Падзяліцца:
 Адлюстраванні. Праз адлегласць расстання… Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
19 Ліпеня 2017
 Адлюстраванні. Праз адлегласць расстання… Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Шматаблічны свет прыгожага пісьменства дае магчымасць нашай душы звяртацца да розных мастацкіх твораў. Кожная эпоха мела сваіх літаратурных герояў. Яны запаўнялі духоўную прастору жыцця чалавека і некаторыя з іх нават станавіліся знакам ці сімвалам пэўнага гістарычнага часу. У гэтым – адметнасць і разам з тым заканамернае развіццё літаратуры. Таксама як і вылучэнне сярод багатай літаратурнай спадчыны класічных твораў. Іх адаптаванасць да кожных новых рэалій з’яўляецца сведчаннем прароцкіх матываў таго ці іншага твора, яго сучаснасці, таму што напісаны ён быў, як кажуць, “навыраст”. Што толькі падкрэслівае талент аўтара, яго, без перабольшання, геніяльнасць. Пісьменнік, пра якога сёння хацелася б згадаць, мог бы стаць глыбокім і вострым даследчыкам беларускай літаратуры і гісторыі, але сцвердзіў сябе ў мастацкім слове. Відавочна, што маючы адукацыю філолага, ён бы выхаваў не адну плеяду дастойных вучняў, але пакінуў пасля сябе раманы, апавяданні, вершы, п’есы. Цалкам верагодна і тое, што ў яго асобе мы маглі б мець арыгінальнага мастака-графіка, але сёння мы зачытваемся яго прозай і паэзіяй. Ва ўсім гэтым – тое, што называюць провідам творчага лёсу. А ён склаўся так, што Уладзімір Караткевіч – прызнаны класік беларускай літаратуры. Яго зямная сцяжына абарвалася 25 ліпеня 1984 года. І з таго часу гэты дзень стаўся для беларусаў днём светлай памяці пісьменніка. Хтосьці прыходзіць з кветкамі на яго магілу, іншыя ў ціхай малітве просяць спакою яго душы, ў розных месцах ладзяцца творчыя імпрэзы. Бясспрэчна адно - праз адлегласць расстання яшчэ больш відавочны маштаб зробленага Караткевічам у беларускай літаратуры. Яго мастацкая стыхія такая моцная і па-чалавечы адчувальная, што аднолькава вабіць і проста чытачоў, і тых, хто сам у палоне творчасці. І хаця прыйшоў ён у айчыннае прыгожае пісьменства не ў лепшы час – калі адмаўлялася і замоўчвалася роднае, нацыянальнае, панавала так званая “эпоха манкурцтва”, але самыя лепшыя радкі і ў вершы і ў прозе пісьменнік прысвяціў менавіта сваёй зямлі – Беларусі, якую любіў горача і аддана: Каб плыў судоў уратавальных дым, А родны край знікаў навекі ў хвалях, Я б лепей згінуў з ім, з яго апошнім жалем, Як жыў і мучыўся бязмерна – з ім. Была мусіць нейкая лёсавасць творцы ў тым, што першай і апошняй яго кнігай сталіся менавіта кнігі паэзіі - “Матчына душа” і “Быў. Ёсць. Буду”, што ўспрымаецца сёння як прароцтва, як запавет. Вершы Караткевіча чыталі яго сучаснікі, сёння ў іх учытваемся мы. Праз нейкі час імі з не меншай цікавасцю, я пераканана, будуць зачытвацца наступныя пакаленні і асэнсоўваць для сябе вечныя паняткі: Радзіма, каханне, чалавечая годнасць. Свет шчодры, Свет мяне паўторыць... Ну а не свет, дык Беларусь. – Мне - досыць... У гэтых радках пісьменніка – спавядальнасць інтанацыі майстра, які, абагаўляючы сваю Бацькаўшчыну, пакідае спадзеў на заўтрашні дзень. Помніць і любіць – гэта якраз тыя словы, якія чытач забірае з сабою ў кожны дзень свайго жыцця пасля знаёмства з творчасцю Уладзіміра Караткевіча. І болевы парог, мне думаецца, вызначае сутнасць не толькі Мастака. З гэтым адчуваннем кожны з нас ідзе па зямлі і, магчыма, большасць нашых учынкаў якраз вымяраецца яго, так бы мовіць, наяўнасцю. А літаратурная класіка зусім не застылая мастацкая форма, а жывое жыццё, у якім наша душа можа знайсці шмат паралеляў з уласнымі адчуваннямі і нават тое духоўнае апірышча, што здольнае ўратаваць нас ад магчымых памылак. Пусціце зоры ў мой пакой шырокі! Пусці ў пакой сузор’і, чалавек! Нічога не палохайся, пад сонцам Ёсць толькі ты і светлыя сузор’і…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: