
Прыйшоў красавік, вясна ўбіраецца ў сілу, а значыць, вельмі хутка пачнецца актыўны час незабыўных вандровак і падарожжаў. Прапаную кожнаму скласці свой адмысловы маршрут і геаграфічна звязаць з лёсам беларускай літаратуры. Як рэалізоўваўся талент пісьменніка ў звязку з перыпетыямі яго жыццёвага і творчага шляху? Як сёння захоўваюцца і аберагаюцца беларускія «Ясныя Паляны»? Кажуць, муры продкаў даюць чалавеку сілу, якая здольная пераўтварыць самыя недасяжныя мроі ў рэальнасць. Але і мастацкае слова таксама становіцца рэальнасцю, калі яно дапамагае нам пачуваць сябе годна на сваёй зямлі.
Менавіта такім пачуццём пранікаешся, калі ходзіш зямнымі сцежкамі Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Францішка Багушэвіча, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Кузьмы Чорнага, Адама Міцкевіча, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Івана Мележа, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна – спіс можна доўжыць. Беларуская зямля спрадвеку была багатая на літаратурныя таленты.
Напрыклад, мясцін, якія помняць нашага славутага Купалу, на Беларусі вельмі шмат. Самыя знакавыя з іх – Вязынка, Яхімоўшчына, Акопы, Ляўкі, сёння гэта – філіялы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, дзе вы атрымаеце шмат цікавай інфармацыі і па-іншаму адчуеце самога паэта. А потым вам захочацца абавязкова перачытаць штосьці з яго твораў. І гэтая духоўная повязь будзе яшчэ доўга трымаць вашу душу ў палоне Купалавага слова…
Мінск, Гародня, вёска Ракуцёўшчына на Маладзечаншчыне – помняць яшчэ аднаго класіка – Максіма Багдановіча, які, на жаль, вельмі мала пражыў у самой Беларусі. У Ракуцёшчыну ён прыехаў летам 1911 года з Вільні, па рэкамендацыі “нашаніўца” Антона Луцкевіча да яго роднага дзядзькі Вацлава Лычкоўскага. У гэтай старасвецкай ваколіцы Максім правёў два плённых месяцы свайго жыцця – багатых на ўражанні, прыгажосць і творчасць. Пасля літаратуразнаўцы трапна назавуць гэты перыяд “Ракуцёўскім летам” паэта. Цяпер тут працуе філіял Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Калі вас цікавіць сувязь літаратурных мясцін з мастацкімі творамі, то, бадай, самы унікальны прыклад – гэта паэма “Новая зямля” Якуба Коласа. Кіруйцеся на Стаўбцоўшчыну. Менавіта там, у Альбуці, з 1890-га па 1904-ы гады жыла сям’я Міцкевічаў. У паэме “Новая зямля” Альбуць названа Коласам Парэччам. У адным з лістоў ён падкрэсліваў: “Гэта строга аўтабіяграфічная паэма як па тых асобах, якія ў ёй апісаны, так і па тых падзеях, пра якія гаворыцца ў паэме…” У сучаснай сядзібе Альбуць пра гісторыю “Новай зямлі” можна даведацца дзякуючы літаратурна-мемарыяльнай экспазіцыі, якая і створана паводле паэмы. Для самых няўрымслівых наведвальнікаў працуе інтэрактыўная зона “Лекавыя травы ў сям’і Міцкевічаў”. Вам прапануюць гаючую гарбату, рэцэпт якой захаваўся з часоў маленства будучага класіка. Зрэшты, чакае вас там і шмат іншых цікавостак.
Музей-сядзіба Адама Міцкевіча “Завоссе” (цяпер гэта Баранавіцкі раён) скіруе вас у думках да яго славутай паэмы “Пан Тадэвуш” і вы пачнеце канструяваць той час, у якім жыў класік польскай літаратуры беларускага паходжання. Менавіта ў Завоссі Навагрудскага павета, у калядную ноч 1798 года ён нарадзіўся, тут прайшло яго дзяцінства, падлеткам прыязджаў разам з братамі на летнія вакацыі, студэнтам спяшаўся сюды, каб сустрэцца з Марыляй Верашчакай з Туганавіч, яго першым адзіным каханнем…
Францішак Багушэвіч вельмі любіў сваю сядзібу Кушляны, якая знаходзіцца на сучаснай Смаргоншчыне. На гэтай зямлі ён правёў і свае апошнія гады. Так атрымалася, што зямны ўсход і захад паэта сыйшліся ў яго родавым фальварку. А паміж імі – насычанае падзеямі жыццё ў Вільні і Пецярбургу, у Доцішках і Нежыне, Чарнігаве і Валагодскай губерніі, іншых мясцінах. У 1891 годзе ў Кракаве выходзіць яго першы зборнік беларускамоўных твораў “Дудка беларуская” пад псеўданімам Мацей Бурачок. Сёння Багушэвічавы Кушляны – дужа прыгожая мясціна і рэальная магчымасць для кожнага з нас прыйсці на сустрэчу з паэтам ХІХ стагоддзя. Магутныя дрэвы цудоўнага парка і каштанавая алея помняць свайго гаспадара, а старасвецкая хата з тых самых бярвенняў, з якіх яна будавалася пры Багушэвічу…
Ушацкі раён самай паўночнай вобласці Беларусі можа падарыць вам сустрэчу з трыма народнымі пісьменнікамі: Петрусём Броўкам, Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным. Да вытокаў іх жыцця і творчасці вяртаюць іх родныя мясціны, адпаведна – Пуцілкавічы, Бычкі і Ушачы.
Скажу вам, незабыўныя ўражанні і эмоцыі перапаўняюць душу. Так яднаюцца эпохі, а сэрцу хочацца зразумець і адчуць хаду самога жыцця, адкуль і вырастае мастацкае слова. Геаграфія якога так шчодра прапісана на беларускай зямлі, варта толькі не ленавацца яе расчытваць…