Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Творы класіка ў прачытанні сучаснікаў». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
20 Чэрвеня 2018
«Адлюстраванні. Творы класіка ў прачытанні сучаснікаў». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) З наступнага панядзелка ў “Тэатры Беларускага радыё” пачынаецца тэматычны тыдзень “Слухаем юбілейную класіку” – да 95-годдзя выдання паэмы “Новая зямля” і 100-годдзя першай рэдакцыі паэмы “Сымон-музыка” народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Гэта знакавыя творы класіка беларускай літаратуры, якія з’яўляюцца нацыянальнымі шэдэўрамі. “Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы!” – знакамітыя радкі Якуба Коласа, якімі пачынаецца “Новая зямля”, становяцца для нас своеасаблівым беларускім брэндам. І ў тым ёсць справядлівасць творчай наканаванасці і мастацкага лёсу. Зямля, якая цябе нарадзіла і дала духоўную моц у вялікім шматлюдным свеце – застаецца з табою праз гады і адлегласць. А ў кніг, як і ў людзей, складаюцца свае біяграфіі і надараюцца свае юбілеі, якія сведчаць пра іх запатрабаванасць кожным канкрэтным чытачом і неабходнасць для цэлай нацыі. І калі “Новая зямля” – энцыклапедыя жыцця беларусаў пачатку ХХ стагоддзя ў натуральных прыродных умовах, то “Сымон-музыка” метафарычна ўспрымаецца намі як гімн народнаму мастацтву, таленавітай беларускай душы, якая пераадолее любыя выпрабаванні на сваім шляху. Рэалістычны пачатак “Новай зямлі” і рамантычны “Сымона-музыкі” якраз і яднаюць быційнае з духоўным, што надае жыццю чалавека асаблівы сэнс, а яго самога робіць асобай цэльнай і самадастатковай. У прадмове да 20-томнага Збору твораў Якуба Коласа прафесар Міхась Мушынскі, самы аўтарытэтны коласазнаўца, падкрэсліў, што “Новая зямля” – гэта твор невычэрпнай вобразна-сэнсавай глыбіні. Галоўная кніга не толькі творчасці Якуба Коласа, але і ўсяго беларускага прыгожага пісьменства. Вечная кніга”. А рамантычная паэма “Сымон-музыка” ёсць своеасаблівы працяг паэтычнага эпасу Коласа – паэмы “Новая зямля”. Так склалася, што абодва гэтыя класічныя творы з’яўляюцца крыніцай натхнення для іншых мастакоў. Да іх звярталіся і працягваюць звяртацца кампазітары, артысты, рэжысёры, жывапісцы, графікі. Яны даюць духоўную моц многім творцам, будзяць фантазію і нараджаюць новыя цікавыя ідэі. У фондах Беларускага радыё захоўваюцца дзве пастановачныя версіі “Сымона-музыкі”. Першая была створана яшчэ пры жыцці Якуба Коласа ў 1955-м годзе і ў якой заняты народны артыст СССР Глеб Глебаў, народны артыст Беларусі Іван Шаціла, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Аляксей Бараноўскі, Валянцін Краўцоў ды іншыя майстры-купалаўцы старэйшага пакалення. А напрыканцы ХХ стагоддзя, у 1997-м годзе, пастаўлены музычны радыёспектакль рэжысёрам Уладзімірам Залатухіным, кампазітар Леанід Захлеўны. Песні на словы Якуба Коласа гучаць у выкананні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Наталлі Раманскай і народнага артыста Беларусі Якава Навуменкі. У галоўнай ролі Сымона-музыкі – артыст Аляксандр Ждановіч. Паводле паэмы “Новая зямля” ў 1976-м годзе ажыццёўлены аднайменны радыёспектакль. Аўтар інсцэніроўкі – драматург Алесь Петрашкевіч, пастаноўка рэжысёра Соф’і Гурыч. У галоўных ролях Міхала, Антося і жонкі Міхала – народныя артысты Беларусі Генадзь Гарбук, Павел Дубашынскі, Марыя Захарэвіч, ад аўтара – народны артыст СССР Віктар Тарасаў. А яшчэ ў нашых фондах захоўваецца поўны запіс паэмы “Новая зямля” 1994-га года ў мастацкім выкананні цудоўнага артыста, былога купалаўца Аляксандра Уладамірскага! Вось вам яскравы прыклад зацікаўлення сучаснікаў творамі класіка толькі ў адным жанры – радыёпастаноўка. Так што ўвесь наступны тыдзень ў “Тэатры Беларускага радыё” вы зможаце наталіцца непараўнаным словам Якуба Коласа і адмысловым выкананнем ролей вядомых артыстаў беларускай сцэны розных гадоў. У панядзелак і аўторак прагучыць музычны радыёспектакль “Сымон-музыка”, у сераду, чацвер і пятніцу слухайце радыёспектакль “Новая зямля”, а ў суботу і нядзелю – асобныя раздзелы паэмы “Новая зямля” ў выкананні Аляксандра Уладамірскага. Не забывайце сачыць за нашай праграмай і да сустрэчы на Першым нацыянальным!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: