І ўсё гэта знайшло адлюстраванне ў новым выданні, якое называюць яшчэ і праектам інтэрнацыянальным. Бо ў ім змешчана інфармацыя не толькі пра беларускіх дзеячаў культуры, звязаных з жыццём і творчасцю Купалы, але і з замежных краін. У першым томе, які прэзентуецца сёння ў Купалавым доме, сабрана каля паўтары тысячы артыкулаў, уключана таксама шмат цудоўных ілюстрацый. Сярод аўтараў – вядомыя купалазнаўцы і даследчыкі беларускай класікі: Уладзімір Гніламёдаў, Вячаслаў Рагойша, Адам Мальдзіс, Ірына Багдановіч, Пятро Васючэнка, Анатоль Клышка, Інесса Баўтрэль, Галіна Тычка, Іван Штэйнер ды іншыя. Вядома, пра ўсё не раскажаш. Кнігу трэба браць у рукі і чытаць, каб зразумець яе важкасць і своечасовасць. Альбо прыйсці сёння на прэзентацыю і пачуць меркаванні выдаўцоў і даследчыкаў, музейшчыкаў і мастакоў адносна зробленай вялікай работы. Дарэчы, сёлета выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” рыхтуе да выдання другі том персанальнай энцыклапедыі “Янка Купала”. А яшчэ абяцае парадаваць нас кнігай аднаго верша Янкі Купалы “А хто там ідзе?” ў перакладзе на 100 моў свету. І ўсё ж мілей для нас, беларусаў, Купалава слова гучыць па-беларуску. Мы расчытваем яго таямніцу другое стагоддзе і разумеем, што глыбіня спадчыны народнага песняра невымерная. Кожны знойдзе ў ёй тое, што шукае душа. І абавязкова выпрастае плечы, і адчуе, якую сілу тояць у сабе муры продкаў, і ўсміхнецца сваёй нечаканай пяшчоце… Паэт паказаў нам кірунак ад тутэйшасці ў вялікі свет Беларускага космасу, і Купалава “людзьмі звацца” ва ўсе часы працягвае гучаць як заклік і як перакананне: Песня мая не шукае чырвонцаў – Будучнасць гэткіх не знойдзе ў ёй плям, – Жыць толькі хоча ў радзімай старонцы, Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: