
Калі перапытаць ў маладых чытачоў пра любімага беларускага пісьменніка, большасць з іх, а то і ўсе, назавуць імя Уладзіміра Караткевіча. Яго творы нараджаліся яшчэ на вачах старэйшага пакалення, а нам цяпер здаецца, што спадчына гэтага пісьменніка была з намі заўсёды, шмат-шмат гадоў. Пра феномен Караткевічавай папулярнасці і ўлюбёнасці беларусаў ў яго слова можна доўга разважаць, а можна прыняць як пастулат, як сцвярджэнне самога факту. Які ўзнік ад запатрабаванасці ведаць і любіць сваё, шанаваць уласную гісторыю.
А шматграннасць таленту Уладзіміра Караткевіча дазваляе гаварыць пра яго прысутнасць ва ўсіх жанрах беларускага мастацтва. Напрыклад, народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч згадваў, што дзякуючы Караткевічу прачнулася яго нацыянальная свядомасць, цікавасць да сваіх каранёў, і як мастак ён пачаў працаваць над беларускай тэмай.
Кампазітар Сяргей Картэс казаў, што яго вельмі цікавіла паглыбленне Караткевіча ў гісторыю, у старажытнасць і пісьменніцкая фантазія натхняла яго музычнае ўяўленне.
Кінарэжысёр Валерый Рубінчык, чыя стужка “Дзікае паляванне караля Стаха” атрымала шмат узнагарод Міжнародных фестывалей, ва ўспамінах пра аўтара гэтай знакавай аповесці пісаў: “Ён быў самабытным, арыгінальным чалавекам, ні на кога не падобным ні знешне, ні па сутнасці… У тыя, “нашы” часы, ён быў сімвалам чалавечай, творчай і ўвогуле мастацкай свабоды, увасабляў сабой натуральную, арганічную цягу беларускай культуры да еўрапейскіх, сусветных мастацкіх плыняў і тэндэнцый… У гэтым сэнсе яго ўплыў велізарны – і асабліва на моладзь!..”
Між іншым, самы даступны від мастацтва, кіно, увасобіў многія выдатныя творы класіка. Міхаіл Пташук экранізаваў “Чорны замак Альшанскі”, Юрый Марухін – “Маці ўрагану”, Богдан Парэмба – “Сівую легенду”. Першай мастацкай стужкай, пастаўленай па творчасці Караткевіча, было “Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка” або “Евангелле ад Іуды”, ці “Летапіс Белай Русі” кінарэжысёра Уладзіміра Бычкова. Ёсць яшчэ чацвёртая назва гэтага фільма – “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Менавіта так названы вядомы раман Уладзіміра Караткевіча, які выйшаў пазней, а пачыналася ўсё з кінасцэнарыя. І гэта – адзіны выпадак, калі праца над фільмам запачаткавала нараджэнне вялікага філасофскага празаічнага твора, а яшчэ – гэта адзіная кінастужка, у якой зняўся сам аўтар.
У фондах Беларускага радыё таксама захоўваецца вельмі шмат розных пастановачных работ паводле Караткевіча. У 1959-м годзе быў пастаўлены радыёспектакль па яго першай п’есе “Млын на Сініх Вірах”. Пасля ўтварыўся досыць вялікі перапынак. Ставіць актыўна Караткевіча пачалі ў канцы 70-х -- пачатку 80-х гадоў. Адзін з яркіх спектакляў таго часу – “Паром на бурнай рацэ”. Заўважце, на даэфірным праслухоўванні мастацкага савета прысутнічаў сам аўтар. Большая частка радыёспектакляў па творчасці Караткевіча была пастаўлена на Беларускім радыё ў 80-90-я гады мінулага стагоддзя.
І вось сёлета мы рызыкнулі паставіць “Чазенію”, перакласці якую на аўдыямову аказалася задачай не такой і простай. Бо, як вядома, чым больш дасканалы літаратурны твор, тым цяжэй пераўвасобіць яго ў іншы жанр мастацтва. “Чазенія”, пры ўсёй яе гукавой поліфаніі – мора, тайга, сны галоўнага героя – не дазваляе механічнага ўмяшальніцтва. Павінны застацца душа і той тон шчырасці, які задае гэтаму твору сам Уладзімір Караткевіч.
Трэба сказаць, аўтар інсцэніроўкі для радыё – драматург і пісьменнік Пятро Васючэнка – знайшоў адпаведны ход, каб перанесці дзеянне паэмы ў гукавую прастору. Дзве прыродныя стыхіі – марская і лясная – як самы чуйны барометр, вызначаюць душэўны стан галоўнага героя Севярына Будрыса. Яго ролю ў радыёспектаклі выконвае артыст Аляксандр Малчанаў, які стварае праўдзівы вобраз чалавека, што праходзіць праз пакуты і нараджаецца наноў. Жыццё Будрыса набывае фарбы і сэнс дзякуючы Гражыне Арсайла, у ролі якой – дэбютантка, артыстка Купалаўскага тэатра Марта Голубева. Яе гераіня – захавальніца ўсяго жывога, лекарка прыроды. Усёй сваёй істотай Гражына разумее змучаную душу Севярына і вельмі хоча яму дапамагчы. Аўтарская танальнасць паэмы цудоўна падхоплена Апавядальнікам – народным артыстам Беларусі Віктарам Манаевым. Пастаноўка рэжысёра Алега Вінярскага, гукарэжысёр Валерый Бяляеў.
Сёння, у дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча, “Тэатр Беларускага радыё” запрашае вас, шаноўныя слухачы, на сустрэчу з яго “Чазеніяй”, жыццё якой пачало свой новы адлік – у жанры мастацкага вяшчання…