
Заўтра, 21 сакавіка, – Сусветны дзень паэзіі. Такое рашэнне было прынята 20 гадоў таму на трынаццатай сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА. Яго мэта – падтрымаць моўную разнастайнасць народаў праз магчымасці паэтычнага слова. Акрамя таго, гэты дзень мусіць садзейнічаць развіццю паэзіі, яе дыялогу з іншымі відамі мастацтва, а таксама вяртанню да традыцыі паэтычных чытанняў.
Зрэшты, у нас, беларусаў, ёсць свой сантымент да гэтага дня. Таму што якраз 21 сакавіка нарадзіўся класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч, адвакат і паэт у адной асобе. Гэта ён яшчэ ў далёкім 1891-м годзе перасцярог нас сваім, сёння ўжо класічным, запаветам: «Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам... Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы…» Цытата з вядомай прадмовы Багушэвіча да яго першага паэтычнага зборніка «Дудка беларуская».
«Верш значны не гукам, які чуваць, пакуль верш чытаецца, а сваім рэхам, якое ён утварае, калі адгучыць», – сцвярджае наш сучаснік, вядомы паэт Алесь Разанаў. І ў гэтых словах ёсць вялікая праўда. Бо тое, што прамоўлена аўтарам, калі яно глыбіннае і сапраўднае, абавязкова застаецца з намі менавіта «сваім рэхам» сугучнасці, дзеяння, прыпаміну. Душа ўздымаецца над побытавым і штодзённым і хоча засяродзіцца на чымсьці надзвычай важным, калі нараджаюцца хвіліны гармоніі і суладдзя з жыццём...
Спакойнага шчасця не зычу нікому.
Навошта грымотам маланка без грому,
Навошта ручай без пякучае смагі,
Халодная ўвага, не вартая ўвагі,
Жаданні, што прагныя крылы згарнулі,
Зязюля без лесу і лес без зязюлі? (Аркадзь Куляшоў)
Напэўна, сваю паэтычную споведзь «цэламу свету» свядома ці не прапануюць паэты розных пакаленняў. І таму нам так лёгка бывае вандраваць па краіне вобразаў і метафар аўтара, які, скажам, жыў стагоддзе таму, а можа нават і болей. Тут галоўнае, каб супадаў не гістарычны час, а душы прамаўлялі на адной, зразумелай чытачу і паэту, ноце… Колькі творцаў – столькі метафарычных бачанняў гэтага свету, можна сказаць, асобных краін з непаўторнымі вобразамі і адчуваннямі часу. Падарожнічаць па такіх, змадэляваных паэтычным талентам, маршрутах заўсёды цікава і захапляюча. Бо часам, нават самыя звыклыя і зразумелыя табе рэчы адкрываюцца зусім па-іншаму, нешта «паварочваюць» у тваёй свядомасці, тваёй душы.
З сабою Беларусь насіў па белым свеце,
Дзе толькі я ступаў,
Там і яна была.
Нашчадак крывічоў,
Я меў адно на мэце –
Як кужаль, адбяліць і слова дабяла. (Рыгор Барадулін)
Калі вы перапытаеце ў аўтара таго ці іншага паэтычнага твора, што было першасным для яго – прыдумаць ці пражыць – вам, вядома, адкажуць па-рознаму. І нават пры ўмове, што вы пачуеце думку, сходную з вашай, усё роўна застанецца адчуванне чагосьці не да канца разгаданага. Будучы, па трапным выразе паэта, «выдумкай галавы», яно, слова, здольнае разварушыць нашу душу. А тым самым адкрыць багатую краіну, у якой шчодра прапісаны святло і туга, высакародства і пустэча.
Дзівосны свет вобразаў і пачуццяў па-свойму выяўляецца ў творчасці розных аўтараў. Аўтарская канцэпцыя, калі хочаце, захоўваецца нават у так званых перакладных творах. Таму што мова, па-сутнасці, толькі сродак, праз які выказваюцца ўсе праявы чалавечага жыцця.
Няма на зямлі таго шчасця і гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такіх нетраў, глыбокага мора
І гор, праз якія б ты не правяла
Мяне на радзіму… (Максім Танк)
У беларускай паэзіі можна знайсці шмат твораў, якія прысвечаны роднай зямлі. Класікі і сучасныя аўтары звярталіся і звяртаюцца да гэтай вечнай святой тэмы, інтэрпрэтуючы яе па-свойму. Іх мастацкія споведзі часам нагадваюць вершаваныя дзённікі, якія фіксуюць гістарычны час і раскрываюць сутнасць чалавечай душы. Праз цяжкасці і перашкоды, вайну і насілле паэт сцвярджае сваю годнасць на роднай зямлі і абараняе яе праз усё жыццё…
Кут мой забыты, безабаронна
Зорыш пагаслых крыніц вачыма.
Некаму ты –
Ачужэлая зона,
Сэрцу майму ты да скону –
Радзіма! (Мікола Мятліцкі)
Паэтычнае слова, як выказнік думак і адчуванняў чалавечай душы, заўсёдна новае, і шлях яго для творцы кожны раз пачынаецца з нулявой адзнакі, з чыстага ліста. Эмацыянальная шкала лірычнага героя настройвае на свой спавядальны лад, а болевы парог, мне думаецца, у многім вызначае сутнасць мастака. З гэтым адчуваннем паэт ідзе па зямлі і шмат што ў яго творчасці якраз і вымяраецца наяўнасцю гэтага складніка. Які заўважыць і ацэніць чытач…
Са святам нас усіх – Сусветным днём паэзіі!