Сёлета – 50 гадоў філіялу Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына”, які аб’ядноўвае мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Ласток, Альбуць, Смольня.
Шмат мясцін на Беларусі памятаюць Якуба Коласа. І ўсё ж самая багатая на аўру і энергетыку песняра зямля – сучасны Стаўбцоўскі раён. Там – яго родны кут, адтуль пачыналіся сцежкі маладога Кастуся ў вялікі свет, туды прыязджаў пісьменнік у сталым узросце – каб сустрэцца са сваім маленствам, мілымі яго сэрцу людзьмі, каб наталіцца дарагімі згадкамі, і, нарэшце, - дапамагчы сваім землякам.
Са старажытнай вёскі Мікалаеўшчына паходзяць бацькі Якуба Коласа – Міхал Казіміравіч Міцкевіч і Ганна Юр’еўна Лёсік. У першай палове 90-х гадоў ХІХ стагоддзя ў Мікалаеўскай пачатковай школе вучыўся і сам Кастусь Міцкевіч, а нарадзіўся хлопчык, як вядома, у Акінчыцах. Увогуле Мікалаеўшчына ўвайшла ў жыццёвую і творчую біяграфію паэта, як штосьці неаддзельнае ад яго самога. Першай прычынай таму – моцныя радаводныя сувязі, але ёсць тут яшчэ і тое, што называюць провідам лёсу. Паводле якога – застаюцца спраўджаныя мары і добрая памяць людзей....
Былая леснічоўка Ласток на Стаўбцоўшчыне – сюды Міхала Міцкевіча, бацьку будучага класіка, перавялі на пасаду лесніка з Мікалаеўскай лясной каморы вясной 1885-га года. Пяць гадоў жыцця сям’і Міцкевічаў было аддадзена гэтаму кутку беларускай зямлі. І якраз першыя ўспаміны пра навакольны свет у маленькага Кастуся звязаны з Ластком, куды ён прыехаў з бацькамі на трэцім годзе свайго жыцця, а на час пераезду ў Альбуць яму пайшоў восьмы.
“...Я не памятаю нічога пра жыццё ў Акінчыцах, бо мне тады не было году. Сваё дзяцінства я добра памятаю з таго часу, калі бацька служыў на трэцім месцы... (гэта значыць – у Ластку), - піша Колас у адной аўтабіяграфіі. А ў другой адзначае: “... Памятаваць і адрозніваць сябе ад вакольнага свету пачынаю прыблізна з 4-х гадоў...”
Альбуць – чацвёртая леснічоўка, дзе 12 гадоў жыла сям’я палясоўшчыка Міхала Міцкевіча. Тут адбылося нараджэнне Кастуся як паэта, адсюль пайшоў ён вучыцца ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Калі гаварыць пра сувязь літаратурных мясцін з мастацкімі творамі, то, бадай, самы унікальны прыклад ў гісторыі беларускай літаратуры – гэта паэма “Новая зямля” Якуба Коласа. З трыццаці раздзелаў дваццаць чатыры напоўнены якраз альбуцкай сядзібай, яе наваколлем, людзьмі і падзеямі. Бацька, маці, дзядзька Антось, браты і сёстры паэта, сяляне, леснікі, аб’ездчыкі з’яўляюцца прататыпамі герояў гэтай энцыклапедыі жыцця беларусаў канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў.
Смольнінская сядзіба сталася першым уласным прытулкам для Ганны Юр’еўны з дзецьмі і дзядзькі Антося. У Смольні, летам 1912 года, адбылася першая сустрэча Якуба Коласа з Янкам Купалам. Тут ён працаваў над паэмамі “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. Смольнінская сядзіба Міцкевічаў адлюстравана пісьменнікам у трылогіі “На ростанях”. Апошні раз народны паэт Беларусі Якуб Колас наведаў Смольню вясной 1956 года, незадоўга да свайго адыходу ў вечнае жыццё. Вось як піша пра тую паездку Максім Лужанін у кнізе “Колас расказвае пра сябе”: “Па Смольнінскай сядзібе Канстанцін Міхайлавіч хадзіў асцярожна, нібы баючыся: каб не патрывожыць уяўленняў, што ўзнікалі на кожным кроку ў дарагой сэрцу мясціне...”
Мой родны кут, як ты мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы!
Сапраўды, гэтыя радкі Якуба Коласа, якімі пачынаецца паэма “Новая зямля”, становяцца для нас беларускім брэндам. І ў тым ёсць справядлівасць творчай наканаванасці і мастацкага лёсу. Зямля, якая цябе нарадзіла і дала духоўную моц у вялікім шматлюдным свеце – застаецца з табою праз гады і адлегласць. Мацуецца памяццю тых, хто ідзе шляхам спазнання сябе, сваёй веры і бацькоўскага краю...