Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Пра беларускага Шэрлака Холмса і не толькі...» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё і відэа)
14 Сакавіка 2018
«Адлюстраванні. Пра беларускага Шэрлака Холмса і не толькі...» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё і відэа) Прыпозненая вясна канцэнтруе нашу ўвагу на самых розных рэчах – тых, напрыклад, што выклікаюць эмацыйны ўздым і душэўную раўнавагу або наадварот правакуюць на спрэчкі і філасофскі роздум. Тут, як кажуць, кожнаму па густу. Важна, напэўна, іншае: каб гэтая гаманкая і яркая пара года дазваляла нам штосьці пакідаць для сябе, поўніла душу і розум новымі адкрыццямі і нечаканымі сустрэчамі. “Тэатр Беларускага радыё” падрыхтаваў для вас менавіта такі падарунак. Можна сказаць, за тыдзень да Міжнароднага дня тэатра мы прапануем вам прэм’еру поўнай версіі радыёспектакля “Сёстры Дастаеўскія”, які пастаўлены па п’есе Ягора Конева. Жанр гістарычнага дэтэктыва абраны на гэты раз пастановачнай групай, каб здзейсніць унікальныя магчымасці стварэння запамінальных аўдыявобразаў. Драматург звяртаецца да рэальных падзей, якія некалі адбываліся ў Вялікім Княстве Літоўскім, а больш дакладна – у 1606-09 гадах у Менскім ваяводстве. Праца з архіўнымі дакументамі дапамагла яму стварыць вобраз сапраўднага беларускага Шэрлака Холмса. Так, дарэчы, называе ў сваім рамане “Чорны замак Альшанскі” пісьменнік Уладзімір Караткевіч вядомага менскага суддзю Андрэя Станкевіча. Менавіта яго высакародны вобраз – у цэнтры ўсёй радыёдзеі. Гэтую ролю ў радыёспектаклі бліскуча выконвае заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мішчанчук. Яго герой сваімі паводзінамі і ўчынкамі вызначае ступень маральнасці грамадства, у якім жылі нашы продкі. Менавіта на такіх людзях трымаецца свет, якраз яны ва ўсе часы робяць гонар любой дзяржаве. Сакратар і адданы памочнік Станкевіча Фелікс Віславух выдатна дапаўняе іх прафесійны дуэт, у чым праявілася таленавітая праца акцёра Купалаўскага тэатра Андрэя Кавальчука. Ён знайшоў выразныя інтанацыйныя фарбы для свайго персанажа, надаў яму праўдзівасць і жыццёвую моц. Па другі бок асноўнай калізіі сюжэта – таксама рэальныя асобы, сёстры Марына і Раіна Дастаеўскія. Абсалютныя антыподы па сваёй чалавечай сутнасці і па тых справах, якія яны здзейснілі ў жыцці. Не буду да канца раскрываць фабульную інтрыгу, але з задавальненнем адзначу, што ў гэтых ролях у нашым радыёспектаклі заняты цудоўныя выканаўцы: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Лясная і артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Кацярына Яворская. А што да саміх сёстраў Дастаеўскіх, то варта падкрэсліць, што менавіта з гэтага роду выйшаў сусветна вядомы пісьменнік Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі. У яго старадаўнім беларускім радаводзе былі і свае трагічныя моманты. Іншыя ролі ў радыёспектаклі выконваюць: заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Андрэй Душачкін і Аляксандр Шароў, артысты Ігар Сідорчык, Павел Еўтушэнка, у якога – гэта акцёрскі дэбют на радыё, народны артыст Беларусі Арнольд Памазан. Рэжысёр пастаноўкі Алег Вінярскі, гукарэжысёр Валерый Бяляеў. Вопыт працы ў мастацкім пастановачным жанры кожны раз пацвярджае адну простую, але надзвычай важную, ісціну: вынік радыёспектакля залежыць ад усёй творчай каманды. І тая самаадданасць, тая эмацыянальная і душэўная трата, з якой працуюць артысты тэатра і кіно ў радыйнай студыі, ля радыйнага мікрафона, – не можа не выклікаць захаплення і павагі! Я часам кажу, што ёсць выключная кагорта акцёраў, якія маюць радыйную біяграфію. Яны – шчаслівыя людзі, бо валодаюць яшчэ адным сродкам рэалізацыі свайго таленту. Сапраўды, мікрафон дазваляе акцёру выказаць тое, што не атрымліваецца на тэатральнай або здымачнай пляцоўцы. У радыйнай студыі нараджаецца іншая мастацкая рэальнасць, імя якой – радыёспектакль. Ён магнетычна злучае акцёрскі талент і душу слухача праз мастацкае слова, музыку, шумавыя эфекты. І стварае адзіны і непаўторны аўдыясвет, які можа быць прачытаны і разгаданы кожным, нават праз гады і дзесяцігоддзі. Што, дарэчы, і засведчыў за доўгі час свайго існавання тэатр Беларускага радыё. Галоўным у жанры радыёспектакля было і застаецца слова. Адчуць яго моц і тое ўнутранае напружанне, якое ствараюць драматургія і вастрыня жывой аўтарскай думкі, значыць спрычыніцца да таямніцы духоўнага жыцця чалавека. Рэжысёр будуе сваю сімвалічную аўдыяпрастору, а распазнаць яе пры жаданні можа кожны. Нагадаю яшчэ раз, што 16, 17 і 18 сакавіка ў “Тэатры Беларускага радыё” – прэм’ера поўнай версіі радыёспектакля “Сёстры Дастаеўскія” па гістарычным дэтэктыве драматурга Ягора Конева. Пачатак, як заўсёды, – у 22 гадзіны 5 хвілін! https://www.youtube.com/watch?v=2srTyKak83Q
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: