
Трымацца ў жыцці свайго анёла надзеі часцей выпадае душы творчай. Быць у пэўнай ступені абярэгам для наступных часоў – лёс спадчыны таленавітых мастакоў слова. Праз гады і стагоддзі мы ўспрымаем іх як класікаў, і яны ўваходзяць у нацыянальную гісторыю як постаці, без якіх тая ж самая гісторыя не магла быць напісана. Ці, прынамсі, напісана інакш.
13 жніўня – дзень светлай памяці класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. За свае няпоўных 74 гады жыцця ён зрабіў вельмі шмат для беларускай нацыі. Паэт і празаік, драматург, публіцыст і перакладчык, вучоны і арганізатар айчыннай навукі, літаратурны крытык, лексікограф, педагог, нязменны віцэ-прэзідэнт беларускай Акадэміі навук з дня яе ўтварэння, актыўны грамадска-палітычны дзеяч, дэпутат Вярхоўнага савета СССР і БССР – пералік можна доўжыць яшчэ. Відавочна тое, што ў адной асобе спраўдзіўся не толькі вялікі талент, але і чалавек годнай грамадзянскай пазіцыі.
Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Сапраўды, гэтыя радкі Якуба Коласа, якімі пачынаецца паэма “Новая зямля”, становяцца для нас беларускім брэндам. І ў тым ёсць справядлівасць творчай наканаванасці і мастацкага лёсу. Зямля, якая цябе нарадзіла і дала духоўную моц у вялікім шматлюдным свеце – застаецца з табою праз гады і адлегласць. Мацуецца памяццю тых, хто ідзе шляхам спазнання сябе, сваёй веры і бацькоўскага краю.
Прафесар Міхась Мушынскі, самы аўтарытэтны коласазнаўца, у адным са сваіх артыкулаў пісаў, што Колас “усё сваё свядомае жыццё бараніў годнасць пісьменніка, годнасць літаратуры як высокага мастацтва, як увасаблення творчай энергіі народа. Як адзін са стваральнікаў беларускай літаратурнай мовы, ён шмат зрабіў дзеля яе паспяховага развіцця і ўзбагачэння”.
Сёння добра вядомы той факт, што ў дзень сваёй смерці Якуб Колас занёс у ЦК КПБ ліст, дзе выказваў сваю занепакоенасць пра крытычны стан беларускай мовы, прапаноўваў меры яе абароны. Гэты дакумент быў упершыню надрукаваны ў 1990-м годзе ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”.
Напэўна, каб лепш спазнаць загадку лёсу і творчасці народнага паэта, варта накіравацца ў гэты летні час на Стаўбцоўшчыну – радзіму Якуба Коласа. Там – яго родны кут, адтуль пачыналіся сцежкі маладога Кастуся ў вялікі свет, туды прыязджаў пісьменнік у сталым узросце – каб сустрэцца са сваім маленствам, мілымі яго сэрцу людзьмі, каб наталіцца дарагімі згадкамі, і, нарэшце, – дапамагчы сваім землякам. Чатыры мемарыяльныя сядзібы: Акінчыцы, Ласток, Альбуць, Смольня ўваходзяць у склад філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына”.
Напрыклад, у сучаснай сядзібе Альбуць можна расчытаць гісторыю славутай Коласавай “Новай зямлі”. Тут ёсць фотаздымкі прататыпаў герояў паэмы, рукапісы, выданні гэтага твора розных гадоў, тагачасныя прадметы побыту. Адчуць час і узгадаць любімага героя – дзядзьку Антося – дапаможа выстаўка “Пчалярства і рыбалоўства”, што размешчана ў адноўленым гумне. Адкрыта яшчэ адна цікавая экспазіцыя – “Прырода ў жыцці і творчасці Якуба Коласа”, дзе, дарэчы, працуе інтэрактыўная зона “Лекавыя травы ў сям’і Міцкевічаў”. Там вам прапануюць паспрабаваць гаючай гарбаты, якую, напэўна ж, пілі ў сям’і будучага класіка.
А сядзіба Ласток, дзе Міцкевічы жылі з 1885 па 1890-ы гады, захавала свой першапачатковы выгляд, пра што сведчыць і мемарыяльная дошка на хаце. У 1997-м годзе ў Ластку адкрыты два пакоі экспазіцыі паводле яшчэ адной цудоўнай паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”. У далёкім маленстве Ласток сваім дзіўным святлом і казачным хараством абудзіў творчую фантазію маленькага Кастуся. Даследчыкі нават выказваюць думку, што не было б Ластка ў біяграфіі Коласа, магчыма, не было б і “Сымона-музыкі”…
Так што не адкладайце на потым сустрэчу з роднымі Коласавымі мясцінамі. І няхай дапамогуць яны вам зазірнуць у глыбіні душы народнага пясняра і вялікага чалавека.