Падзяліцца:
4 Ліпеня 2017
Пачатак ліпеня традыцыйна вяртае нас да купалаўскіх дзён, якія штогод ладзіць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Праўда, пачынаюцца яны крыху раней – 28 чэрвеня, гэта дата трагічнай гібелі народнага паэта. Усяго тыдзень з нечым не дажыў ён да свайго 60-годдзя. А сёлета мы адзначаем 135 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы. Час мала што змяніў у сутнасці яго вобраза. Для беларусаў ён быў і застаецца, як бы пафасна ні гучала, той пуцяводнай зоркай, што робіць наш шлях яркім для нас саміх і заўважным для іншых. Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя ў праграмным вершы “Я не паэта…” ён прароча вызначыў свой лёс: Кожны край мае тых, што апяваюць, Чым ёсць для народа ўпадак і хвала, А беларусы нікога ж не маюць, Няхай жа хоць будзе Янка Купала. Насамрэч, аўтар згаданых радкоў цудоўна разумеў якая спадчына была да яго і што можа зрабіць ён для свайго краю. Гэта быў покліч гарачага сыноўнега сэрца і чыстай душы, якой балела за свой люд і хацелася дапамагчы яму ў лепшай долі. “…Ў народ і край свой толькі веру І веру ў самаго сябе…” Вось тая дзейсная Купалава формула жыцця, дзякуючы якой можна шмат што спраўдзіць на сваёй дарозе, нават калі яна і не надта простая. А хто сказаў, што ў геніяў бываюць простыя лёсы? Чым цікавейшая постаць, тым больш выпрабаванняў пасылае ёй жыццё. Але, насуперак абставінам, складаецца творчая біяграфія і застаецца спадчына, вартая ўвагі шматлікіх пакаленняў нашчадкаў. Увогуле, юбілеі класікаў беларускай літаратуры актывізуюць наша стаўленне да іх творчасці, зацікаўленне асобай мастака слова, разуменне таго гістарычнага часу, у якім яму выпала жыць і спраўджваць свой талент. Такія даты спрыяюць узнікненню самых розных пытанняў, якія чалавек задае сабе: пра вытокі, радзіму, сэнс жыцця. Таму што літаратура акумулюе той высокі духоўны патэнцыял нацыі, без якога немагчыма самадастатковасць кожнага канкрэтнага чалавека. Скарыстайцеся сёлетней святочнай нагодай, каб наблізіцца да Янкі Купалы, прайсціся яго зямнымі сцежкамі, на шчасце, у Беларусі іх нямала. І тыя знакавыя мясціны яго жыцця, якія можна наведаць спрыяльным летнім часам: Вязынка, Яхімоўшчына, Акопы, Ляўкі. Пачытайце ці перачытайце хаця б асобныя вершы класіка, яго цудоўныя паэмы. Вы атрымаеце безліч асалоды і новыя імпулься для ўласных думак і разважанняў. А на гэтым тыдні, 6 ліпеня, ладзіцца сумесны праект купалаўскага музея і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі “Святкуем Купалле разам з Купалам”, 7 ліпеня, у дзень народзінаў Янкі Купалы – урачыстая цырымонія ўскладання кветак да яго помніка ў Мінску, 8 ліпеня ўсіх жадаючых збірае на радзіме Купалы, у Вязынцы, рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…”, а 9 ліпеня – Купалаў фэст да 135-годдзя Янкі Купалы і 570-годдзя парафіі Святой Тройцы ў Радашковічах, дзе вы можаце патрапіць на святую імшу, паўдзельнічаць у акцыі “Чытаем Купалу разам”, пазнаёміцца з выставай “Завуся я толькі Янка Купала”. Адмысловую праграму падрыхтаваў для сваіх слухачоў і “Тэатр Беларускага радыё”. Гэтымі купалаўскімі днямі ў нашай эфірнай радыёпрасторы прагучаць унікальныя радыёспектаклі паводле вядомых п’ес Янкі Купалы: “Тутэйшыя”, “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, а “Паэтычны эцюд” прапануе вашай увазе вершы паэта ў выкананні народных артыстаў Беларусі Марыі Захарэвіч, Віктара Манаева, заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Аляксандра Падабеда і Уладзіміра Рагаўцова. І няхай мінае час, а прарочае слова Купалы застаецца з намі паўсюль. І кожны можа знайсці ў ім тое, што шукае душа. І абавязкова выпрастае плечы, і адчуе, якую сілу тояць у сабе муры продкаў, і усміхнецца сваёй нечаканай пяшчоце. Ад прадзедаў спакон вякоў Мне засталася спадчына. Паміж сваіх і чужакоў Яна мне ласкай матчынай…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: