
Ліпень багаты і шчодры на святочныя акцэнты. Адзін з іх – дзень нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Сёлета яму споўнілася б 137 гадоў.
Час мала што змяніў у сутнасці вобраза Песняра. Для беларусаў ён быў і застаецца, як бы пафасна ні гучала, той пуцяводнай зоркай, што робіць наш шлях яркім для нас саміх і заўважным для іншых. Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя ў праграмным вершы «Я не паэта…» ён прароча вызначыў свой лёс:
Кожны край мае тых, што апяваюць,
Чым ёсць для народа ўпадак і хвала,
А беларусы нікога ж не маюць,
Няхай жа хоць будзе Янка Купала.
Насамрэч, аўтар згаданых радкоў цудоўна разумеў, якая спадчына была да яго і што можа зрабіць ён для свайго краю. Гэта быў покліч гарачага сыноўега сэрца і чыстай душы, якой балела за свой люд і хацелася дапамагчы яму ў лепшай долі.
«…У народ і край свой толькі веру/І веру ў самаго сябе…» – вось тая дзейсная Купалава формула жыцця, дзякуючы якой можна шмат што спраўдзіць на сваёй дарозе, нават калі яна і не надта простая. А хто сказаў, што ў геніяў бываюць простыя лёсы?.. Чым цікавейшая постаць, тым больш выпрабаванняў пасылае ёй жыццё. Але, насуперак абставінам, складаецца творчая біяграфія і застаецца спадчына, вартая ўвагі шматлікіх пакаленняў нашчадкаў.
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы да дня нараджэння Паэта штогод ладзіць шэраг святочных мерапрыемстваў, аб’яднаных агульнай назвай «Купалаўскія дні». Сёлета яны пачаліся 23 чэрвеня «Купальскай ноччу ў Купалавым доме», потым была знакавая падзея – у Кітайскай Народнай Рэспубліцы ў горадзе Сіань адкрыты бюст Янку Купалу беларускага скульптара Віктара Копача.
28 чэрвеня прайшлі традыцыйныя Жальбіны з нагоды 77-й гадавіны смерці Янкі Купалы. У музеі Песняра захоўваецца спецпаведамленне, дзе пазначана, што 28 чэрвеня 1942 года ў 22 гадзіны 30 хвілін «упаў у лесвічны пралёт і разбіўся насмерць народны паэт Беларусі Янка Купала». Пахаванне адбылося 1 ліпеня ў Маскве. На Беларусь паэт вярнуўся толькі праз 20 гадоў – яго прах перазахавалі на Вайсковых могілках у Мінску. У знак удзячнай памяці паэту, які ахвярна служыў адраджэнню незалежнай Беларусі, у дзень яго адыходу ля магілы запальваюцца свечкі, кладуцца кветкі падчас жалобнага набажэнства, пасля гучаць вершы-прысвячэнні.
Ну а ўчора, 7 ліпеня, у дзень народзінаў Янкі Купалы, з раніцы адбылася ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да яго помніка ў Мінску, потым усіх жадаючых сабрала разам Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…», якое прайшло на радзіме Купалы, у Вязынцы, яе можна назваць беларускай літаратурнай Меккай. Сама мясціна на дзіва прыгожая, тут, як вядома, у 1948-м годзе быў адкрыты філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Заключны акорд «Купалаўскіх дзён» – наступная нядзеля, 14 ліпеня. У касцёле Найсяцейшай Тройцы ў Радашковічах, дзе некалі быў пахрышчаны маленькі Ясь, пройдзе традыцыйны Купалаў фэст са Святой Імшой і акцыяй «Чытаем Купалу разам».
Увогуле, цяперашнім летнім часам, можна дазволіць сабе прайсціся зямнымі сцежкамі Янкі Купалы. На шчасце, у Беларусі іх нямала: Вязынка, Яхімоўшчына, Акопы, Ляўкі ды іншыя. Пачытайце ці перачытайце хаця б асобныя вершы класіка, яго цудоўныя паэмы. Вы атрымаеце безліч асалоды, новыя імпулься для ўласных думак і разважанняў.
«Тэатр Беларускага радыё» сёння і заўтра прапануе вам сустрэчу з неўміручай Купалавай «Паўлінкай». Так што шукайце хвалю Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё ў 22 гадзіны 10 хвілін.
І няхай мінае час, а прарочае слова Янкі Купалы застаецца з намі паўсюль. І кожны можа знайсці ў ім тое, што шукае душа. І абавязкова выпрастае плечы, і адчуе, якую сілу тояць у сабе муры продкаў, і усміхнецца сваёй нечаканай пяшчоце.
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына.
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай…