Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Прыгажосць зямлі, якая цябе нарадзіла…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
4 Красавіка 2018
«Адлюстраванні. Прыгажосць зямлі, якая цябе нарадзіла…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Кожная літаратура мае свае выбітныя творы пра тую зямлю, на якой яна ўласна і ствараецца; беларусам таксама ёсць што згадаць і чым ганарыцца. Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа крытыка справядліва называе стваральнікам нацыянальнай “Іліяды” і “Адысеі”, маючы на ўвазе знакамітыя паэмы класіка – “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. Бясспрэчна, гэтыя творы робяць гонар нашаму прыгожаму пісьменству і даўно ўжо сталі хрэстаматыйнымі для кожнага з нас. Пра іх напісана шмат цікавых літаратуразнаўчых даследаванняў. Яны – з ліку тых мастацкіх твораў, якія, здаецца, заўсёды былі з намі. Сёлета – 100 гадоў з часу выдання першай рэдакцыі “Сымона-музыкі” і 95, як была выдадзена “Новая зямля”. Насамрэч, у кніг, як і ў людзей, складаюцца свае біяграфіі і бываюць свае юбілеі. Якія сведчаць пра іх запатрабаванасць кожным канкрэтным чытачом і неабходнасць для цэлай нацыі, народа. І калі “Новая зямля” – энцыклапедыя жыцця беларусаў пачатку ХХ стагоддзя ў натуральных прыродных умовах, то “Сымон-музыка” метафарычна ўспрымаецца намі як гімн народнаму мастацтву, таленавітай беларускай душы, якая пераадолее любыя выпрабаванні на сваім шляху. Рэалістычны пачатак “Новай зямлі” і рамантычны “Сымона-музыкі” якраз і яднаюць быційнае з духоўным, што надае жыццю чалавека асаблівы сэнс, а яго самога робіць асобай самабытнай і самадастатковай. Пайшоў Сымон сваёй пуцінай, Бо ён прыроджаны пясняр. Панёс ён людзям песень дар – Агонь душы і сэрца жар, Панёс пяснярскай каляінай… Так гістарычна склалася, што паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка” Якуба Коласа з’яўляюцца крыніцай натхнення для іншых мастакоў. Да гэтага класічнага твора беларускай літаратуры звярталіся і працягваюць звяртацца кампазітары, артысты, рэжысёры, жывапісцы, графікі. Каб стварыць свой вобраз таленавітага музыканта з глыбінь народных, каб зразумець прыгажосць зямлі, якая цябе нарадзіла... Каб лепш адчуць знакавасць гэтых твораў класіка для нас, беларусаў, завітайце ў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Акурат да 100-годдзя “Сымона-музыкі” і 95-годдзя “Новай зямлі” тут адкрыта часовая экспазіцыя з музейных фондаў – “У любові да роднай зямлі”, якая будзе працаваць да канца красавіка. Напэўна, менавіта пачуццё любові натхніла творцаў да перастварэння гэтых цудоўных паэм у іншых відах мастацтва: музыцы, тэатры, кіно. Паводле прадстаўленых матэрыялаў можна яскрава ўявіць, як загаварылі і заспявалі Коласавы героі на сцэне і экране ў розныя гады. І якая гісторыя стаіць за кожным новым творчым ўвасабленнем. Напрыклад, прэм’ера оперы “Новая зямля” Юрыя Семянякі (лібрэта Алеся Петрашкевіча) была прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння аўтара паэмы. На афішы тэатра оперы і балета, якая экспануецца, і, дарэчы, вельмі добра захавалася, унізе можна прачытаць і такую інфармацыю: “Збор ад спектакля 23 верасня 1982 года будзе пералічаны ў фонд міру”. А рэжысёр Віталь Баркоўскі сваю пастаноўку “Зямля” ў Коласаўскім тэатра ў 2000-м годзе вызначыў як “Сны памяці па матывах творчасці Якуба Коласа”. “Сымон-музыка”, як мы ведаем, у 1976-м годзе ставіўся ў Віцебску, у 2005 – на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, у жанры містэрыі. А была, аказваецца, самая першая спроба ажыццявіць пастаноўку оперы і музычнага спектакля яшчэ ў 40-х гадах мінулага стагоддзя літоўскім кампазітарам Канстанцінам Галкоўскім. Захавалася таксама яго перапіска з беларускім класікам. Рукапісы музычнай п’есы і лібрэта оперы можна ўбачыць на экспазіцыі, як і шмат іншых цікавых фондавых дакументаў: аўтографаў, фотаздымкаў, афіш, праграм, запрашальнікаў, кніг і газет з п’есамі Якуба Коласа. Ёсць, дарэчы, сцэнічны касцюм, у якім народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель здымалася ў ролі Ганны ў кінастужцы “Новая зямля”. Увогуле, нават самы маленькі музейны экспанат можа расказаць пра вельмі многае. Гэтыя артэфакты не толькі вяртаюць нашу памяць у пэўны гістарычны час, але і не дазваляюць нашай душы ленавацца. І помніць пра свой родны кут, так цёпла і глыбока апеты класікам…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: