Падзяліцца:
Адлюстраванні. Радыёфанічнасць спадчыны Караткевіча. Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
29 лістапада 2016
Адлюстраванні. Радыёфанічнасць спадчыны Караткевіча. Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Нядаўні званок з падзякай за радыёкампазіцыю паводле творчасці Уладзіміра Караткевіча “І не знікаць паэтам вечна…”, якая прагучала ў “Тэатры Беларускага радыё” ў дзень нараджэння класіка, у чарговы раз падкрэсліў непадробную цікавасць слухачоў да яго спадчыны. Выдаюцца кнігі пісьменніка, у тым ліку выходзіць і новы, 25-томны Збор твораў, а яго слова, перастворанае сродкамі аўдыязапісу, набывае іншую якасць, мае сваю прыцягальную сілу. У фондах Беларускага радыё рэпертуар мастацкіх работ паводле Караткевіча налічвае некалькі дзясяткаў. Фактычна, прысутнічае ўся магчымая палітра радыёдраматургічных жанраў. Гэта і шматчасткавыя радыёспектаклі, і больш кароткія па форме радыёпастаноўкі, і інсцэніраваныя казкі, і пастановачнае чытанне асобных празаічных твораў, і кампазіцыі паводле вершаў, і нават монаспектакль, як квінтэсэнцыя творчасці аўтара. І ў нашых слухачоў ёсць магчымасць быць сведкамі гэтага багацейшага аўдыясвету, у якім жывуць і дзейнічаюць героі Караткевічавых твораў. Крытык Ала Сямёнава некалі дакладна заўважыла, што “пяро ва Уладзіміра Караткевіча было падуладнае магутнай, стваральнай – сонечнай стыхіі яго таленту...” Магчыма, адсюль варта шукаць разгадку вялікай цікавасці рэжысёраў радыё да спадчыны пісьменніка ў розныя часы. Радыёспектаклі пастаўлены паводле асноўных раманаў пісьменніка: “Каласы пад сярпом тваім”, “Нельга забыць”, “Чорны замак Альшанскі”, аповесцей: “У снягах драмае вясна”, “Ладдзя Роспачы”, шматлікіх апавяданняў і казак, па п’есах: “Млын на Сініх Вірах”, “Званы Віцебска”, “Кастусь Каліноўскі”. Запісана таксама шмат літаратурна-музычных кампазіцый паводле вершаў. Да радыйных перастварэнняў спадчыны Караткевіча звярталіся рэжысёры розных пакаленняў: Валерый Анісенка, Соф’я Гурыч, Ігар Лапцінскі, Аляксандр Вавілаў, Валянціна Кернажыцкая, Зінаіда Паўлоўская. Кожнаму з іх уласціва свая аўдыястылістыка, свой рэжысёрскі вопыт. Тут можна гаварыць пра рэжысуру мужчынскую, якая адрозніваецца большай стрыманасцю, нават суровасцю, і жаночую – прасякнутую лірычнасцю, мяккасцю, ціхім роздумам. Радыёфанічнасць спадчыны Караткевіча – у яе асаблівай архітэктоніцы, багатым філасофскім падтэксце, унутраным напружанні сюжэта, вастрыні жывой думкі, шматпланавай аўтарскай інтанацыі, бязмежнай любові пісьменніка да Радзімы. Між іншым, усе яго жанры аб’ядноўвае менавіта любоў. І яна таксама ёсць той канстантай, што прыцягвае рэжысёрскую ўвагу да слова Караткевіча. Унікальнасць яго аўдыяспадчыны яшчэ і ў тым, што яна дакладна захоўвае час. Многае з таго, што пастаўлена на Беларускім радыё, рабілася адразу пасля напісання таго ці іншага твора. А значыць ў пастаноўцы адбіліся агульныя законы не толькі тагачаснай радыёрэжысуры, але і мастацкая стылістыка эпохі. Бясспрэчна, поспех радыйных пастановачных работ па Караткевічу – у якасці яго літаратуры. А менавіта яна вызначае ўзровень радыётэатра, як унікальнага элітарнага мастацтва, выразнымі сродкамі якога ёсць тры простыя складнікі: слова, музыка, шумы. Дарэчы, гэта падкрэсліваюць і рэжысёры, і артысты, і кампазітары. Мастацкая аўдыяспадчына Уладзіміра Караткевіча дазваляе слухачу адчуць цэласнасць асобнага твора, яго аўтарскую задуму і разам з тым дапамагае стварыць свой гукасвет паводле творчасці пісьменнніка. Дзякуючы ўласнай фантазіі і вобразным гукавым асацыяцыям, зноў вярнуцца ва ўладу стыхіі слова Караткевіча, якое больш за паўстагоддзя гучыць на хвалях Беларускага радыё. Народжаны ў самую шэрую і самотную пару года – позняй восенню, паэт сказаў сваё несамотнае слова пра Беларусь, якая мроілася яму “Зямлёй пад белымі крыламі”. Вышыню яе лёсу ён пакінуў нам, каб мы “яе любілі й бераглі”.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: