
Нядаўна пераглядзела “Пана Тадэвуша” ў Купалаўскім тэатры; помню, калі адбылася прэм’ера гэтага спектакля паводле вядомай паэмы Адама Міцкевіча, колькі было нараканняў і на аўтара інсцэніроўкі, і на рэжысёра: навошта ўвогуле ўзяліся за такі несцэнічны твор?. Як увасобіць сотні старонак аўтарскага паэтычнага тэксту на тэатральнай драматычнай сцэне?
І тым не менш, спектакль не пакідае раўнадушным гледача ўжо чатыры гады. Пасля яго прагляду можна ўзяць у рукі арыгінал і яшчэ раз атрымаць асалоду ад гэтага літаратурнага шэдэўра, які называюць “культавым творам генія трох народаў: Беларусі, Польшчы і Літвы”. Нас, беларусаў, ён вяртае найперш да нашай мінуўшчыны.
У гісторыі сусветнай літаратуры імя Адама Міцкевіч лічыцца загадкавым. Беларус па паходжанні, ён стаўся класікам польскага прыгожага пісьменства. Хаця тут варта ўдакладніць, што статус польскай мовы захоўваўся на беларускіх землях якраз падчас росквіту таленту паэта, а гэта – ХІХ стагоддзе з усімі яго супярэчлівасцямі.
У польскай літаратуры Адам Міцкевіч выканаў ролю пачынальніка новага мастацкага кірунку – рамантызму. Але менавіта беларуская гісторыя багата адлюстравана ў спадчыне класіка, так што ў яго асобе мы маем аўтара, які, можна сказаць, належыць і нашай нацыянальнай літаратуры. Нездарма “певцом Литвы” называў Міцкевіча Аляксандр Пушкін, яго сябра і перакладчык твораў паэта на рускую мову. Згадваючы крымскае падарожжа Міцкевіча, Пушкін вельмі дакладна заўважыў галоўны матыў яго паэзіі:
Там пел Мицкевич вдохновенный,
И, посреди прибрежных скал,
Свою Литву воспоминал.
А “Литвой” Адама Міцкевіча, як вядома, была Беларусь. Ён нарадзіўся пад Наваградкам, вучыўся ў Віленскім універсітэце, настаўнічаў у Коўне, а пасля разам з іншымі філаматамі і філарэтамі быў асуджаны на выгнанне з роднага краю. Каля пяці гадоў прабыў у Расіі, дзе пасябраваў, дарэчы, з многімі рускімі пісьменнікамі. Потым выехаў на захад, назаўсёды пакінуўшы радзіму. Аб’ездзіў шмат краін Еўропы – Германію, Чэхію, Швейцарыю, Італію, Францыю. Жыў у Рыме, Дрэздэне, Жэневе. Канчаткова пасяліўся ў Парыжы, дзе чытаў курс лекцый па славянскіх літаратурах у славутым Каледж дэ Франс. Тут, у 1834 годзе, Міцкевіч закончыў пісаць сваю знакамітую паэму “Пан Тадэвуш”, якую называюць гімнам роднай беларускай зямлі і пранізлівай настальгіяй па светлым няздзейсненым каханні паэта.
Сапраўды, так сталася, што ў лёсе Адама Міцкевіча сыйшлося ўсё тое, што спраўджвае вялікі талент: зямля, якую ён моцна любіў, адданая сябрына ў маладосці, якая ў гісторыі беларускай літаратуры засталася Таварыствам філаматаў і філарэтаў, нешчаслівае першае каханне, якое нарадзіла шмат геніяльных радкоў, доля выгнанніка, якому суджана было памерці на чужыне.
Але над усім гэтым зямным выпрабаваннем паўставала слова паэта. Якое, дарэчы сказаць, ужо перажыло стагоддзі. І якое і надалей будзе хваляваць чытацкія сэрцы, а значыць застанецца жыць у беларускім прыгожым пісьменстве, у еўрапейскай літаратурнай супольнасці.
Зрэшты, пагаварыць пра гэта больш падрабязна – нагода яшчэ будзе. Усё ж такі сёлетні год для Адама Міцкевіча – юбілейны! 220 гадоў з дня нараджэння. А значыць, будуць святочныя імпрэзы і навуковыя канферэнцыі, цікавыя выставы і вандроўкі на радзіму класіка. І самы знаёмы маршрут – Навагрудак, Дом-музей Адама Міцкевіча. Мне таксама даводзілася бываць тут не аднойчы, але дзіўная рэч – кожны раз ты як быццам пачынаеш новае знаёмства з лёсам польска-беларускага генія. І менавіта больш успрымаеш яго беларускі складнік. А па дарозе ў Навагрудак – знакамітае возера Свізяць, апетае Міцкевічам у яго цудоўных баладах…