Падзяліцца:
Адлюстраванні. Сентыментальны кастрычнік. Радыёблог Галіны Шаблінскай (аудыё)
10 Кастрычніка 2016
Адлюстраванні. Сентыментальны кастрычнік. Радыёблог Галіны Шаблінскай (аудыё) Вітаю вас, шаноўныя слухачы! Кастрычнік – ці не самы прыгожы і святочны месяц, нават крыху сентыментальны. Па-першае, як у класіка, сама пара года -- “очей очарованье”, а па-другое – столькі нагод для віншаванняў: і з днём настаўніка, і з днём архівіста, і з днём маці, а яшчэ і праваслаўныя Пакровы. У мяне з дзяцінства гэты восеньскі месяц заўсёды выклікаў цёплыя пачуцці, асабліва яго пачатак. 5 кастрычніка – дзень нараджэння маёй мамы, а ў першую нядзелю месяца – яе прафесійнае свята, дзень настаўніка. Часам календарна яны супадалі, і тады адчувалася падвоеная радасць. Букеты позніх астраў, вяргінь, гладыёлусаў, якіх не паспеў схапіць першы прымаразак, стваралі асаблівую атмасферу ў нашым доме. Маміны вучні неслі іх сваёй любімай настаўніцы, як прызнанне і ўдзячнасць. Школа майго дзяцінства яшчэ трымала гэты стойкі водар шчырых праяў у чалавечых адносінах. Маму сапраўды любілі вучні і паважалі калегі. І калі яна, ветэран працы, аддаўшы школе больш за 30 гадоў, пайшла, як кажуць, на заслужаны адпачынак, яе 2-гі “А” ніяк не мог паверыць, што Еўдакія Паўлаўна больш не прыйдзе да іх на урок. Праз 9 гадоў мамінага адыходу ў вечнасць я таксама ніяк не магу змірыцца з думкай, што наша сустрэча ў зямным жыцці не адбудзецца ніколі. І агульнапрынятае, што “час лечыць”, на самой справе зусім не працуе. Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, які ўсё сваё паэтычнае жыццё не стамляўся спавядацца сваёй маме Куліне Андрэеўне, некалі напісаў: “Мамы не стала – не стала Радзімы”. Канечне, гэта непераўзыйдзеная барадулінская метафара, але ў дадзеным выпадку яна мае абсалютна рэальныя зямныя карані. Як, дарэчы, і такія яго радкі: Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль. І гэты свет Сагрэлі нам матулі… Адну са сваіх лепшых паэтычных кніг Рыгор Барадулін назваў “Евангелле ад мамы”. Другі наш сучаснік -- пісьменнік Уладзімір Караткевіч невыпадкова свайму першаму зборніку паэзіі даў назву “Матчына душа”, а галоўны твор свайго жыцця – знакаміты гістарычны раман “Каласы пад сярпом тваім” прысвяціў таксама маме – Надзеі Васільеўне. На гранітным помніку маці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы Бянігны Іванаўны, якая пахавана на Вайсковых могілках у Мінску, напісаны словы яе любімага сына Яся з верша “Мая навука”: “Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці…” Сувязь маці з сынам была такой моцнай, што неведаючы трагічных абставін яго смерці ў Маскве 28 чэрвеня 1942-га года, праз дзень, 30 чэрвеня, яе душа ў Мінску таксама выправілася ў нябёсы на сустрэчу з ім… У фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат унікальных літаратурна-музычных кампазіцый, зробленых паводле вершаў беларускіх паэтаў розных пакаленняў, прысвечаных маці. Яны гучаць, як вянкі любові і пашаны самаму блізкаму чалавеку. І гэтыя радкі даўно сталіся высокім і ўдзячным прысвячэннем усім матулям… Як, зрэшты, і асобныя радыёспектаклі. Сапраўды, ёсць помнікі матэрыяльныя і духоўныя. Першыя патрабуюць фінансавых затрат і фізічнага часу, а другія – пастаяннай працы душы, якая сталее, дзякуючы штодзённым жыццёвым пераадоленням. Маленькім і больш значным, але, напэўна, якраз энергія духоўнага руху лучыць нас з самымі блізкімі і дарагімі людзьмі, нават калі яны не побач… Кастрычнік – месяц крыху сентыментальны. І гэта добра. Яго рознакаляровая раскоша кранае любое, нават самае халоднае і раўнадушнае, сэрца. А яно, сэрца, для таго і дадзена нам Богам, каб любіць, адчуваць, пакутаваць і помніць… Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: