Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Геральдычная спадчына радкамі санета». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
6 Верасня 2019
«Адлюстраванні. Геральдычная спадчына радкамі санета». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Вядомае і звыклае для ўсіх нас выслоўе, што лепшы падарунак – кніга, заўсёдна набывае асаблівы сэнс падчас святочных падзей; ну а калі гэтая падзея наўпростава звязана з самой кнігай – тым больш. Дзень беларускага пісьменства, які тыдзень таму адбыўся ў старажытным Слоніме, справакаваў мяне да кніжнай тэмы ў сённяшнім «Радыёблогу». А ў якасці такога падарунку я б хацела прэзентаваць новае выданне выдавецтва «Беларуская навука», якое мае назву «О, Беларусь, ты – гербная дзяржава!» Геральдычныя санеты. Аўтар – вядомы паэт Ізяслаў Катляроў, пераклад з рускай мовы Соф’і Шах. Выданне, сапраўды, падарункавае. Цудоўна аформленае, на мелаванай паперы. Яго прыемна ўзяць у рукі і адразу заглыбіцца менавіта ў далёкія стагоддзі беларускай гісторыі, якая пададзена паэтычнай метафарай у строгім жанры санета і будзіць ўласную фантазію чытача. І пры тым запрашае паразважаць пра адзін з сімвалаў незалежнасці – герб. Помню, у 90-я гады вялікі попыт мелі сувенірныя вырабы гербаў старажытных беларускіх гарадоў і мястэчак, якія толькі пачалі з’яўляцца. Знайсці іх у продажы часцей можна было на выставах, народных святах. Яны выклікалі цікавасць сваёй натуральнасцю, далучанасцю да тых даўніх часоў, калі набывалася Магдэбурскае права. А яшчэ ў гэтым быў знак гонару за нашых продкаў. У мяне нават сабралася адмысловая калекцыя такіх гліняных цудаў. Тады ж я вяла радыёпраграму «Дыялог над разгорнутай кнігай» і мне пашчасціла пазнаёміцца з вядомым даследчыкам-геральдыстам Анатолем Цітовым, аўтарам унікальных выданняў па гісторыі беларускай геральдыкі, які шмат цікавага расказваў нашым слухачам. І вось цяпер – іншы ракурс у прачытанні і разуменні гэтай важнай тэмы, якую паэт Ізяслаў Катляроў тлумачыць мовай санета. Перш-наперш, як на маю думку, ёсць у гэтым пэўная рызыка, але аўтар адважыўся на яе, і правільна зрабіў. З гісторыі беларускай літаратуры мы ведаем, што яшчэ ў ХV-ХVІІ стагоддзях пісаліся геральдычныя вершаваныя творы, так званыя эпіграмы на герб, прычым не толькі шляхты, але і беларускіх местаў, і на дзяржаўны герб Вялікага Княства Літоўскага. У новым выданні «О, Беларусь, ты – гербная дзяржава!» сучаснаму чытачу прапануецца вершаваная панарама беларускай геральдычнай спадчыны, якая фактычна ўслаўляе ўсе гарады, мястэчкі і вёскі нашай краіны, што некалі валодалі Магдэбурскім правам і адпаведна маюць уласны герб. Кампазіцыйна кніга складзена з улікам шасці абласцей Беларусі і ўступнай абагульняючай часткі, у якой аўтар пацвярджае свой намер разгледзець і прачытаць кожны герб: Позволь твоею силою, сонет, гербы и всю геральдику осмыслить, дай звукоритмам символы возвысить за тысячу живущих ими лет. Где таинство – там будничный секрет. хочу его, разгадывая, видеть, но страшно чем-то истину обидеть, в которой исторический сюжет… Складаную задачу ставіць перад сабой паэт, але тым самым дае магчымасць чытачу яшчэ раз дакрануцца да нашай багатай гісторыі праз слова-вобраз. Цяжка патлумачыць у 14-ці санетных радках сутнасць таго ці іншага герба, яго сімвалічную выяву. І тым не менш – гэта і ёсць актыўная спроба аўтара знайсці патрэбны сюжэт, канкрэтныя факты, падзеі, гістарычных асоб, якія раскажуць пра сябе ярка і пераканаўча. Бо сама паэтычная форма спрыяе гэтаму. Чытаеш герб як мастацкі твор і атрымліваеш асалоду. Кніга дзвюхмоўная, на адной старонцы пададзены два варыянты санета, што, дарэчы, зручна для чытання. Ёсць малюнкі саміх гербаў. Адным словам, новае выданне «О, Беларусь, ты – гербная дзяржава!» годна прадстаўляе нашу геральдычную спадчыну і можа быць цудоўным падарункам для кожнага беларуса.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: