Падзяліцца:
11 красавіка 2017
Гэты тыдзень – ад Вербніцы да Вялікадня – асаблівы. Нават калі вы не лічыце сябе глыбокімі вернікамі, наўрад ці станеце адмаўляць традыцыі нашых продкаў. З імі і без таго нелітасціва абыходзіўся час, а значыць і мы не ўсё і не спаўна атрымалі ў сваім выхаванні. Тым самым збяднілі душу, якой патрэбны і пост, і малітва, і роздум, і пакаянне. Але гэта асобная тэма для разваг пра духоўную частку нашага жыцця. Літаратура і мастацтва – адны з першых складнікаў нацыянальнай спадчыны, якая не толькі ратуе нас саміх ад бездухоўнасці, але і рэпрэзентуе нашу Бацькаўшчыну ў свеце, у культурнай супольнасці. Паводле думкі аднаго з паэтаў-філосафаў, “літаратура развіваецца не лінейна, а звяртаючыся ў мінулае. Жывое шукае жывое, і новыя творцы знаходзяць пад напластаваннем дзесяцігоддзяў, а то і стагоддзяў, сваіх папярэднікаў, каб узаемадзейнічаць з імі і, працягваючы іх, расці далей. Адтуль расці. Гэтак садоўнік, ходзячы па садзе, абразае на дрэвах засохлае голле, вяртаючы заўтрашнім атожылкам жывую аснову, вяртаючы сапраўднасць.” Літаратурным садам метафарычна можна назваць тыя мясціны на Беларусі, якія звязаны з лёсам нашай літаратуры. Ім таксама неабходны гаспадарлівы садоўнік, які б даглядаў іх з належным клопатам і любоўю. Каб наша краіна захавала сваё духоўнае аблічча “для вякоў наступных”, нам трэба рупіцца пра гэта сёння. Літаратурныя музеі, сядзібы, звязаныя з лёсам таго ці іншага пісьменніка – гэта ўсё тыя духоўныя асяродкі, без якіх мы – жабракі і манкурты, мы не можам адпавядаць сучаснаму разуменню “чалавека культурнага, адукаванага паводле ўласнай традыцыі, багатай, мужнай і таленавітай”. А паўнавартасную працу па прапагандзе творчасці мастака слова складана ўявіць, калі не дагледжана яго літаратурная сядзіба. Не шукай сабе, мой братку, З ветрам Бацькаўшчыну-матку Ні на сушы, ні на моры, Ні ў шчасці, ні ў горы, Не шукай яе там, братку! Яе знойдзеш вельмі блізка, Як знаходзіць лес вятрыска, Толькі ў сэрца глянь сваё ты, І ў душу заглянь з ахвотай, Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка! Імя аўтара згаданых радкоў Янкі Купалы настолькі непарыўна звязана з лёсам беларускай зямлі, што, сапраўды, калі прамаўляеш слова Беларусь, - побач, асацыятыўна, адчуваеш і жывую прысутнасць народнага песняра. Нас не перастае вабіць і чараваць яго мастацкае слова. Але каб зразумець феномен творчасці мастака, каб спасцігнуць яго няпростыя жыццёвыя сцяжыны, варта хаця б аднойчы ступіць на іх. Прайсціся, падыхаць тым паветрам, угледзецца ў небасхіл. Мясцін, якія помняць нашага славутага Купалу, на Беларусі нямала. Але пра адну з іх з асаблівым зацікаўленнем расказваюць навукоўцы і літаратары. Таму што яна сталася творчым прытулкам, на дзіва плённым для паэта. Талент і працаздольнасць спарадзілі тут сапраўдныя шэдэўры, якія дасюль упрыгожваюць айчынную літаратуру. Гэта, як вы правільна здагадаліся, -- Акопы, Лагойшчына. Ёсць яшчэ адна бласлаўлёная кропка на літаратурнай карце Беларусі куды, як у духоўную Мекку, сыходзяцца шляхі многіх беларусаў і гасцей нашай зямлі. Асаблівая атмасфера тут для творчага люду. Пісьменнікі і мастакі, артысты і музыканты наведваюць знакамітыя ваколіцы не толькі ў святы. Але і тады, калі гэтага просіць душа. Калі проста хочацца пабыць сам-насам, дадумаць новыя ідэі, палекаваць вочы прыгажосцю родных краявідаў. Купалава Вязынка... Яна знаходзіцца ў самым цэнтры Беларусі, пад Мінскам, і цяпер належыць да тэрыторыі Маладзечанскага раёна. Якраз адсюль, з фальварка Вязынка былой Радашковіцкай воласці 135 гадоў таму і пачаўся адлік зямной і творчай хады першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. І сёлета, у юбілейны год Песняра, тут па традыцыі адбудзецца Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі”.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: