Падзяліцца:
3 Мая 2017
Прыемная навіна для купалазнаўцаў і прыхільнікаў творчасці народнага песняра, усіх, хто неабыякавы да беларускай культуры - акурат сёння, 3 мая, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрываецца юбілейная выстава “Беларускай песні ўладар”. Яна створана на аснове калекцыі аўтографаў першага народнага паэта Беларусі, якія захоўваюцца ў музейных фондах. Але ўпершыню, як сведчаць арганізатары, будзе прадстаўлена частка арыгінальнай рукапіснай спадчыны Янкі Купалы з фондаў Літоўскага архіва літаратуры і мастацтва. Прыкладам, аўтографы ранніх вершаў і матэрыялы з архіва газеты “Наша Ніва”. Выстава будзе працаваць да сярэдзіны чэрвеня і значыць кожны, хто пажадае на ўласныя вочы пабачыць рукапісы паэта, можа прыйсці на сустрэчу са Словам у Купалаў дом. Я помню, як некалі мяне ўразіла юбілейная выстава рукапісаў Уладзіміра Караткевіча, якая экспанавалася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Менавіта там, у аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў, захоўваецца большая частка асабістага архіва пісьменніка. Аўтографы вершаў, фрагменты празаічных твораў, шматлікія варыянты сцэнарыяў мастацкіх і дакументальных фільмаў, лісты і канечне – знакамітыя Караткевічавы малюнкі, размешчаныя паўсюль. Адчуванне такое - нібы ты трапляеш у іншы свет: terra incognita, святая святых самога аўтара. Ва ўсім гэтым – велізарная канцэнтрацыя энергіі, уласна духу творцы, а з іншага боку - яскрава прачытваецца эпоха, час, у якім жыў і працаваў пісьменнік. Пяць гадоў таму, да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, у межах праграмы ЮНЕСКА, быў выдадзены каталог “Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”, прычым у дзвюх версіях - друкаванай і электроннай. У апошняй прадстаўлена ўся рукапісная спадчына Купалы, якая ёсць у музейных фондах. І тым не менш спадзеў на знаходкі новых аўтографаў паэта ў музейшчыкаў і даследчыкаў яго творчасці застаецца. Дарэчы, на сённяшні дзень у Купалаўскім музеі захоўваецца каля 600 рукапісаў паэта. Гэта вынік каласальнай працы ўсіх пакаленняў купалаўцаў, калі ўлічыць, што дом народнага песняра ў Мінску згарэў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, гэтаксама як і яго дача ў Ляўках. Асаблівае стаўленне да рукапісаў аўтара ў даследчыкаў. Дакумент дазваляе зазірнуць у глыбіню навуковага пытання, ён мае адзнакі часу, дапамагае раскадзіраваць шлях таго ці іншага твора да друку. У ім ёсць свая прыцягальнасць і той патаёмны сэнс, які ўласна і робіць магчымым працэс даследавання. А значыць лучыць дзень сённяшні з мінулым канкрэтнай інфармацыяй, наводзіць тыя масты духоўнасці, без якіх немагчыма цывілізаванае развіццё грамадства. Думаю, што і ў звычайных людзей аўтографы выклікаюць шмат пачуццяў. Яны дазваляюць кожнаму зазірнуць у гісторыю, наўпростава адчуць сваю сувязь з тым, што адбывалася на нашай зямлі дзясяткі і нават стагоддзі таму. Каб больш яскрава адчуць гэтую аддаленасць у часе, варта прыгадаць, што старажытныя рукапісы – манускрыпты занатоўваліся яшчэ на пергаменце. Пазней з’явілася звыклая нам папера. Якраз яна і ёсць галоўным носьбітам важнай для нас інфармацыі з мінулага. Нават, калі дзеля захавання арыгінала мы цяпер пераводзім яго ў электронную копію, прыярытэт застаецца за першым. Бо толькі ён зберагае яшчэ і эмацыянальны пласт разгадкі самога аўтографа. Сёння, напэўна, у кожнай сям’і ёсць свой рукапісны архіў. Гэта можа быць усяго адзін ліст, які дайшоў з той апошняй вайны ад дзеда да бабулі, надпіс на старым фота мамінай рукой, якаясь вельмі дарагая запіска з храналогіі сямейных падзей – ды мала што яшчэ… Важна, каб гэтыя дакументальныя адзнакі не згубіліся ў часе, захавалі дух сям’і, свайго радаводу. Каб беражліва і з любоўю перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Такая простая традыцыя ўвогуле надае іншы сэнс жыццю, поўніць яго большай адказнасцю і надзеяй. Праўда, цяперашні час віртуальных стасункаў праз электронную пошту, SMS-паведамленні і гэтак далей пакідае крыху сумнеўнае пытанне, а што ж застанецца пасля нас? Зрэшты, гэта ўжо - асобная тэма для разваг і дыскусій.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: