
Яшчэ адна памятка пра беларускага песняра Янку Купалу з’явілася ў свеце. У фінскім горадзе Іматра, на беразе ракі Вуокса, ля вадаспада Іматра вы зможаце цяпер пабачыць мемарыяльны знак, на якім па-беларуску і фінску прачытаеце наступныя радкі: “Народны паэт Беларусі Янка Купала ў 1910-м годзе наведаў гэтыя мясціны і стварыў натхняльны верш “Над Іматрай”. А далей – цытата з верша:
“Свабодай сваёю і роднай Суомі
Сягнуць быццам хочуць да зор”.
Гэтая цудоўная ініцыятыва нарадзілася ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, і праз нейкі час міжнародны культурны праект па ўшанаванні першага народнага паэта Беларусі быў рэалізаваны пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Фінляндскай Рэспубліцы. Аўтар памятнага знака – скульптар Павел Вайніцкі, падчас урачыстасці верш Янкі Купалы “Над Іматрай” прагучаў на мове арыгінала і ў перакладзе на фінскую мову Тойва Тупінена.
Кароткую вандроўку ў Фінляндыю малады Купала здзейсніў летам 1910 года разам са сваімі паплечнікамі – Браніславам Эпімах-Шыпілам і Антонам Грыневічам. Маршрут падарожжа: Санкт-Пецярбург – Белавостраў – Тэрыёкі – Выбарг – Іматра.
Як вядома, Эпімах-Шыпіла прымаў актыўны ўдзел у стварэнні беларускага выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца” і студэнцкага “Беларускага навукова-літаратурнага гуртка”, ён адыграў вялікую ролю ў жыцці і творчым сталенні Янкі Купалы: адрэдагаваў і падрыхтаваў да друку яго першы зборнік “Жалейка”, склаў два машынапісныя сшыткі нявыданых твораў Купалы пецярбургскага перыяду, захаваў у сваім архіве многія недрукаваныя творы паэта. А Антон Грыневіч у 1910-м годзе заснаваў у Пецярбурзе сваё выдавецтва і выдаў зборнік Янкі Купалы “Гусляр”, а таксама паэму “Адвечная песня”.
Так утраіх яны выправіліся з Санкт-Пецярбурга, як пісаў сам Купала: “Раніцой 20 чэрвеня, запасшыся білетамі і драбніцай фінскіх грошай, селі мы ў Пецярбурзе на Фінляндскім вакзале у поезд і – бывай здарова, наднёўская сталіца! Ужо купіўшы білеты, мы ўбачылі, што едзем за граніцу, бо на білетах стаялі напісы па-фінляндску; такія ж напісы былі на вагонах і на станцыі… Форма ў служачых інакшая, як па нашых дарогах, і гукаюць яны, шапяляючы…”
Усе свае адчуванні ад той паездкі Купала выклаў ў артыкуле “З Фінляндыі”, які быў надрукаваны ў газеце “Наша Ніва” ў 29-м і 30-м нумарах за 1910 год, дарэчы, яго можна знайсці і ў 8-м томе Поўнага збору твораў народнага песняра. Вельмі грунтоўны, рознапланавы допіс, ён і сёння чытаецца з няменшай цікавасцю, як і на пачатку ХХ стагоддзя.
Вось першыя ўражанні паэта пра сам вадаспад: “Апісаць Іматру, гэту велічыню і разгон бушуючай вады, трудна. Трэба яе бачыць сваімі вачыма, каб пераканацца, як тут усясільная прырода паказала сваю моц, выкапаўшы ў каменнай гары канаву-грамадзіну і кінуўшы па ёй расшалелыя хвалі ракі Вуоксы… Глядзіш, слухаеш, і штосьці незразумела-зводнае прыкоўвае цябе да гэтай апраменнай вады. Забываешся на свет, на людзей, на жыццё, на долю, а ўсё глядзіш і слухаеш, слухаеш і глядзіш…”
Таму, відаць, і нарадзіўся пасля ў Янкі Купалы верш-балада “Над Іматрай”, дзе пачуццё і метафара праўдзіва ствараюць карціну гэтага прыроднага дзіва і разам з тым услаўляюць свабодны дух чалавека, яго разняволенасць ва ўсе часы і стагоддзі. Упершыню гэты верш надрукаваны ў “Нашай Ніве” 22 ліпеня 1910 года, а таксама ўвайшоў у трэці паэтычны зборнік Янкі Купалы “Шляхам жыцця”.
Шалее Іматра між каменных глыбаў,
За хваляю хвалю імчыць к нізіне;
Як хмар недаступных махнатыя скібы,
Адна адну схопіць, піргне…
Зірнуць, ззіхануцца, сыпнуцца на скалы,
Ўсім дантаўскім процьмам на здзіў,
І люнуць на волю, забыўшыся шалаў,
Плывуць паміж пустак і ніў.
Другія іх зменяць і пеняцца ў зломе,
Адвечністым шумам калышуць прастор;
Свабодай сваёю і роднай Суомі
Сягнуць быццам хочуць да зор…
Такіх жа высокіх зор прагне і душа самога паэта, бо створанае ім служыць народу, а значыць – уздымае позіркі іншых да светлых нябёсаў…