
За два дні да адкрыцця новага вяшчальнага сезона Першы нацыянальны канал Беларускага радыё прапануе сваім слухачам цудоўны эфірны падарунак: 29 і 30 верасня ў “Тэатры Беларускага радыё” – прэм’ера радыёспектакля “Севярын і Гражына” паводле паэмы ў прозе Уладзіміра Караткевіча “Чазенія”. Менавіта гэты твор паўстагоддзя таму зрабіў вядомым імя маладога пісьменніка ва ўсім Савецкім Саюзе. Паэма друкавалася ў перакладзе на рускую мову ў часопісе “Молодая гвардия”, а потым выйшла асобнай кнігай у Маскве. Аўтара літаральна “засыпалі” лістамі, і ён адказаў усім, надрукаваўшы ў часопісе зварот “Читателям Чозении”.
А задума твора з’явілася ў Караткевіча падчас вайсковых збораў у газеце “Боевая вахта” на Ціхаакіянскім флоце. Гэта быў жнівень-верасень 1965 года. Час, калі лета пераходзіць у восень, і Прыморскі край з Усурыйскай тайгой адкрываюцца ва ўсёй сваёй прыгажосці.
“Чазенію” называюць самым рамантычным творам Караткевіча, хаця сам ён рамантыкам сябе не лічыў і кажуць, нават злаваўся на такое вызначэнне. А яшчэ гэта паэма-аповесць на першы погляд як бы выпадае з кантэкста ўсёй спадчыны пісьменніка, які ў мастацкім слове адкрыў беларусам глыбіні беларускай гісторыі. І тым не менш, беларусацэнтрызм мы адчуваем і ў “Чазеніі” – пранізлівай гісторыі кахання Севярына і Гражыны, герояў з беларускімі каранямі, якія сустрэліся на краі зямлі – Далёкім Усходзе.
У фондах Беларускага радыё захоўваецца вельмі шмат розных пастановачных работ паводле Караткевіча. Яшчэ ў 1959-м годзе быў пастаўлены радыёспектакль па яго першай п’есе “Млын на Сініх Вірах”. Пасля ўтварыўся досыць вялікі перапынак. Ставіць актыўна Караткевіча пачалі ў канцы 70-х – пачатку 80-х гадоў. Адзін з яркіх спектакляў таго часу – “Паром на бурнай рацэ”. Дарэчы, на даэфірным праслухоўванні мастацкага савета прысутнічаў сам аўтар. Старэйшыя калегі згадвалі, што яму спадабалася работа, ён блаславіў прэм’еру. Большая частка спектакляў па творчасці Караткевіча была пастаўлена на Беларускім радыё ў 80-90-я гады мінулага стагоддзя.
І вось цяпер – “Чазенія”, перакласці якую на аўдыямову аказалася задачай не такой і простай. Бо, як вядома, чым больш дасканалы літаратурны твор, тым цяжэй пераўвасобіць яго ў іншы жанр мастацтва. Захаваць першааснову, не страціць, што называецца, пахі і колеры, мелодыку і драматызм. “Чазенія”, пры ўсёй яе гукавой поліфаніі – мора, тайга, сны галоўнага героя, – не дазваляе механічнага ўмяшальніцтва. Павінны застацца душа і той тон шчырасці, які задае гэтаму твору сам Уладзімір Караткевіч.
Аўтар інсцэніроўкі для радыё драматург і пісьменнік Пятро Васючэнка знайшоў патрэбны ход, каб перанесці дзеянне паэмы ў гукавую прастору. Дзве прыродныя стыхіі – марская і лясная – як самы чуйны барометр вызначаюць душэўны стан галоўнага героя Севярына Будрыса. Яго ролю ў радыёспектаклі выконвае артыст Аляксандр Малчанаў, які стварае праўдзівы вобраз чалавека, што праходзіць праз пакуты і нараджаецца наноў. Жыццё Будрыса набывае фарбы і сэнс дзякуючы Гражыне Арсайла, у ролі якой – дэбютантка, артыстка Купалаўскага тэатра Марта Голубева. Яе гераіня – захавальніца ўсяго жывога, лекарка прыроды. Усёй сваёй істотай Гражына разумее змучаную душу Севярына і вельмі хоча яму дапамагчы.
Аўтарская танальнасць паэмы цудоўна падхоплена Апавядальнікам – народным артыстам Беларусі Віктарам Манаевым. Яркімі атрымаліся і ролі іншых герояў: Дзянісаў – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рагаўцоў, Няпіпіва – артыст Аляксандр Вергуноў, Паўлаў – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў. Пастаноўка рэжысёра Алега Вінярскага, гукарэжысёр Валерый Бяляеў.
З той шматпланавасці тэм, якую прапануе чытачам “Чазеніі” Уладзімір Караткевіч, мы свядома выбралі для радыёспектакля менавіта гісторыю кахання Севярына і Гражыны. Як вядома, фінал літаратурнага твора адкрыты, нават можна сказаць – драматычны. Падчас працы ў студыі ў нас узнікала вечнае пытанне, а ці мае сапраўднае пачуццё шчаслівы канец? І ўсё ж, нам бы вельмі хацелася, каб Гражына вярнулася да Севярына…