
У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адкрылася мастацка-дакументальная выстава “Я – Маці”, да 150-годдзя з дня нараджэння Марыі Апанасаўны Багдановіч, маці класіка беларускай літаратуры, геніяльнага паэта.
Тут прадстаўлены унікальныя прадметы з фондаў не толькі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, але і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Асобныя рэчы, якія належалі Марыі Апанасаўне, экспануюцца ўпершыню.
З біяграфіі Максіма нам добра вядомы той факт, што ён вельмі рана страціў маці – у пяцігадовым узросце. Марыя Апанасаўна памерла ад сухотаў восенню 1896 года і было ёй усяго 27. Яна паходзіла з роду Апанаса Іванавіча і Таццяны Восіпаўны Мякотаў, нарадзілася ў горадзе Ігумен (сучасны Чэрвень). Нягледзячы на не дужа спрыяльныя абставіны жыцця, атрымала добрую адукацыю. Скончыла Мінскае Аляксандраўскае вучылішча, вучылася ў Земскай настаўніцкай школе ў Санкт-Пецярбурзе. У 1888-м годзе абвянчалася з Адамам Ягоравічам Багдановічам, настаўнікам І-га Мінскага прыходскага вучылішча. У сям’і нарадзілася чацвёра дзяцей: трое сыноў Вадзім, Максім, Леў і дачка Ніна.
Усю сваю любоў і пяшчоту, увесь свой вольны час Марыя Апанасаўна цалкам аддавала дзецям, надаючы іх выхаванню вялікую ўвагу. Яна выхоўвала дзяцей па сістэме моднага на той час нямецкага педагога Фрыдрыха Фрэбеля, які распрацаваў сістэму дыдактычных і рухомых гульняў. З тэорыяй Фрэбеля звязана і праца самой Марыі Багдановіч “Семья в деле воспитания человека”, якая напісана ёю падчас вучобы ў Санкт-Пецярбурзе. Пра пісьменніцкія здольнасці Марыі сведчыць і надрукаванае ў газеце “Гродненские губернские ведомости” апавяданне “Накануне Рождества” ў 1893 годзе. Паводле ўспамінаў мужа, Адама Ягоравіча: “Её письма поражали и меткостью наблюдений, и живостью, и картинностью языка…” А яшчэ, на яго думку, паэтычны дар перадаўся Максіму ў спадчыну менавіта ад маці. Сын нагадваў яе і па складу свайго характару, і па сваёй уражлівасці, і моцы свайго ўяўлення.
Сярод багдановічазнаўцаў ёсць такая думка, што страта маці была для Максіма стратай Радзімы. Наўпростава так яно і атрымалася, бо потым сям’я пераязджае з Гародні ў Ніжні Ноўгарад. Рэальнае вяртанне ў Беларусь для паэта стане эпізадычным, але творчасць будзе прысвечана менавіта радзіме. Вобраз маці і самых пяшчотных дзіцячых успамінаў пра яе таксама застанецца ў яго творах, трансфармуецца ў метафары і сімвалы.
На выставе, якая працуе зараз у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, можна ўбачыць унікальныя фотаздымкі, мемарыяльныя рэчы сям’і Багдановічаў, дакументы Марыі Мякота (Багдановіч) аб вучобе ў Санкт-Пецярбургскай земскай настаўніцкай школе 1887-1888 гадоў, яе канспекты лекцый, рукапіс даследавання Марыі Апанасаўны “Семья в деле воспитания человека”, ды шмат іншых матэрыяльных знакаў таго даўняга часу, у якім засталося светлае імя прыгожай і мілай жанчыны, што падаравала жыццё паэту, з імем якога цяпер асацыіруецца сама Беларусь.
Наш сучаснік, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, які ўсё сваё паэтычнае жыццё не стамляўся спавядацца сваёй маме Куліне Андрэеўне, некалі таксама напісаў: “Мамы не стала – не стала Радзімы”. Канечне, гэта барадулінская метафара, але ў дадзеным выпадку яна мае рэальныя зямныя карані. Як, між іншым, і такія яго радкі:
Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль.
І гэты свет
Сагрэлі нам матулі…
Адну з лепшых сваіх паэтычных кніг Рыгор Барадулін назваў “Евангелле ад мамы”.
Другі наш сучаснік – пісьменнік Уладзімір Караткевіч невыпадкова свайму першаму зборніку паэзіі даў назву “Матчына душа”, а галоўны твор свайго жыцця – знакаміты гістарычны раман “Каласы пад сярпом тваім” прысвяціў таксама маме – Надзеі Васільеўне.
У фондах Беларускага радыё захоўваюцца сотні літаратурна-музычных кампазіцый, зробленых паводле вершаў беларускіх паэтаў розных пакаленняў, прысвечаных маці. Яны гучаць, як вянкі любові і пашаны самаму блізкаму чалавеку. І гэтыя радкі даўно сталіся высокім і ўдзячным прысвячэннем усім матулям…
Не пашкадуйце часу, зазірніце ў Траецкае прадмесце, дзе знаходзіцца Літаратурны музей Максіма Багдановіча, каб яшчэ раз перажыць лепшыя хвіліны еднасці часу і бясконцасці мацярынскай ласкі…