Студзень распачаў сваю ўпэўненую хаду, а нам, не зважаючы на адсутнасць снегу і маразоў, хочацца яшчэ затрымаць яго навагодне-калядны настрой. Тым больш, што наперадзе і Нараджэнне Хрыстова ў праваслаўных вернікаў і агульны стары Новы год. І разам з тым пачатак студзеня для кожнага з нас – такі сімвалічны старт новых планаў, задум, вызначаных перспектыў. Чалавеку нельга без гэтага ў любым узросце. І няхай нашы планы часам вельмі розняцца, але яны рухаюць наша жыццё, не дазваляюць, паводле трапнага выразу класіка, “душы лянавацца”, і нагадваюць, што яна павінна працаваць “і дзень, і ноч…”.
Новы, 2017 год, можа аб’яднаць нас усіх агульным памкненнем да шанавання і разумення беларускіх духоўных традыцый, пра якія засведчаць сёлетнія юбілейныя даты. І перадусім, канечне, – 500-годдзе беларускага, а больш дакладна – усходнеславянскага кнігадрукавання. Менавіта наш Францыск Скарына першым з усходніх славян выдаў кнігу друкарскім спосабам і такім чынам кніжнае слова сталася даступным для ўсіх. Першая беларуская кніга выйшла, як вядома, у чэшскай Празе, 6 жніўня 1517 года, і гэта быў Псалтыр – адна з найбольш папулярных у хрысціянстве кніг Бібліі. Пасля з’явілася серыя біблейскіх выданняў, якія Скарына выдаў ў 1517-1519-м гадах. Так было запачаткавана беларускае кнігадрукаванне.
А сам Францыск Скарына ўспрымаецца сёння намі як сапраўдны волат эпохі Адраджэння, самы яркі і вядомы дзеяч беларускай культуры, патрыёт сваёй Радзімы, які ў кожнай са сваіх кніг пазначаў, што яна “выкладзена доктарам Францыскам Скарынам са слаўнага горада Полацка”. А ў прадмове да кнігі “Юдзіф” змясціў вядомае выказванне пра любоў да роднай зямлі, якое, дарэчы, перакладзена на некалькі дзясяткаў моў народаў свету. Адзін з перакладаў на сучасную беларускую мову гучыць так: “Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае, і як пчолы бароняць вуллі свае – гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць”. Было б вельмі добра, каб сёлетні юбілей беларускага кнігадрукавання паспрыяў больш глыбокаму прыватнаму зацікаўленню кожнага з нас і асобай Скарыны, і яго справай, і агульнай кніжнай традыцыяй Беларусі.
Сярод іншых культурных падзей і дат, якія вызначаюць асаблівасці новага года, хачу згадаць таксама юбілей класікаў беларускай літаратуры, народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. 135 гадоў з дня іх нараджэння будзе святкаваць сёлета наша грамадскасць, прыхільнікі творчасці песняроў. Яшчэ напачатку ХХ стагоддзя іх вуснамі на ўвесь голас загаварыла сама Беларусь. Таленавітая і прыніжаная, багатая духоўна і непрызнаная, як нацыя. Па-сутнасці, яны ўзялі на сябе цяжкую місію – спрыяць станаўленню беларускай дзяржаўнасці, стварыць беларускую літаратурную мову. І справіліся з гэтай няпростай задачай паспяхова. Без Купалы і Коласа немагчыма сёння ўявіць нашу Бацькаўшчыну. Яны – як два моцных і трывалых крылы, што годна нясуць птушку беларускай культуры і духоўнасці ў свеце.
Мы звыкла кажам, што Янка Купала і Якуб Колас – выразнікі характару беларуса, яго нацыянальнай свядомасці і глыбіні душы, яго светаразумення і светабачання. Сапраўды, так лёсава сталася, што абодва нарадзіліся ў адзін год, на Міншчыне. У адзін гістарычны час уваходзілі ў прастору айчыннага прыгожага пісьменства і сваёй спадчынай сцвердзілі беларускае мастацкае слова ў еўрапейскай літаратурнай супольнасці. Але і праз адлегласць стагоддзя іх таямніца, як сапраўдных нацыянальных геніяў, па-ранейшаму застаецца. Новыя пакаленні беларусаў далучаюцца да яе, каб расчытаць, распазнаць, захапіцца…
І сёння гэта можа зрабіць кожны. Прыйсці ў музей, узяць у рукі кнігу з творамі, наведаць радзіму класікаў. Магчымасцей шмат, разбудзіце ў сабе жаданне ісці насустрач таму сапраўднаму, што аб’ядноўвае нас...