Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Шлях адольвае той, хто ідзе…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
3 Студзеня 2018
«Адлюстраванні. Шлях адольвае той, хто ідзе…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Пачатак новага года як пачатак новай дарогі – незнаёмы, таямнічы, крыху насцярожвае; што спаткаеш на ім – цяжка адразу ўявіць. Але запраграміраваць сябе на добрае можна паспрабаваць. І каб спраўдзілася яно, вядома ж, трэба асабіста добра пастарацца. Бо якія вынікі атрымліваюцца з ляноты і бяздзейнасці – таксама ўсім нам зразумела. Я заўсёды з цікавасцю стаўлюся да людзей, якія здольныя на творчую рызыку. Больш таго, калі яны пасля першага, удалага ці не вельмі, кроку, не спыняюцца, а апантана працягваюць свой эксперымент. Які з часам, дарэчы, становіцца з’явай, а потым пераходзіць у шэраг такіх паняткаў, якія заўсёды з намі былі. А творчасць, дарэчы, у многім складваецца непрадказальна, бывае і насуперак рэчаіснасці, а часам – паралельна, так бы мовіць, бытаванню аўтара. І ўсё ж, жыццё не раз пацвярджала простую ісціну – шлях адольвае той, хто ідзе… Кожны новы год, акром усяго іншага, скіроўвае нас да новых літаратурных юбілеяў. А гэта цудоўная нагода не толькі правесці святочныя імпрэзы, але і самім заглыбіцца ў творчасць таго ці іншага аўтара, яшчэ раз адчуць таямніцу і асалоду мастацкага слова. Наблізіцца і да выключных пісьменніцкіх лёсаў, якія, сапраўды, у многім складваліся насуперак жыццёвым абставінам і перашкодам. Сёлета мы адзначым, напрыклад, 220-годдзе Адама Міцкевіча, самага яркага рамантыка ХІХ стагоддзя, класіка польскай літаратуры, народжанага на беларускай зямлі, творы якога ўсе прасякнуты беларускімі матывамі. Згадаем хаця б самы значны з іх – славутую паэму «Пан Тадэвуш». У лёсе Адама Міцкевіча сыйшлося ўсё тое, што вызначае вялікі талент: зямля, якую ён моцна любіў, адданая сябрына ў маладосці, якая ў гісторыі беларускай літаратуры засталася Таварыствам філаматаў і філарэтаў, нешчаслівае першае каханне, якое нарадзіла шмат геніяльных радкоў, доля выгнанніка, якому суджана было памерці на чужыне. 135-гадоў сёлета Вацлаву Ластоўскаму, што належаў да пакалення пісьменнікаў-“нашаніўцаў”, з якіх, па-сутнасці, і пачалася новая беларуская літаратура. Ён – аўтар “Кароткай гісторыі Беларусі”, “Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі”, самай загадкавай аповесці “Лабірынты”. Такі ж юбілей у маі гэтага года і ў Янкі Маўра, аўтара легендарных “Палескіх рабінзонаў”, своеасаблівай беларускай “рабінзанады”. Колькі пакаленняў чытачоў захапляліся гэтым цудоўным творам! Прыгодніцка-фантастычны жанр у літаратуры заўсёды вабіў маладых чытачоў. Дзякуючы Янку Маўру, такія кнігі з’явіліся ў Беларусі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя: “Чалавек ідзе”, “У краіне райскай птушкі”, “Сын вады” ды іншыя. Сёння мы звыкла называем пісьменніка класікам беларускай дзіцячай літаратуры, а яго творы нязменна застаюцца ў школьных хрэстаматыях. Дарэчы, на Беларускім радыё паводле “Палескіх рабінзонаў” Янкі Маўра быў пастаўлены радыёспектакль рэжысёрам Ігарам Лапцінскім у 1989-м годзе. У галоўных ролях студэнтаў-рабінзонаў Мірона і Віктара заняты бліскучы дуэт: артыст Аляксандр Уладамірскі і народны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Манаеў. 125-годдзе з дня нараджэння аднаго з яркіх заснавальнікаў беларускай прозы, гісторыка і тэарэтыка літаратуры, мовазнаўцы, аўтара першай “Гісторыі беларускай літаратуры” Максіма Гарэцкага таксама прыпадае на сёлетні год, як і цудоўнай паэтэсы Канстанцыі Буйло, першы зборнік якой “Курганная кветка” адрэдагаваў ніхто іншы, як сам Янка Купала, пра што аўтарка заўсёды згадвала з цёплынёй і вялікай удзячнасцю. “Нам ёсць што расказаць любому іншаму народу, паказаць любой літаратуры свету”, – адзначыў яшчэ ў 80-х гадах ХХ стагоддзя народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль. І гэтае яго вызначэнне ў звязку з прэм’ерай радыёспектакля “Каласы пад сярпом тваім” паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча, можна назваць ключавым у гісторыі беларускага прыгожага пісьменства. Пра што нам зноў нагадаюць сёлетнія літаратурныя юбілеі класікаў. А мы на пачатку новай дарогі ў Новым годзе, будзем таксама верыць, што ўсе нашы задумы не марныя…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: