Падзяліцца:
11 Студзеня 2017
Пачатак года заўсёды выклікае ў нас шмат асацыяцый. Адна з такіх – дарога, шлях. Яны вымяраюць жыццё канкрэтнага чалавека, цэлай краіны, а таксама вызначаюць дзеянне адносна пэўных знакавых падзей. Быць у дарозе - значыць рухацца наперад, шукаць шляхі да паляпшэння сваіх ведаў і ўдасканалення ўласнай душы, зрэшты – гэта магчымасць і для рэалізацыі дадзенага Богам таленту. Паводле выказвання французскага класіка Анатоля Франса: “Адзін дзень, праведзены мастаком ў дарозе, лепш за дзесяць, якія прайшлі дома. Столькі навакольных уражанняў застаецца для чуйнай душы!” А наш сучаснік пісьменнік Яраслаў Пархута, аўтар шматлікіх кніг эсэ пра Беларусь, ухваляў дарогі за іх незабыўныя сустрэчы: “Перш за ўсё з людзьмі, лёсы якіх гэтак розняцца..!” Дарогі, сапраўды, вызначаюць творчае і жыццёвае наканаванне пісьменніка. Дзякуючы ім, надараюцца незабыўныя падзеі, яны пашыраюць геаграфію кантактавання творцы са светам, яны гістарычна звязваюць мастака з Радзімай. Адзін з першых беларускіх вандроўнікаў - Францыск Скарына, які яшчэ ў XVI стагоддзі, ажыццявіўшы сваю галоўную місію першадрукара і асветніка, пабываў у многіх тагачасных краінах Еўропы. Яго жыццёвы і творчы шлях, як сцвярджаюць даследчыкі, быў звязаны з Вільняй і Кракавам, Познанню і Капенгагенам, Падуяй і Прагай, Вітэнбергам, Масквой, Кёнігсбергам. І з гэтай прычыны Скарыну называюць чалавекам свету. Адам Міцкевіч, класік польскай літаратуры, беларус па паходжанні, жыццё і творчасць якога звязаны з беларускай зямлёй. Жыццёвыя сцежкі будучага паэта пачыналіся на Навагрудчыне, а затым праляглі праз Вільню, Коўна, Маскву, Еўпаторыю, Бахчысарай, Пецярбург, Рым, Дрэздан, Веймар, Лазану, Парыж, Лондан, Стамбул. У лёсе Адама Міцкевіча сыйшлося ўсё тое, што вызначае вялікі талент: зямля, якую ён моцна любіў, адданая сябрына ў маладосці, якая ў гісторыі беларускай літаратуры засталася Таварыствам філаматаў і філарэтаў, нешчаслівае першае каханне, якое нарадзіла шмат геніяльных радкоў, доля выгнанніка, якому суджана было памерці на чужыне. Францішак Багушэвіч вельмі любіў сядзібу Кушляны. На гэтай зямлі ён правёў і свае апошнія гады. Так атрымалася, што зямны ўсход і захад паэта сыйшліся ў яго родавым фальварку. А паміж імі – насычанае падзеямі жыццё ў Вільні і Пецярбургу, у Доцішках і Нежыне, Чарнігаве і Валагодскай губерні, іншых мясцінах. Геаграфія шляхоў паэта досыць шырокая. І на іх у 1891 годзе ў Кракаве выходзіць першы зборнік Францішка Багушэвіча “Дудка беларуская” пад псеўданімам Мацей Бурачок. Алаіза Пашкевіч – Цётка, 140 гадоў з дня нараджэння якой адзначалася ў мінулым годзе, ўвайшла ў гісторыю беларускай літаратуры яркай знічкай, зямная дарога якой аказалася нядоўгай – усяго 40 гадоў. Рана пачаўся яе шлях у вялікі свет. Народжаная на сучаснай Гродзеншчыне, Цётка зведала розныя маршруты ў сваім жыцці. На яе лёсавых сцяжынах перакрыжаваліся Вільня і Пецярбург, Львоў і Кракаў, Закапанэ. Яна цудоўна апісала свае падарожжы ў Фінляндыю, Швецыю, Германію, Італію. Але, як справядліва адзначае крытыка, “...перажыванні яе былі найперш звязаны з лёсам таго краю, таго народа, якому напрыканцы жыцця сястра міласэрнасці і паэтка ахвяруе нават жыццё. Менавіта на грунце роздуму пра народны лёс і народны характар і фарміравалася сутнасць Цётчынай творчасці...” “У вандроўцы жыццё маё, у вандроўцы”, - услед за паэтам мог бы паўтарыць Максім Гарэцкі. І за свае ўсяго 45 зямных гадоў класік беларускай літаратуры, сапраўды, зведаў сотні самых розных дарог. Тых, што выпадалі яму па волі лёсу: жаданыя і вымушаныя, доўгія і кароткія. Іх геаграфія не абмяжоўвалася роднай Беларуссю. Падчас Першай сусветнай вайны быў на фронце, ва Ўсходняй Прусіі. Але які б клопат часу не турбаваў пісьменніка, усё ж яго галоўнай доляй было мастацкае летапісанне. Ён займаўся ім паўсюль і заўсёды: у дарозе, дома, у высылцы... Прыклады з жыцця пісьменнікаў-класікаў можна працягваць, відавочна адно - вялікі талент спраўджваецца праз вызначаны Богам лёс, які заўсёды пазначаны рознымі шляхамі-дарогамі...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: