Нельга не пагадзіцца з тым, што сакавік – месяц самых прыгожых святаў! Міжнародны жаночы дзень, Сусветны дзень паэзіі, Міжнародны дзень тэатра. Перапытаеце, што іх усіх аб’ядноўвае? – Сцвярджэнне лепшых памкненняў чалавечай душы праз мастацкі вобраз, які ніколі не састарэе. Колькі будзе жыць чалавецтва – яно будзе наталяцца светлым, высокім, сапраўдным. Праз адмаўленне бруднага, няшчырага, злоснага.
Да перастварэння літаратурнай класікі ў іншых жанрах: кіно, музыкі, тэатральных пастановак звярталіся ва ўсе часы. Бо яна ёсць своеасаблівым рухавіком мастацкай думкі, філасофскіх абагульненняў і алегарычнай выразнасці фактаў.
“Тэатр Беларускага радыё”, які штовечар гучыць на Першым нацыянальным канале, – унікальны эфірны праект, што дае магчымасць нашаму слухачу знаёміцца з гісторыяй і нацыянальнай тэатральнай культуры і літаратурнай традыцыі. Лепшыя творы беларускай і сусветнай класікі былі ў свой час інсцэніраваны і адаптаваны для радыёверсіі. А таму з дапамогай радыётэатра, вы можаце ўдасканаліць і сваю літаратурную адукацыю, і пачуць галасы майстроў беларускай тэатральнай сцэны розных пакаленняў. І, канечне, стаць удзельнікамі мастацкага радыёдзеяння праз ўласныя эмоцыі і перажыванні.
Радыётэатр, як мастацкая з’ява, на Беларускім радыё існуе з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Сёння ў нашых фондах -- сотні спектаклей і пастановак. Самыя першыя пастановачныя запісы, якія дасюль захаваліся, датуюцца пачаткам 1950-х гадоў. Напрыклад, славутая купалаўская “Паўлінка”, шэкспіраўскі “Кароль Лір”, пушкінскія “Цыганы”, “Пінская шляхта” Дуніна-Марцінкевіча, “Салавей” Змітрака Бядулі, “Рэвізор” Мікалая Гогаля, “Каварства і каханне” Фрыдрыха Шылера. Спіс можна доўжыць.
У рэпертуары “Тэатра Беларускага радыё” – шмат радыёкампазіцый спектаклей, якія з поспехам ішлі на сцэнах вядучых тэатраў краіны: Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача, абласных драматычных тэатраў.
За апошнія гады ў нас адбылося некалькі прэм’ер радыёспектаклей. Напрыклад, “Пастка” паводле аповесці Васіля Быкава, “Магнаты і сірата. Соф’я, князёўна слуцкая” па гістарычнай драме Уладзіслава Сыракомлі, “Млечны Шлях” паводле рамана Кузьмы Чорнага, “…І няма шляху чужога” паводле аповесці Уладзіміра Саламахі, “Крыж” па п’есе Аляксея Дударава да іншыя, а таксама - радыёверсіі двух спектаклей Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы: “Тутэйшыя” па п’есе Купалы і “Шляхціц Завальня або Беларусь у фантастычных апавяданнях” паводле кнігі Яна Баршчэўскага. Апошні пастановачны праект “Пісьмы, вернутыя з небыцця…” быў здзейснены на завяршэнне Года культуры, да юбілею народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы.
Галоўным у жанры радыёспектакля было і застаецца слова. Адчуць яго моц і тое ўнутранае напружанне, якое ствараюць драматургія і вастрыня жывой аўтарскай думкі, значыць спрычыніцца да таямніцы духоўнага жыцця чалавека. Рэжысёр будуе сваю сімвалічную аўдыёпрастору, а распазнаць яе пры жаданні можа кожны.
Так што, Міжнародны дзень тэатра – і наша з вамі свята, шаноўныя слухачы “Тэатра Беларускага радыё”. На яго афішы свой спектакль зможа знайсці кожны з вас. Уважліва сачыце за праграмай, каб не прапусціць сустрэчу з любімымі творамі і артыстамі. І спасцігайце навуку гэтага, яшчэ раз падкрэслю, унікальнага мастацкага радыёжанру, які будзіць фантазію і запрашае ў свет вобразнага слова і гукавых карцін…