Падзяліцца:
“Адлюстраванні. Пакуль мы помнім, ведаем і шануем…” Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
1 лістапада 2017
“Адлюстраванні. Пакуль мы помнім, ведаем і шануем…” Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Пачатак лістапада для беларусаў традыцыйна звязаны з восеньскімі Дзядамі – святам памінання і шанавання продкаў. Гэты час у прыродзе – ціхі і крыху сумотны, як і чалавечая душа, якая “шчыміць і тужыць”, згадваючы сваіх блізкіх і родных, што адыйшлі ў высокія нябёсы. І толькі наша дзейсная памяць пра іх не дае забыцца пра ўсё зробленае і здзейсненае цэлым родам. Такі своеасаблівы летапіс кожнай сям’і, якая мацуецца даўнімі і трывалымі каранямі продкаў… Днямі стала вядома, што Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы да 7 снежня падаўжае працу выставачнага праекта-мемарыяла “Страчаныя абліччы”, які прысвечаны памяці беларускіх пісьменнікаў, што пацярпелі ад рэпрэсій у 1920-50-я гады. Выстава прымеркавана да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і 130-годдзя з дня нараджэння яго сябра, пісьменніка Цішкі Гартнага, лёс якога быў абарваны ў 1937-м годзе. У аснове праекта – арыгінальныя матэрыялы, якія сведчаць пра трагічныя старонкі жыцця першага народнага паэта Беларусі. А таксама вы ўбачыце рарытэты, звязаныя з многімі сябрамі і знаёмцамі Янкі Купалы, лёс якіх – трагічны, а талент цалкам не рэалізаваны. Гадоў дзесяць таму, у “Беларускім кнігазборы”, выйшла своеасаблівая анталогія беларускай літаратуры першай паловы ХХ стагоддзя, у якой сабраны лепшыя творы 66-ці рэпрэсіраваных беларускіх пісьменнікаў. Том мае назву “Расстраляная літаратура”. Імёны многіх з гэтых аўтараў вы сустрэнеце сёння на выставе ў купалаўскім музеі. І, канечне, будзеце ўглядацца ў фотаздымкі, рукапісы, лісты, розныя дакументы таго страшнага часу. Гэта трэба бачыць на ўласныя вочы, каб адчувала сэрца і працаваў розум. У адным са стэндаў, якія метафарычна нагадваюць таварныя этапныя вагончыкі, я ўбачыла фотаздымак паэта Алеся Звонака і побач – даведку на яго імя за нумарам 9442. Той самы дакумент, які пацвярджае 20 гадоў лагернага жыцця ў далёкім Магаданскім краі. Вельмі цяжка быць самім сабою, Праўду ашукаць маны слаўцом. Так вось і праходзіць разнабоем Наша неймавернае жыццё... Падмануць мне лёс свой не ўдаецца – Ланцугі не скінуць аніяк. Гулка б’ецца зраненае сэрца, Плача доля горкая мая… Гэтымі радкамі заканчваецца перадапошняя кніга паэта Алеся Звонака “Святлацені”, большасць вершаў якой былі напісаны на суровай Калыме, і за якую 85-ці гадовы аўтар атрымаў вышэйшую ўзнагароду – Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. Гэта было ў 1992-м годзе. Ён паспеў пабачыць яшчэ адзін свой новы паэтычны зборнік “Мой сад” і толькі крыху не дажыў да такой пашанотнай жыццёвай даты, як 90! Але душа Паэта заставалася маладой і па-ранейшаму нараджала вершы. Хаця сам ён не прамінаў пажартаваць, што – равеснік ХХ стагоддзя: “Нарадзіўся я ў пачатку веку, разам з ім, відаць, і адыйду...” Дарэчы, якраз тады, калі выходзілі гэтыя цудоўныя кнігі паэзіі Алеся Звонака, мне пашчасціла з ім пазнаёміцца. Я запісала для эфіру дзве гутаркі, якія цяпер захоўваюцца ў фондах Беларускага радыё. Лішне, напэўна, казаць пра іх глыбіню і змястоўнасць, варта яшчэ раз здзівіцца і падкрэсліць характар самой асобы. Я не пачула ад яго ніводнага слова наракання на свой лёс. Пра ўсё, што давялося прайсці, гаварылася хутчэй з дакладнасцю, каб штосьці важнае не ўпусціць для гісторыі, але не дзеля шкадавання сябе самога. Цяпер, з далечыні гадоў і тых журналісцкіх сустрэч з Паэтам, я думаю, што Бог нездарма падараваў Алесю Звонаку такое доўгае жыццё. Усё перажытае, зведанае і спасцігнутае пераплавілася ў агмень чыстай паэзіі. Якая застанецца сведкам падзей і люстрам пачуццяў, што запаўнялі няпростае і супярэчлівае ХХ стагоддзе. Самому ж аўтару сёлета споўнілася б 110 гадоў… Знайдзіце час, наведайце ў Купалаўскім музеі выставачны праект-мемарыял “Страчаныя абліччы”, які, дарэчы, рэалізуецца сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь. Насамрэч, нічога не страчана, пакуль мы помнім, ведаем і шануем…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: