
Вітаю вас, шаноўныя слухачы! Увесь гэты тыдзень для прыхільнікаў Мельпамены пройдзе пад знакам Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Менавіта з 21 па 26 лістапада ў Мінску адбываецца заключны этап ІV Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва.
Пляцоўкай для ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджванняў пераможцаў стане Купалаўскі тэатр, на сцэне якога і адкрыўся ў панядзелак конкурсны тыдзень -- чэхаўскай “Чайкай”. Так сімвалічна супала, што ў гэты дзень нарадзілася прыма Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, якому яна служыць амаль 60 гадоў.
У розных пакаленняў гледачоў – свая Захарэвіч. Я помню Марыю Георгіеўну з 70-х: Ганна Чарнушка ў “Людзях на балоце” Івана Мележа, Марыя ў “Святая святых” Іонэ Друцэ, Камісар у “Аптымістычнай трагедыі” Усевалада Вішнеўскага, Наталля Фадзееўна ў спектаклі “І змоўклі птушкі” Івана Шамякіна. Потым было шмат іншых цудоўных сустрэч ў Купалаўскім. Кожны раз яе гераіні зачароўвалі прыгажосцю і ахвярнасцю, уздымалі моцай свайго характару, нязменна сцвярджаючы жаночую годнасць. Яе хацелася бачыць і чуць, верыць праўдзівасці і цеплыні створаных ёю сцэнічных вобразаў.
Але ў Марыі Георгіеўны Захарэвіч ёсць яшчэ адно цудоўнае амплуа. У яе творчым актыве – сотні роляў, сыграных ў радыёспектаклях і пастаноўках, яна – выключны майстра мастацкага чытання ў радыёэфіры. Сапраўды, без перабольшвання, можна гаварыць пра радыётэатр Марыі Захарэвіч на Беларускім радыё, творчае супрацоўніцтва з якім доўжыцца, напэўна, столькі ж, колькі і праца артысткі ў Купалаўскім тэатры.
Радыйная біяграфія Марыі Захарэвіч – прыклад таго благаславёнага супадзення, калі асоба, час і атмасфера пошуку знаходзяцца ў адной плоскасці. Аднак жа перадусім -- асоба артысткі. Бо што такое талент? Боскі дар сто разоў памножаны на працу і яшчэ раз працу. Па словах самой Марыі Георгіеўны, “калі ты не патрацішся, нічога не атрымаецца”. І яна ніколі не шкадавала сябе. Радыйны мікрафон, самы чуйны інструмент да ўсялякага фальшу голасу і душы, толькі ўзмацняў вобразы яе гераінь, захоўваючы крохкую мяжу шчырасці і глыбіні. Гэта выдатна разумелі ўсе радыёрэжысёры і кожны запрашаў Захарэвіч да ўдзелу ў сваіх спектаклях. Але самы плённы творчы тандэм склаўся з Соф’яй Гурыч. Гэты быў той самы шчаслівы выпадак, калі артыст і рэжысёр размаўляюць на адной мове. Не ў сэнсе поўнай згоды, а найперш адчування высокай задачы сваёй працы і адпаведнай адказнасці за яе. Дарэчы, радыёспектакль “Рыбакова хата” паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа ў пастаноўцы Соф’і Гурыч, дзе ў галоўных ролях Данілы і Марыны Смык заняты народныя артысты Беларусі Валянцін Белахвосцік і Марыя Захарэвіч, атрымаў у свой час Дзяржаўную прэмію Беларусі.
А колькі выдатных твораў беларускай літаратуры прачытана ў эфір Марыяй Захарэвіч! Яе голас заўсёды чакаюць прыхільнікі паэзіі і прозы. Эмацыянальная ўзрушанасць і сардэчная глыбіня выканання робяць сапраўдныя цуды! Слова набывае іншую вагомасць, яно стварае выразны свет вобразаў і пачуццяў, якія перадаюць слухачу энергію аўтарскай думкі і вышыню духу. А яшчэ пераконваюць у якасці напісанага. Напэўна, наша агульнае захапленне выключным талентам Актрысы можна выказаць радкамі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна:
Чытае вершы Захарэвіч,
Нібы сыходзіш на зямлю.
І звечарэеш,
Захварэеш
Жаданнем выгукнуць
- Люблю!
І захварэеш невылечна
Забытай прагай чысціні.
Ад слоў душы, як небу,
Млечна.
Нанова кожны гук цані!..
З юбілеем Вас, дарагая і шаноўная Марыя Георгіеўна! Няхай Ваша радыйная сага працягваецца і далей на радасць нашым слухачам, а таксама дорыць Вам самой хвіліны творчага шчасця!