
«Адлюстраванні. Літаратурны студзень». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
Літаратурны студзень сабраў шмат святочных падзей на сваёй палітры. Адной з новых фарбаў літаральна ў мінулую пятніцу, 18 студзеня, сталася адкрыццё мастацка-літаратурнай экспазіцыі “Сведкі вечнасці”, прымеркаванай да святкавання Вадохрышча.
Арганізатарамі выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Музей старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На выставе прадстаўлены абразы з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры, якія знаёмяць нас з развіццём іканапісу на беларускіх землях у ХVІІІ-ХІХ стагоддзях. Гэта і выявы хрысціянскіх святых, і кампазіцыі, якія ілюструюць асобныя сюжэты Святога Пісання, і шматлікія прыклады ўвасаблення Божай Маці. Не меншую цікавасць і захапленне выклікае і унікальная калекцыя рэдкіх выданняў ХVІІ-ХVІІІ стагоддзяў з фондаў музея гісторыі беларускай літаратуры. Напрыклад, “Выбранае з ветхазаветнай гісторыі” 1769 года, “Триодь постная” 1609-га, “Псалтирь” 1789-га, “Альфа и Омега” 1786-га ды іншыя.
Хацелася б падкрэсліць яшчэ і той факт, што апошнім часам музейшчыкі ўсё часцей ладзяць сумесныя партнёрскія праекты, што дае асаблівы плён для наведвальнікаў. Між іншым нагадаю, што ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працягвае працаваць часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Уладзімір Караткевіч. Абуджаная памяць…”, да паўстагоддзя выдання культавага рамана класіка “Каласы пад сярпом тваім”. Варта падняцца на другі паверх і вы патрапіце ў зусім іншы свет другой паловы ХХ стагоддзя.
У студзені стала вядома пра завяршэнне выдання персанальнай энцыклапедыі “Янка Купала” ў трох тамах. Гэты амбітны выдавецкі праект, які быў распачаты да 135-годдзя з дня нараджэння народнага песняра, ажыццявіла выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, а працавалі над ім больш за тысячу чалавек. Яму, дарэчы, папярэднічаў аднатомнік – энцыклапедычны даведнік “Янка Купала”, які выдаваўся яшчэ за савецкім часам, у 1986-м годзе. Цяпер, у новым выданні, можна знайсці любую, патрэбную вам інфармацыю пра жыццё і творчасць класіка беларускай літаратуры.
Яшчэ для аднаго беларускага класіка – Ядвігіна Ш. сёлетні студзень пазначаны юбілейнай фарбай. 150 гадоў з дня яго нараджэння, сапраўднае прозвішча пісьменніка Антон Лявіцкі. Адзін з першых значных празаікаў ХХ стагоддзя, талент якога раскрыўся ў “Нашай ніве”, дзе ён быў загадчыкам літаратурнага аддзела. Выдаў зборнікі прозы “Бярозка”, “Васількі”, “Апавяданні”, кнігу “Успаміны”. У гісторыі новай беларускай літаратуры Ядвігін Ш. застаўся і як аўтар аднаго з першых псіхалагічных раманаў “Золата”. Яго пачынанне працягнулі ў сваёй творчасці потым Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, іншыя вядомыя празаікі – нашы сучаснікі.
90-гадовы юбілей у гэтым студзені і ў вядомага крытыка і літаратуразнаўца, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа за кнігу “Талент і праца” Дзмітрыя Бугаёва. Напэўна, якраз гэтыя два словы “талент” і “ праца” – ключавыя ў біяграфіі Дзмітрыя Якаўлевіча. Як сапраўдны вучоны, ён сказаў сваё важкае, праўдзівае слова пра лепшыя творы беларускай літаратуры, пра творчы лёс многіх выдатных пісьменнікаў: Янкі Брыля, Васіля Быкава, Уладзіміра Дубоўкі, Алеся Адамовіча, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча, Яўгеніі Янішчыц, Віктара Казько ды іншых. Яго кнігі па літаратуразнаўству і крытыцы трэба чытаць, каб разумець ступень адказнасці і мужнасці самога аўтара. Дарэчы, Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў ахвотна супрацоўнічаў і з Беларускім радыё. Сустрэчы з ім ля студыйнага мікрафона заўсёды пакідалі адчуванне вельмі глыбокага, удумлівага субяседніка, які цудоўна валодае праблемамі літаратуры, на ўсе пытанні мае сваю абгрунтаваную пазіцыю.
І яшчэ пра літаратурны студзень. Як раз гэтымі днямі была абвешчана інфармацыя пра ХХVІ Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш, што пройдзе з 6 па 10 лютага. Пра яе галоўныя падзеі і вынікі абяцаю паразважаць ў наступным, лютаўскім, “Радыёблогу”.