Падзяліцца:
“Адлюстраванні”. “Купалаў дом”. Радыёблог Галіны Шаблінскай
17 верасня 2019
“Адлюстраванні”. “Купалаў дом”. Радыёблог Галіны Шаблінскай Літаральна ў мінулыя выхадныя Мінск адзначыў сваю чарговую дату з дня нараджэння, якая паступова вядзе нас да прыгожага юбілею беларускай сталіцы – 1000-годдзя. Праўда, тое адбудзецца яшчэ не вельмі хутка і за гэты час, напэўна, шмат што зменіцца ў нашым горадзе. І ўсё ж, як ва ўсякім старажытным месцы з багатай і яркай гісторыяй застаюцца кропкі, куды заўсёды будуць прыходзіць новыя пакаленні розных людзей. Адна з іх -- парк у цэнтры Мінска, на беразе Свіслачы, што носіць імя першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. А ў ім – музей Песняра, які многія з любоўю называюць Купалаў дом. Сёлета Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы спаўняецца 75 гадоў. Пастанову аб яго стварэнні беларускі ўрад прыняў 25 мая 1944 года, а 20 верасня 45-га ён быў адкрыты для наведвальнікаў. Адзін з найстарэйшых музеяў Беларусі, сёння -- гэта надзвычай сучасная ўстанова. Тут створана новая (трэцяя па ліку) экспазіцыя “Шляхі”, якая прадстаўляе Янку Купалу як генія нацыянальнай літаратуры, што паўплываў на станаўленне беларускай дзяржаўнасці, а яго творчы лёс прачытваецца ў сусветным кантэксце. Выкарыстанне IT-тэхналогій пашырае інфармацыйныя магчымасці экспазіцыі, спрыяе стварэнню атмасферы месца і часу, набліжае постаць Паэта да нас, жыхароў ХХІ стагоддзя. У музейных зборах налічваецца больш за 40 тысяч экспанатаў, якія рупліва пачынала збіраць некалі Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, першы дырэктар Купалаўскага музея, жонка паэта, педагог, заслужаны дзеяч культуры Беларусі. Гэтая жанчына сваім жыццём сцвердзіла адданасць каханаму чалавеку і апантанасць справе ўшанавання памяці народнага песняра. Яе ахвярнасць Лёсу вялікага паэта здзіўляе, захапляе і выклікае глыбокую пашану. Уладзіславай Францаўнай былі закладзены і першыя музейныя традыцыі, што паспяхова здзяйсняюцца дасюль. Асаблівую прыцягальнасць у любым літаратурным музеі маюць аўтографы пісьменніка, у Купалаўскім гэты фонд -- адзін з найбольш значных. Знаёмства з ім выклікае безліч пачуццяў, быццам дакранаешся да чагосьці важнага, таямнічага і бясконца дарагога. Рукапісы ўспрымаюцца як жывыя сведкі лёсу Песняра… Музей Янкі Купалы сёння – навуковы цэнтр па вывучэнні жыцця і творчасці паэта. З 1991-га года тут праводзяцца міжнародныя навуковыя канферэнцыі “Купалаўскія чытанні” сумесна з Міжнародным фондам Янкі Купалы. Важным складнікам навуковай дзейнасці з’яўляецца каталагізацыя па апісанні самых каштоўных музейных калекцый. За апошнія гады выйшла некалькі унікальных каталогаў, у тым ліку: “Рукапісная спадчына Янкі Купалы”, “Аўтографы першага народнага паэта Беларусі” ды іншыя. Варта сказаць і пра тое, што купалаўцы вядуць актыўны міжкультурны дыялог. Штогод у Купалавым доме ладзяцца выставачныя праекты з іншых краін, а выстаўкі з фондаў музея экспанаваліся ў Расіі, Славакіі, Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Грузіі, Фінляндыі, Ізраілі, Францыі. Традыцыйна, у Дзень роднай мовы, паслы і прадстаўнікі дыпмісій, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, бяруць удзел у грамадска-культурнай акцыі “Чытаем Купалу разам”. У сценах Купалавага дома адбываюцца цікавыя мастацкія імпрэзы, кніжныя прэзентацыі і гістарычныя выставы. У ім сустракаюцца самыя аўтарытэтныя знаўцы творчасці класіка беларускай літаратуры і творчая моладзь. Тут любяць эксперыментаваць, здзіўляць, адкрываць, не баяцца быць носьбітамі самых нечаканых крэатыўных ідэй. Тут, сапраўды, жыве спадчына і дух Янкі Купалы. І гэтая цудоўная атмасфера ствараецца сённяшнім калектывам музея, кожны з супрацоўнікаў якога апантаны сваёй справай, а ўсіх разам іх яднае любоў да Янкі Купалы, роднага слова, нашай мілай Бацькаўшчыны. Пры вольнай часіне адчыніце дзверы Купалавага дома, паверце, пасля першага знаёмства з музеем, вам захочацца вярнуцца сюды яшчэ не раз…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: