Падзяліцца:
23 Мая 2017
25 мая - Дзень памяці самага маладога класіка беларускай літаратуры - Максіма Багдановіча. Роўна стагоддзе таму ён пакінуў гэты свет, каб застацца ў ім назаўсёды сваёй спадчынай. Праўда, класічнае вызначэнне “засталася спадчына” кожны раз выклікае ўнутранае пярэчанне, калі думаеш пра пісьменнікаў, чый зямны век абарваўся заўчасна. І слова, таленавітае і глыбокае, засталося толькі ў тых радках, якія аўтар паспеў напісаць. А іх магло быць значна больш і пасля, у сталым веку, які па-іншаму адкрывае творцу. Аднак жа лёс не пытаецца, ён дае чалавеку роўна столькі, колькі наканавана. Пра нелітасцівасць лёсу ў адносінах да Багдановіча ведае кожны, каго цікавіць літаратура і гісторыя. Нарадзіўся ў Мінску, першыя пяць гадоў жыў з бацькамі ў Гародні. Пасля смерці маці жыццёвыя шляхі прывялі сям’ю Багдановічаў у Ніжні Ноўгарад і Яраслаўль. Біяграфія паэта фактычна стваралася па-за межамі Беларусі, за выключэннем хіба што некалькіх месяцаў жыцця на Бацькаўшчыне. Рана страціўшы маці, Максім усё жыццё сумаваў па ёй. Сведчаннем таму і яго творчасць: мадонна, маці становіцца для яго найвышэйшым ідэалам жанчыны. У ёй канцэнтруецца ўся пяшчота, любоў і ласка. На ўражлівай натуры Максіма не мог не адбіцца і той факт, што яго амаль не разумелі ў сямейным асяроддзі. А да ўсяго гэтага – невылечная хвароба, якая не дала ўрэшце спраўдзіцца таленту напоўніцу. Паэт, перакладчык, крытык, публіцыст – ва ўсіх гэтых іпастасях Максім Багдановіч праявіў сябе ярка, неардынарна, па-свойму. Нам застаўся яго адзіны цудоўны “Вянок”, а паэт меўся напісаць і марыў пра выданне яшчэ чатырох зборнікаў паэзіі: “Маладзік”, “Красавік”, “Шыпшына”, “Пярсцёнак”. Можна толькі здагадвацца, што б гэта былі за кнігі! У Мінску, у Траецкім прадмесці, працуе Літаратурны музей Максіма Багдановіча, дзе сабраны фонд унікальных матэрыялаў пра жыццё і творчасць паэта. Летась, да 125-годдзя з дня яго нараджэння, у музеі была адкрыта новая экспазіцыя з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, якая дазваляе наведвальніку прайсці разам з Максімам яго дарогамі. Зусім нядаўна, у Ноч музеяў, я таксама мела гэтую вялікую асалоду далучыцца да загадкі Багдановіча праз музейныя экспанаты. Яны перадаюць жывое дыханне часу і набліжаюць постаць паэта, робяць яго зямным і нават у чымсьці безабаронным. Так знікае мяжа паміж геніем і чалавекам, застаецца разуменне творчай наканаванасці асобы. Дарэчы, тут, у літаратурным доме паэта, заўсёды шмат моладзі. Ладзяцца цікавыя творчыя імпрэзы, прэзентуюцца новыя праекты, у тым ліку – і першыя кнігі маладых аўтараў. Зорка Максіма прыцягвае юныя душы, даючы спадзеў на працяг іх уласнай творчасці. На месцы дома сям’і Багдановічаў, дзе нарадзіўся Максім, у дворыку былой вуліцы Аляксандраўскай, цяпер яна носіць імя Максіма Багдановіча, усталяваны сучасны мемарыяльны знак. А насупраць, ля Вялікага тэатра оперы і балета – помнік Паэту, які, здаецца, якраз і глядзіць туды, у бок роднага дома. А яго прах застаўся ў далёкай Ялце, дзе прайшлі апошнія тры пакутныя месяцы жыцця… 25 мая, у Дзень памяці Максіма Багдановіча, Літаратурны музей класіка запрашае на ўскладанне кветак да яго помніка, у саборы святых Пятра і Паўла адбудзецца памінальная служба, а вечарам у музеі пройдзе літаратурна-музычная вечарына “Светлы след…” з удзелам Народнага тэатра “Жывое слова” і гурта “Нельга забыць”, які прапануе праграму на вершы Максіма Багдановіча. Некалі наш сучаснік Міхась Стральцоў напісаў: “Багдановіч, як ніхто, умеў “закрываць” адны тэмы і адкрываць другія. Ягоны заўсёдны лаканізм, ягоная здольнасць бачыць з’яву цалкам, у мастацкай і сацыяльнай перспектыве – вялікая заваёва нашай літаратуры і Багдановічаў запавет ёй”. Давайце будзем вучыцца расчытваць і разумець запаветы класікаў…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: