Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Літаратуразнаўца і казачнік Пятро Васючэнка…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
28 Жніўня 2019
«Адлюстраванні. Літаратуразнаўца і казачнік Пятро Васючэнка…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Год таму, ў такія ж спякотныя дні адыходзячага лета, у 4-й студыі Дома радыё ішоў запіс новага радыёспектакля «Севярын і Гражына» паводле паэмы Уладзіміра Караткевіча «Чазенія». Помню, колькі было тады ў нас размоў з аўтарам радыёп’есы Пятром Васючэнкам, з якім хваляваннем чакаў ён прэм’еры, нават жартаваў, што ў студыю не прыйдзе, каб не перашкаджаць рэжысёру і акцёрам. Хаця гэта ўжо была далёка не першая пастановачная работа, у якой ён браў удзел як драматург. Але цяпер аказалася – апошняя… Дарэчы, пры сустрэчах мы заўсёды гаварылі пра планы, у Пятра Васільевіча іх было шмат. І ўсе яны, ніколькі не сумняваюся, паспяхова спраўдзіліся б. Радыё ён любіў. Выбітны навуковец, загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта, аўтар цікавейшых літаратуразнаўчых манаграфій і даследаванняў, пісьменнік, які выдаў шмат кніг для дзяцей і дарослых, драматург, п’есы якога ставіліся ў тэатрах краіны, Пятро Васючэнка даўно і плённа супрацоўнічаў з Беларускім радыё. Пісьменнік-казачнік і літаратуразнаўца-навуковец – гэтыя яго дзве іпастасі паспяхова рэалізаваліся ў радыёжанрах. Некалі, яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя, ён прынёс у дзіцячую рэдакцыю сваю першую п’есу-казку. А на сёння ў фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат радыёспектаклей і пастановак паводле яго твораў. Займелі сваю радыйную прапіску і знакамітыя паны Кубліцкі ды Заблоцкі, нават раней, чым выйшла серыя кніг пра іх дзівосныя прыгоды. Можна згадаць тут і больш познія радыёспектаклі: “Паэт і дзяўчына”, прысвечаны Янку Купалу, “Млечны шлях” паводле рамана Кузьмы Чорнага. З Пятром Васільевічам любілі працаваць радыёрэжысёры. Ён цудоўна разумеў спецыфіку радыёп’есы, у яго быў свой непаўторны стыль, дыялогі герояў будаваліся нязмушана і разам з тым вельмі дакладна. Насамрэч, ён меў вуха радыйнага драматурга. А яшчэ Пятро Васючэнка, як літаратуразнаўца і пісьменнік, быў цудоўным суразмоўцам ля радыйнага мікрафона. Глыбокі, абазнаны ў самых розных тэмах, лаканічны і дакладны ў навуковых фармулёўках. Гутарка з ім – гэта свята думкі і сапраўднага беларускага слова. Выступаючы на яго юбілейнай вечарыне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, я напаўжартам сказала, што мы з ім прайшлі кіламетры эфірных дыялогаў пра літаратуру ў студыях Дома радыё. І Пятру дужа спадабалася гэтае вызначэнне. Ён быў частым госцем розных маіх праграм: “Дыялог над разгорнутай кнігай”, “Нам засталася спадчына”, “Дыярыуш”, “Гаспода”, “Творчы вечар”. Некалі я вяла яшчэ адзін цікавы праект пад сімвалічнай назвай “Нанава” – новае прачытанне беларускай класікі. У ім прымалі ўдзел супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і адзін з самых актыўных – Пятро Васючэнка, які на той час працаваў там. Так атрымалася, што абодва выпускнікі журфака Беларускага дзяржаўнага універсітэта, мы з Пятром сустрэліся ўжо ў Доме радыё і доўгі час працавалі разам у рэчышчы беларускай літаратуры і мастацкага слова. І за ўсе гэтыя гады я не прыпомню выпадку, каб ён нас у чымсьці падвёў, паабяцаў і не зрабіў. Яго выключная адказнасць за сваю справу можа быць прыкладам нават для старэйшых, не кажучы пра моладзь. Ён належыў да той кагорты людзей, з якімі надзейна будаваць самыя амбітныя планы, ведаючы, што яны абавязкова рэалізуюцца. Здзіўляла яго працаздольнасць, жаданне і ўменне паспець шмат, як быццам тое было прадчуваннем адмераных Богам дзён. І пры ўсім гэтым – душэўная далікатнасць, дасціпны жарт і нязменнае пашанотнае стаўленне да іншых. Цяпер ужо – у мінулым часе. …Такія навіны заўсёды прыходзяць знянацку. Яны ашаламляюць, ім не хочацца верыць. А можа – памылка? І хутка зноў прагучыць у тэлефоннай трубцы знаёмы голас: “Калі ў нас запіс?” На вялікі жаль – не…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: