
75 гадоў таму, акурат гэтымі майскімі днямі, быў падпісаны гістарычны дакумент, дзякуючы якому сёння мінчане і госці беларускай сталіцы могуць прыйсці на сустрэчу з Янкам Купалам у яго Дом. Сапраўды, Пастанову аб стварэнні музея першага народнага паэта Беларусі ўрад прыняў 25 мая 1944 года яшчэ ў Гомелі, бо да вызвалення Мінска заставалася 40 дзён.
З гэтага ўнікальнага музейнага экспаната і пачынаецца юбілейная выстава ў Купалаўскім, якая была адкрыта ў Міжнародны дзень музеяў. Арганізатары знайшлі цікавае канцэптуальнае рашэнне – яны прапануюць наведвальнікам роўна 75 прадметаў з фондаў музея, некаторыя з якіх для шырокай аўдыторыі дэмаструюцца ўпершыню. А ўвогуле ў музейны зборах цяпер налічваецца больш за 40 тысяч экспанатаў, якія з’яўляюцца сведкамі жыццёвага і творчага лёсу Янкі Купалы, гавораць пра запатрабаванасць яго спадчыны ў сучасным свеце.
Нельга без эмоцый чытаць дакументы-памяткі першых гадоў жыцця музея, у ліку якіх, напрыклад, – акт стратаў Купалавага дома падчас яго бамбардзіроўкі 24-25 чэрвеня 1941 года, ад якога засталося толькі папялішча, або разглядаць некаторыя асабістыя рэчы паэта, якія сведчаць пра яго апошнія зямныя дні, ці кнігі Янкі Купалы з таго самага нумара 414 гасцініцы «Масква», адкуль Паэт пойдзе ў небыццё…
Так, адзін з найстарэйшых літаратурных музеяў нашай краіны – Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы сёлета адзначае свой юбілей – 75-годдзе. І гэта добрая нагода задумацца над тым, як рупнасцю людзей многіх пакаленняў ствараецца Памяць, так бы мовіць, матэрыяльная і духоўная. Мы добра ведаем, што першым дырэктарам Купалаўскага музея была Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, жонка паэта, педагог, заслужаны дзеяч культуры Беларусі. Гэтая жанчына сваім жыццём сцвердзіла адданасць каханаму чалавеку і апантанасць справе ўшанавання памяці народнага песняра. Яе ахвярнасць Лёсу вялікага паэта здзіўляе, захапляе і выклікае глыбокую пашану. Нястомная збіральніца і захавальніца яго спадчыны, Уладзіслава Францаўна стала пачынальніцай добрых традыцый, якія падтрымлівае і развівае музей ужо на працягу 75-ці гадоў свайго існавання.
І ў гэтым часта пераконваемся мы, журналісты. У сценах Купалавага дома ладзяцца цікавыя мастацкія імпрэзы, навуковыя канферэнцыі, кніжныя прэзентацыі і выставы. У ім сустракаюцца самыя аўтарытэтныя знаўцы творчасці класіка беларускай літаратуры і творчая моладзь. У музеі створана адна з лепшых сучасных экспазіцый з метафарычнай назвай “Шляхі”. Тут любяць эксперыментаваць, здзіўляць, адкрываць, не баяцца быць носьбітамі самых нечаканых крэатыўных ідэй. Тут, насамрэч, жыве слова і дух Янкі Купалы.
Не магу не згадаць яшчэ пра адну цудоўную жанчыну, жыццё якой моцна звязана з Купалаўскім музеем і, дзякуючы якой, шмат было зроблена дзеля яго сённяшняга дня. Гэта Жана Казіміраўна Дапкюнас, якая доўгі час працавала дырэктарам музея, унучатая пляменніца народнага паэта. Абаяльная, энергічная, патрабавальная да сябе і калег – яна, як кажуць, усёй душой хварэла музейнай справай. І пры гэтым заўсёды адчувалася яе асаблівая цеплыня да Янкі Купалы, найберажлівае стаўленне да яго спадчыны.
Юбілейная выстава ў Купалаўскім музеі будзе працаваць месяц. Яго гісторыя прадстаўлена тут самымі рознымі экспанатамі, сярод якіх і архітэктурныя праекты будынка музея, дадзеныя партнёрам праекта – Беларускім дзяржаўным архівам навукова-тэхнічнай дакументацыі. Увогуле, трэба сказаць, экспанаванне музейных фондаў заўсёды выклікае самыя нечаканыя ўражанні для кожнага наведвальніка. Ну а калі вам захочацца пакінуць матэрыяльную памятку ад гэтай музейнай сустрэчы – зрабіце фотаздымак ля знакамітай Купалавай таполі, якая шмат гадоў была ахоўніцай і сімвалам дома Песняра. І стала таксама часткай нашай агульнай гісторыі…