5 чэрвеня - Дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай, першай беларускай жанчыны, якая прылічана да сонму святых, апякункі і нябеснай заступніцы Беларусі.
У далёкім ХІІ стагоддзі яна здзейсніла свой духоўны подзвіг у імя асветы народа і служэнні Госпаду. Унучка легендарнага полацкага князя Усяслава Чарадзея Прадслава насуперак волі бацькоў, таемна пастрыглася ў манашкі пад імем Еўфрасіння. Сёння можна толькі дзівіцца і захапляцца, як дванаццацігадовае дзяўчо прыняло такое мужнае рашэнне, каб адмовіцца ад усіх зямных спакус і даброт і прысвяціць сябе духоўнаму падзвіжніцтву.
За свой век яна сапраўды паспела шмат. Заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкамі асветы і культуры на Полацкіх землях. Пры першым з іх па ініцыятыве Еўфрасінні дойлідам Іаанам была збудавана белакаменная аднакупальная царква, якая дасюль з’яўляецца унікальным помнікам беларускага дойлідства ХІІ стагоддзя. Па яе просьбе ў мужчынскі манастыр з Візантыі быў прысланы абраз Маці Божай – каштоўная копія з вядомага Эфескага цудатворнага абраза, напісанага святым евангелістам Лукою. А знакаміты крыж святой Еўфрасінні Полацкай, які быў зроблены па яе заказу мясцовым майстрам-ювелірам Лазарам Богшам і які лічыцца нашай нацыянальнай святыняй! Апошнім зямным подзвігам Еўфрасінні стала яе паломніцтва ў Святую Зямлю – у Ерусалім.
Сёння імя гэтай жанчыны мы вымаўляем з гонарам і пашанай, называем яе асветніцай і міратворцам, дыпламатам і пісьменніцай, нашым духоўным сімвалам. Сваім словам і асабістым прыкладам яна адыграла выключную ролю ў выхаванні высокага духу і патрыятычных пачуццяў сярод суайчыннікаў.
Асноўнай крыніцай звестак пра Еўфрасінню Полацкую з’яўляецца яе “Жыццяпіс…”. Гэты твор агіяграфічнага жанру напісаны невядомым аўтарам у канцы ХІІ - пачатку ХІІІ стагоддзяў. Сам тэкст захаваўся ў больш позніх спісах. І было іх значна болей за сотню, што, канечне ж, сведчыць пра вялікую цікавасць да асобы і лёсу гэтай незвычайнай жанчыны.
Яе вобраз па-ранейшаму застаецца прыцягальным для многіх сучасных творцаў: пісьменнікаў і рэжысёраў, музыкаў і скульптараў, мастакоў і кінадакументалістаў. У беларускай літаратуры нямала твораў, прысвечаных Еўфрасінні Полацкай. Гэта аповесць “Прадслава” Вольгі Іпатавай, раман “Спакуса” Таісы Бондар, п’еса-фантасмагорыя “Крыж святой Еўфрасінні” Алеся Петрашкевіча, вершы Рыгора Барадуліна, Ірыны Багдановіч, Алега Бембеля, Сяргея Грахоўскага, Алега Лойкі, Васіля Зуёнка, Навума Гальпяровіча, Васіля Жуковіча, Валянціна Лукшы ды іншых паэтаў. Асобна хочацца згадаць раман-жыціе “Пакліканыя” Валянціны Коўтун, а таксама яе драму “Крыж ігуменні” і драматычны твор “Шлях палачанкі”, які названы першым беларускім нацыянальным хрысціянскім эпасам.
На Беларускім радыё ў 2009-м годзе быў пастаўлены радыёспектакль “Крыж” па аднайменнай п’есе Аляксея Дударава, якая вызначана аўтарам, як “дыялогі вякоў альбо блуканні сэрца і розуму сярод постацяў роднай спадчыны”. Святая Еўфрасіння Полацкая, нябесная заступніца Беларусі – якраз такая постаць у айчыннай гісторыі, да якой звяртаемся мы ў цяжкія хвіліны сумненняў, мацуемся яе сілай духу і маральнай велічы. Рэжысёр пастаноўкі Ліка Пташук, музыка кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча. У ролі Прадславы - заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Лясная, Богша – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Душачкін, Цівун – народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка. Прэм’ера радыёспектакля была прымеркавана да 100-годдзя вяртання мошчаў святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай на радзіму, у Полацк.
Разгадваць таямніцу часу і лёсу нашай знакамітай зямлячкі будуць і наступныя пакаленні беларусаў. І будуць прыязджаць да яе на полацкую зямлю, у Спаса-Еўфрасіньеўскі манастыр - з удзячнасцю і пашанай…