Падзяліцца:
«Адлюстраванні.  Слова, перастворанае ў аўдыявобраз…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
5 снежня 2017
«Адлюстраванні.  Слова, перастворанае ў аўдыявобраз…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Снежань прыйшоў раптоўна і нечакана, як завяршэнне яшчэ аднаго года, і, як у класічным мастацкім сюжэце: пачатак і кульмінацыя дзеі абавязкова рыхтуюць фінал; ну а якім ён будзе – залежыць ад аўтара прыдуманага твора. Часцяком здараецца і так, што мы вельмі спадзяёмся на апошні месяц года, які дапаможа нам вырашыць тое, што не паспелі за ранейшыя адзінаццаць. І ў гэтым таксама ёсць свая логіка. Як казалі старажытныя рымляне: dum spiro, spero – пакуль жыву, спадзяюся. Але ж у апошні месяц года хочацца азірнуцца і назад, каб прайсціся шляхам здзейсненага ці паразважаць над вартасцю таго, што робіш. У нашым выпадку хацелася б успомніць класічнае мастацкае слова, якое гучыць у эфіры як аўдыявобраз. Да перастварэння літаратурнай класікі ў іншых жанрах: кіно, музыкі, тэатральных пастановак звярталіся ва ўсе часы. Бо яна ёсць своеасаблівым рухавіком мастацкай думкі, філасофскіх абагульненняў і алегарычнай выразнасці фактаў. Асобна тут можна гаварыць пра жанр радыёспектакля. Галоўным у ім было і застаецца слова. Адчуць яго моц і тое ўнутранае напружанне, якое ствараюць драматургія і вастрыня жывой аўтарскай думкі, значыць спрычыніцца да таямніцы духоўнага жыцця чалавека. Рэжысёр будуе сваю сімвалічную аўдыяпрастору, а распазнаць яе пры жаданні можа кожны слухач. “Тэатр Беларускага радыё”, які штовечар гучыць на Першым нацыянальным канале, – унікальны эфірны праект. Як мастацкая з’ява, радыётэатр сцвердзіў сябе яшчэ ў 30-х гадах ХХ стагоддзя. З таго часу яго традыцыі плённа развіваліся і ўдасканальваліся. Лепшыя творы беларускай і сусветнай класікі былі ў свой час інсцэніраваны і адаптаваны для радыёверсіі. У канцэпцыі праекта – і папаўненне мастацкага фонду новымі работамі. За апошнія гады ў нас адбылося некалькі радыёпрэм’ер. Напрыклад, “Пастка” паводле аповесці Васіля Быкава, “Магнаты і сірата. Соф’я, князёўна слуцкая” па гістарычнай драме Уладзіслава Сыракомлі, “Млечны Шлях” паводле рамана Кузьмы Чорнага, “Крыж” па п’есе Аляксея Дударава, “…І няма шляху чужога” паводле аповесці Уладзіміра Саламахі да іншыя, а таксама – радыёверсіі спектаклей Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы: “Тутэйшыя” па п’есе Я.Купалы і “Шляхціч Завальня або Беларусь у фантастычных апавяданнях” паводле кнігі Яна Баршчэўскага, радыёфільм “Пісьмы, вернутыя з небыцця…”о – да 120-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы. Гэтыя маштабныя пастановачныя праекты патрабуюць канцэнтрацыі таленту і энергіі самых розных творчых людзей. Добра ведаю, як самааддана і зладжана працуе ўся пастановачная група: рэжысёр, драматург, гукарэжысёр, артысты, рэдактар, інжынеры гуказапісу. Гэта такі агульны генератар і рухавік увасаблення пастановачнай ідэі. Сёння на радыё змяніліся тэхнічныя магчымасці гуказапісу, праведзены сучасны рамонт студый, удасканалены вытворчы працэс падрыхтоўкі спектакля да эфіру. І ўсё гэта, безумоўна, спрыяе нашай працы, якая пачынаецца з выбару п’есы і заканчваецца – для нашага слухача прэм’ерай ў радыёэфіры, а для мяне, скажам, як рэдактара, толькі тады, калі я здам пасля прэм’еры скапіраваны на лічбавы носьбіт гатовы прадукт у нашу фанатэку. А паміж гэтым – чытка п’есы з акцёрамі, запіс тэксту ў студыі, мантаж, падбор музыкі і шумоў, звядзенне тэксту з музыкай і шумамі, даэфірнае кантрольнае праслухоўванне, мастацкі савет… Такім чынам, радыёспектакль да прэм’еры можа рыхтавацца і месяц, і два – у залежнасці ад складанасці і аб’ёму эфірнай работы. Душа чалавека ў любым узросце прагне гармоніі і прыгажосці. Сапраўдная літаратура дапамагае ў гэтым. І калі не заўсёды атрымліваецца сесці і пачытаць, то хутчэй выпадае паслухаць. Радыё – вельмі дэмакратычны і зручны сродак атрымання інфармацыі, у тым ліку і праслухоўвання мастацкіх праграм. Мы даступныя на розных хвалях, нас можна знайсці ў інтэрнэце. Таямніцу радыйнай мастацкай прасторы ў многім стварае голас артыста, яго харызма. З Беларускім радыё заўсёды супрацоўнічалі і працягваюць гэта рабіць лепшыя артысты мінскіх тэатраў. Мы ім вельмі ўдзячныя. На Першым нацыянальным канале становіцца добрай традыцыяй завяршаць год прэм’ерай у “Тэатры Беларускага радыё”. І сёлетні – таксама не выключэнне. А пакуль у 4-й студыі Дома радыё як пароль да дзеяння гучыць голас рэжысёра: “Увага! Запіс!”. І дзейсніцца цуд, вынікам якога стане новы радыёспектакль. Так што, шаноўныя слухачы, сустрэнемся на прэм’еры ў эфірнай зале Беларускага радыё 22 і 23 снежня!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: