
Пачатак ліпеня – час нараджэння вядомай пісьменніцы Алаізы Пашкевіч (Цёткі), прыгожай і таленавітай жанчыны, якую мы лічым класікам беларускай літаратуры, але зямная дарога якой аказалася кароткай – усяго 40 гадоў. Рана пачаўся яе шлях у вялікі свет. Народжаная на сучаснай Гродзеншчыне ў шматдзетнай шляхецкай сям’і, Цётка зведала розныя дарогі ў сваім жыцці. На яе лёсавых сцяжынах перакрыжаваліся Вільня і Пецярбург, Львоў і Кракаў. Яна цудоўна апісала свае падарожжы ў Фінляндыю, Швецыю, Германію, Італію. Але, як справядліва адзначае сучасная крытыка, “...перажыванні яе былі найперш звязаны з лёсам таго краю, таго народа, якому напрыканцы жыцця сястра міласэрнасці і паэтка ахвяруе нават жыццё. Менавіта на грунце роздуму пра народны лёс і народны характар і фарміравалася сутнасць Цётчынай творчасці, якую яна, назваўшыся беларускім музыкаю, адразу злучыла са струнамі і тонамі чуйнай скрыпкі...”
Невыпадковай была назва яе першага вершаванага зборніка “Скрыпка беларуская”. Так маладая аўтарка манефісціравала сваё ахвярнае служэнне роднаму краю праз паэтычнае слова. Але добра ведаем мы Цётку і як адну з пачынальніц беларускай прозы, таленавітага публіцыста. Грамадзянская пазіцыя аўтаркі выяўлялася ў яе змаганні за нацыянальнае адраджэнне беларускага народа.
Яе зварот да моладзі, у якой яна бачыла заўтрашні дзень Беларусі, гучаў пранікнёна, занепакоена і вельмі натуральна: “На вас – моладзі – ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову, узбагачваць свой народ знаннем і культурай. Вы здабываеце навуку для сябе, дык дзяліцеся ёю з тымі, хто для вас цяжкай працай здабывае кусок хлеба. Толькі не кідайце роднай мовы: бо сапраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі!”
Цётка была аўтарам і “Першай чытанкі для дзетак-беларусаў”, якая надрукавана выдавецкай суполкай “Загляне сонца і ў наша ваконца” ў 1906-м годзе ў Пецярбургу. Дарэчы, экземпляр гэтага рэдкага выдання можна пабачыць на выставе “Буквары народаў свету” ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якая працуе да сярэдзіны верасня.
Яркі, харызматычны вобраз самой пісьменніцы ўвасоблены ў вершах і прозе, мастацкіх работах розных аўтараў. Напрыклад, раман-дылогія “Крыж міласэрнасці”, паэмы “Суд Алаізы” і “На зломе маланкі”, прысвечаныя Алаізе Пашкевіч, напісаны нашай сучасніцай Валянцінай Коўтун. Яна ж прапанавала некалі і інцэніроўку для радыё, паводле якой пастаўлены радыёспектакль у 4-х частках “Крыж міласэрнасці”. А захапілася Валянціна Міхайлаўна гэтай тэмай, калі была студэнткай Львоўскага ўніверсітэта, у якім на пачатку ХХ стагоддзя вучылася і Цётка. І праз увесь свой жыццёвы і творчы лёс пранесла дарагі ёй вобраз паэтэсы-змагаркі і будзіцельніцы. Напэўна, трэба трапіць у адно сілавое поле, каб так разумець сваю гераіню і так аддана весці творчы дыялог. Я помню, у Валянціны Міхайлаўны была любімая фраза: “Трэба рабіць сваю работу”. Гэта значыла: не плакацца, не скардзіцца, не наракаць на побытавыя дробязі, а высока і годна спраўджваць дадзены Богам талент… Яна перажыла сваю гераіню на 25 гадоў, але не ўсё паспела здзейсніць. Засталося шмат планаў і задумак!
Што наракаць?! І так для пчолак-словаў
Мы залатымі ліпамі цвіцём,
Каб так пісаць, як жыць і быць – нанова,
І паміраць нанова ўсім жыццём…
Гэтыя словы Алаізы з драматычнай паэмы Валянціны Коўтун “Суд Алаізы” тлумачаць вышыню духу і ахвярнасць лёсу абедзьвюх пісьменніц, што засталіся яркімі знічкамі на небасхіле беларускай літаратуры. Іх слова, праўдзівае і таленавітае, лучыць мінулае з сучаснасцю, наводзіць масты духоўнай сувязі паміж рознымі пакаленнямі, падкрэсліваючы тым самым нашу моц і трываласць. Таму што на самой справе духоўныя каштоўнасці не падуладныя часу. Яны захоўваюцца праз гістарыю і адлегласць. І гэтым самым трымаюць нас, пакідаюць спадзеў на лепшае і сутнаснае.