Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Слова прамоўленае і пачутае…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
3 верасня 2018
«Адлюстраванні. Слова прамоўленае і пачутае…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Душа чалавека ў любым узросце прагне гармоніі і прыгажосці, спатоліць якія дапамагае, дарэчы, сапраўдная літаратура. І калі не заўсёды атрымліваецца сесці і пачытаць, то часцей выпадае паслухаць. Радыё – вельмі дэмакратычны і зручны сродак атрымання інфармацыі, у тым ліку і праслухоўвання мастацкіх праграм. Мы даступныя на розных хвалях, нас можна знайсці ў інтэрнэце. Таямніцу радыйнай мастацкай прасторы ў многім стварае голас артыста, яго харызма. З Беларускім радыё заўсёды супрацоўнічалі і працягваюць гэта рабіць лепшыя артысты мінскіх тэатраў. Амаль паўстагоддзя таму ўлюбёнец сённяшніх чытачоў, класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч ў эсэ “Ты жывеш на гераічнай зямлі” (надрукавана ў 12-м томе новага 25-томнага Збору твораў пісьменніка) прароча абвясціў:“...Уся наша прыўкрасная зямля трымаецца не на трох сланах, а на касцях воінаў, якія складалі і спявалі дзівосныя песні, і на касцях паэтаў, што трымалі меч. І ўрэшце – сталі зямлёю, з якою і ў жыцці былі адным... А кніга? Хіба не была гераічнай кніга нашай зямлі? Слабенькая, папера так лёгка гарыць у агні, яна стагоддзямі стаяла і выстаяла супраць магутных страшных ворагаў. І ў асобе Скарыны першы нарадзіўся сярод усходніх славян гуманізм, які таксама – героіка, пакуль існуюць на зямлі моцныя мярзотнікі і сумленныя людзі, прыгнёт і зняволенне, бессаромная хлусня, падман і стойкая чалавечая праўда. Палалі друкарні, расстрэльвалі друкароў, палемістаў і прарокаў, але яны паўставалі, як фенікс, з агню і попелу. Давеку жывыя!..” У гэтых палымяных словах – і сцвярджэнне даўнасці беларускай кніжнай традыцыі, і захапленне асаблівым гартам людзей, якія сваё жыццё прысвяцілі слову. Дарэчы, паводле спадчыны самога Уладзіміра Караткевіча на Беларускім радыё створаны багаты і, я б сказала, асаблівы аўдыясвет, што дазваляе слухачу быць сведкам той самай гераічнай мінуўшчыны, якую аўтар адлюстроўвае ў сваіх лепшых творах. Можна гаварыць нават пра асобны радыётэатр пісьменніка на Беларускім радыё, рэпертуар якога налічвае амаль 40 назваў мастацкіх прац. Радыёспектаклі “Каласы пад сярпом тваім”, “Ладдзя Роспачы”, “Чорны замак Альшанскі”, “Паром на бурнай рацэ”, “Званы Віцебска”, “Кастусь Каліноўскі” ды іншыя вяртаюць нас да падзей гістарычных, дзякуючы выразным аўдыясродкам. Радыёфанічнасць спадчыны Караткевіча – у яе асаблівай архітэктоніцы, філасофскім падтэксце, напружанні сюжэта, вастрыні жывой думкі, шматпланавай аўтарскай інтанацыі, бязмежнай любові пісьменніка да Радзімы. Між іншым, усе яго жанры аб’ядноўвае менавіта любоў. І яна таксама ёсць той канстантай, што прыцягвае рэжысёрскую ўвагу да слова Караткевіча. Бясспрэчна, поспех пастановачных работ па спадчыне Караткевіча – у якасці яго літаратуры. А менавіта яна вызначае ўзровень радыётэатра, як унікальнага элітарнага мастацтва, выразнымі сродкамі якога ёсць тры простыя складнікі: слова, музыка, шумы. І ўсё ж галоўным у жанры радыёспектакля было і застаецца слова. Адчуць яго моц і тое ўнутранае напружанне, якое ствараюць драматургія і вастрыня жывой аўтарскай думкі, значыць спрычыніцца да таямніцы духоўнага жыцця чалавека. Рэжысёр будуе сваю сімвалічную аўдыяпрастору паводле канкрэтнага мастацкага твора, а расчытвае яе кожны слухач асобна. Лепшыя творы беларускай і сусветнай класікі былі ў свой час інсцэніраваны і адаптаваны для радыёверсіі. А таму з дапамогай радыётэатра вы можаце ўдасканаліць і сваю літаратурную адукацыю, і пачуць галасы майстроў беларускай тэатральнай сцэны розных пакаленняў. І, канечне, стаць удзельнікамі мастацкага радыёдзеяння праз ўласныя эмоцыі і перажыванні. Унікальнасць мастацкай аўдыяспадчыны яшчэ і ў тым, што яна дакладна захоўвае час. Многае з таго, што пастаўлена на Беларускім радыё, рабілася адразу пасля напісання таго ці іншага літаратурнага твора. А значыць ў пастаноўцы адбіліся агульныя законы не толькі тагачаснай радыёрэжысуры, але і вобразная стылістыка эпохі. Хіба не цікава павандраваць па ёй, вызначыўшы адмысловы радыёмаршрут?..
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: