Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Іншая мастацкая рэальнасць». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
7 кастрычніка 2019
«Адлюстраванні. Іншая мастацкая рэальнасць». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) У новым вяшчальным сезоне «Тэатр Беларускага радыё» адчыняе сваю эфірную залу кожны вечар, у 22 гадзіны 5 хвілін. І, я думаю, што прыхільнікаў гэтага ўнікальнага мастацтва не паменшае. Таму што радыёспектакль быў і застаецца элітарным жанрам, галоўнае ў якім – слова. Адчуць яго моц і тое ўнутранае напружанне, якое ствараюць драматургія і вастрыня жывой аўтарскай думкі, значыць спрычыніцца да таямніцы духоўнага жыцця чалавека. Хачу нагадаць, што радыётэатр, як мастацкая з’ява, на Беларускім радыё існуе з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Адлюстраванне літаратурнага слова ў жанры радыёспектакля – гэта асобны кантынент беларускай тэатральнай культуры. Колькі выдатных акцёраў прайшлі школу мастацкага радыёвяшчання і маюць сваю вельмі яркую радыйную біяграфію! Іх непаўторныя галасы засталіся ў шматлікіх радыёспектаклях, а вобразы, створаныя імі, дамалюе фантазія кожнага слухача. Унікальнасць мастацкай аўдыяспадчыны яшчэ і ў тым, што яна дакладна захоўвае час. Многае з таго, што пастаўлена на Беларускім радыё, рабілася адразу пасля з’яўлення таго ці іншага твора. А значыць ў пастаноўцы адбіліся агульныя законы не толькі тагачаснай радыёрэжысуры, але і вобразная стылістыка эпохі. Хіба не цікава павандраваць па ёй, вызначыўшы адмысловы радыёмаршрут? У рэпертуары «Тэатра Беларускага радыё» – таксама шмат радыёверсій спектаклей, якія з поспехам ішлі на сцэнах вядучых тэатраў краіны ў розныя гады: Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача, абласных драматычных тэатраў. Шмат цікавых прэм’ер адбылося ў «Тэатры Беларускага радыё» за апошні час. Напрыклад, радыёспектаклі «Магнаты і сірата. Соф’я, князёўна слуцкая» па гістарычнай драме Уладзіслава Сыракомлі, «Млечны Шлях» паводле рамана Кузьмы Чорнага, «Крыж» па п’есе Аляксея Дударава, «Севярын і Гражына» паводле паэмы-аповесці Уладзіміра Караткевіча «Чазенія», «Воўчая зграя» паводле аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ды іншыя. Дарэчы, пастановачны праект «Воўчая зграя» быў здзейснены да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 95-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава і меў шырокі розгалас. Прэм’ера адбылася на пачатку ліпеня, а мы па-ранейшаму атрымліваем водгукі нашых слухачоў. Апошні з іх прыйшоў нядаўна ад Марыны Іванаўны Арочка з Мінска. Дазволю сабе працытаваць некалькі радкоў: «Я яшчэ і зараз знаходжуся пад вялікім уражаннем ад радыёспектакля «Воўчая зграя». Думаю, усе, хто слухаў яго, засталіся вам удзячны за тое, што вы дакрануліся да Вялікай прозы Вялікага пісьменніка Васіля Быкава. Праз выдатнае выкананне артыстамі роляў герояў аповесці яшчэ больш абвострана ўспрымаеш усю трагедыю вайны, якую прыйшлося перажыць беларускаму народу… Здорава раскрыта галоўная ідэя твора. Жыццё перамагае!.. Цудоўны атрымаўся радыёспектакль!..» Дзякуй Вам, шаноўная Марына Іванаўна, за гэтыя шчырыя словы. Нам важна іх пачуць. Вопыт маёй працы ў пастановачным вяшчанні кожны раз пацвярджае адну простую, але надзвычай важную, ісціну: вынік радыёспектакля залежыць ад усёй творчай каманды. У радыйнай студыі нараджаецца іншая мастацкая рэальнасць, імя якой радыёспектакль. Ён магнетычна злучае акцёрскі талент і душу слухача праз слова, музыку, шумавыя эфекты. І стварае адзіны і непаўторны аўдыясвет, які можа быць прачытаны і разгаданы кожным, нават праз гады і дзесяцігоддзі. Сцвярджэнне лепшых памкненняў чалавечай душы праз мастацкі вобраз ніколі не састарэе. Колькі будзе жыць чалавецтва – яно будзе наталяцца светлым, высокім, сапраўдным. Праз адмаўленне бруднага, няшчырага, злоснага. Што, дарэчы, і засведчыў за доўгі час свайго існавання тэатр Беларускага радыё. Не забывайце сачыць за нашай праграмай, каб не прапусціць сустрэчу з любімымі творамі і артыстамі. І спасцігайце навуку гэтага, яшчэ раз падкрэслю, унікальнага мастацкага радыёжанру, які будзіць фантазію і запрашае ў свет вобразнага слова і гукавых карцін – кожны вечар, на Першым нацыянальным, у 22 гадзіны 5 хвілін!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: