Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Аўдыямова «Чазеніі» Караткевіча». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
25 Лістапада 2019
«Адлюстраванні. Аўдыямова «Чазеніі» Караткевіча». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) 26 лістапада – дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча, 89 гадоў споўнілася б яму сёлета. Ён прыйшоў у літаратуру ў сярэдзіне ХХ стагоддзя і на ўласным лёсе зведаў усе перыпетыі той эпохі. У ХХІ-м яго заслужана называюць знакавым беларускім пісьменнікам, «улюбёным» аўтарам шматлікіх чытачоў зямлі, якая мроілася яму «пад белымі крыламі»... Уладзімір Караткевіч на пачатку свайго шляху выношваў амаль грандыёзныя планы. Цяпер даследчыкі яго творчасці часта любяць згадваць пра 104-ю папку хатняга архіва, дзе захоўваецца ліст паперы ў лінейку. Там рукою маладога аўтара пазначаны кнігі, якія ён марыў напісаць – не менш, як 78 тамоў. Сярод іх – не толькі паэзія, проза і драматургія, але і серыя «Век», і запісы фальклору, і «Малая спадарожная кніжыца», і «Гісторыя Белай Русі», і кніга, прысвечаная асаблівасцям пісьменніцкай працы, а таксама шмат чаго іншага: унікальнага і карыснага для нас, нашчадкаў. Дарэчы, на гэтым лісце ёсць сутнасная заўвага – «11 гадоў 75 дзён пры катаржнай нагрузцы». Малады пісьменнік гіпатэтычна падлічыў, колькі спатрэбіцца часу, каб выканаць свае амбітныя творчыя планы. Аднак жа, як кажуць, пан Бог і пан Лёс уносяць свае карэктывы, аддаючы належнае таленту. І нават тое, што паспеў зрабіць Уладзімір Караткевіч за адведзены яму зямны час (няпоўных 54 гады), паставіла беларускую літаратуру ў адзін шэраг з іншымі еўрапейскімі літаратурамі. А пакінутая нам спадчына дазваляе гаварыць пра аўтарскую прысутнасць ва ўсіх жанрах беларускага мастацтва: кіно, тэатры, музыцы, жывапісу, графіцы. Беларускае радыё ў гэтым кантэксце мае унікальны скарб – шмат твораў Караткевіча пераствораны ў жанрах пастановачнага вяшчання. Можна гаварыць нават пра асобны радыётэатр пісьменніка, рэпертуар якога налічвае больш за 40 назваў. Апошнім радыёспектаклем пакуль застаецца знакамітая «Чазенія», пастаўленая год таму. Дарэчы, перакласці яе на аўдыямову аказалася задачай не такой і простай. Бо, як вядома, чым больш дасканалы літаратурны твор, тым цяжэй пераўвасобіць яго ў іншы жанр мастацтва. «Чазенія», пры ўсёй яе гукавой поліфаніі – мора, тайга, сны галоўнага героя, – не дазваляе механічнага ўмяшальніцтва. Павінны застацца душа і той тон шчырасці, які зададзены аўтарам. Гэты твор называюць самым рамантычным у творчасці Караткевіча, хаця сам ён рамантыкам сябе не лічыў і, кажуць, нават злаваўся на такое вызначэнне. А яшчэ гэта паэма-аповесць на першы погляд як бы выпадае з кантэкста ўсёй спадчыны пісьменніка, які ў мастацкім слове адкрыў беларусам глыбіні сваёй гісторыі. І тым не менш беларусацэнтрызм мы адчуваем і ў «Чазеніі» – пранізлівай гісторыі кахання Севярына і Гражыны, герояў з беларускімі каранямі, якія сустрэліся на краі зямлі – Далёкім Усходзе. Аўтар інсцэніроўкі для радыё драматург Пятро Васючэнка знайшоў адпаведны ход, каб перанесці дзеянне паэмы ў гукавую прастору. Дзве прыродныя стыхіі – марская і лясная, як самы чуйны барометр, вызначаюць душэўны стан галоўнага героя Севярына Будрыса, фізіка-ядзершчыка. Яго ролю ў радыёспектаклі выконвае артыст Аляксандр Малчанаў, які стварае праўдзівы вобраз чалавека, што праходзіць праз пакуты і нараджаецца наноў. Жыццё Будрыса набывае фарбы і сэнс дзякуючы біёлагу Гражыне Арсайла, у ролі якой – артыстка Купалаўскага тэатра Марта Голубева. Яе гераіня – захавальніца ўсяго жывога, лекарка прыроды. Усёй сваёй істотай Гражына разумее змучаную душу Севярына і вельмі хоча яму дапамагчы. Аўтарская танальнасць паэмы цудоўна падхоплена Апавядальнікам – народным артыстам Беларусі Віктарам Манаевым. Рэжысёр-пастаноўшчык Алег Вінярскі, аўтар музыкі і гукарэжысёр Валерый Бяляеў. Застаецца толькі дадаць, што ў «Тэатры Беларускага радыё» тры бліжэйшыя вечары запар – 25, 26 і 27 лістапада – будзе гучаць радыёспектакль «Севярын і Гражына» паводле «Чазеніі» Уладзіміра Караткевіча. Слухайце і адкрывайце ў ім свае гісторыі адзінага кахання і бязмежнай любові да ўсяго жывога на гэтай зямлі…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: