Падзяліцца:
24 Кастрычніка 2017
Гісторыя беларускага эфіру наўпрост звязана з лёсам многіх выбітных асоб Бацькаўшчыны - іх пастаянная прысутнасць у радыёпрасторы, дзякуючы жанрам радыйнай дакументалістыкі, а таксама фондам мастацкага вяшчання, дазваляе гаварыць пра духоўны мацярык беларушчыны, пра відавочны ўплыў слова на свайго слухача. Мастацкім радыёлетапісам беларускай гісторыі справядліва называюць спадчыну пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Усе яго творы – гэта жаданне вялікага таленту давесці свайму чытачу тыя лепшыя традыцыі, якія захаваў наш народ на працягу гістарычных стагоддзяў. Тэма любові да Бацькаўшчыны – адна з галоўных у творчасці пісьменніка. Радыё ўвогуле пашанцавала з такім багатым літаратурным матэрыялам, як спадчына Уладзіміра Караткевіча. Паводле яго твораў зроблена так шмат, што можна без перабольшання гаварыць сёння пра асобны тэатр Караткевіча на Беларускім радыё. Фактычна, прысутнічае ўся палітра радыёдраматургічных жанраў. Рэпертуар мастацкіх работ налічвае некалькі дзясяткаў. Гэта і шматчасткавыя радыёспектаклі, і больш кароткія па форме радыёпастаноўкі, і інсцэніраваныя казкі, і пастановачнае чытанне асобных празаічных твораў, і кампазіцыі паводле вершаў, і нават монаспектакль, як квінтэсэнцыя творчасці аўтара. І ў нашых слухачоў ёсць магчымасць быць сведкамі гэтага багацейшага аўдыясвету, у якім жывуць і дзейнічаюць героі Караткевічавых твораў. Але асобна можна гаварыць і пра дакументальны радыёфонд пісьменніка, што не менш цікава, дзеля разумення яго шматграннай таленавітай асобы. У 1965-м годзе ў выкананні аўтара былі запісаны раздзелы са знакамітага рамана “Каласы пад сярпом тваім”. Я нездарма падкрэсліла “ў выкананні аўтара”, бо сапраўды, гэтая магнітная стужка не толькі нагадвае нам пра цудоўную прозу Караткевіча, але і сведчыць пра яго акцёрскі талент. Бліскучая выканальніцкая імправізацыя! 1969-м годам пазначана эсэ “Ты жывеш на гераічнай зямлі”. Гэта прыклад радыёпубліцыстыкі Караткевіча, якая хутчэй звернута да маладога слухача, каб ведаў і любіў сваю Бацькаўшчыну, шанаваў памяць продкаў, працягваў лепшыя беларускія традыцыі: “...Уся наша прыўкрасная зямля трымаецца не на трох сланах, а на касцях воінаў, якія складалі і спявалі дзівосныя песні, і на касцях паэтаў, што трымалі меч. І ўрэшце – сталі зямлёю, з якою і ў жыцці былі адным... А кніга? Хіба не была гераічнай кніга нашай зямлі? Слабенькая, папера так лёгка гарыць у агні, яна стагоддзямі стаяла і выстаяла супраць магутных страшных ворагаў. І ў асобе Скарыны першы нарадзіўся сярод усходніх славян гуманізм, які таксама – героіка, пакуль існуюць на зямлі моцныя мярзотнікі і сумленныя людзі, прыгнёт і зняволенне, бессаромная хлусня, падман і стойкая чалавечая праўда...” І, нарэшце, самы характэрны для эфіру - жанр дыялогу. У радыйных фондах захавалася гутарка каментатара У. Мехава з пісьменнікам У. Караткевічам запісу 1981 года. Перад намі - вобраз сталага мастака, Майстра гістарычнай прозы, жыццёвы і творчы досвед якога цікавы слухачу любога ўзросту. Да таго ж сам жанр радыёгутаркі выклікае субяседніка на спавядальную і даверлівую інтанацыю. Адну з думак Караткевіча, выказаных у згаданай гутарцы, хочацца працытаваць: “Чалавеку трэба быць дужа выхаваным у філасофскім сэнсе, каб сачыць за водарам ідэі. Але кожны чалавек тую самую ідэю ўспрыме, калі яна будзе пададзена з абвостраным, нечаканым сюжэтам. Гэта значыць, што ідэя можа быць “горкай”. Пакрыйце яе зверху невялічкім слоем цукру. Ён растворыцца, а думка ў галаве ў чытача застанецца”. Вось такія тры, абсалютна розныя па характары і надзвычай аб’ёмныя па змесце, дакументальныя запісы з удзелам пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Па сённяшнім часе - найкаштоўны матэрыял не толькі для караткевічазнаўцаў, але і кожнага з нас, хто любіць літаратуру, шануе свой край і думае пра дзень заўтрашні… А мастацкая спадчына Уладзіміра Караткевіча – той беспамылковы шлях, які вядзе неабыякавую душу да разумення ўласнай годнасці і самадастатковасці на вялікай планеце Зямля…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: