
Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў «Тэатр Беларускага радыё» 22 лютага пачынае цыкл радыёспектаклей і пастановак паводле мастацкіх твораў пра Вялікую Айчынную вайну.
Гэтая тэма ў беларускай літаратуры – асобны кантынент, на якім прапісаны імёны вельмі многіх пісьменнікаў. Шмат твораў, народжаных у другой палове ХХ стагоддзя, так ці інакш звязаны з вайной. Нездарма беларускую літаратуру часам называлі ваеннай літаратурай. У гэтым была праўда нашага жыцця.
У фондах Беларускага радыё захоўваюцца сотні спектаклей, пастановак, паэтычных кампазіцый, прысвечаных ваеннай тэме. Сярод аўтараў можна сустрэць амаль усіх класікаў: Кастусь Губарэвіч, Аркадзь Маўзон, Кузьма Чорны, Іван Мележ, Іван Шамякін, Алесь Адамовіч, Андрэй Макаёнак, Іван Навуменка, Іван Чыгрынаў, Міхась Стральцоў, Віктар Казько, Аляксей Дудараў ды шмат іншых. У кожнага з іх – свой мастацкі спосаб адлюстравання тых трагічных падзей мінулага стагоддзя, але адна праўда пра Вялікую Перамогу, якая забрала кожнага трэцяга беларуса…
Кузьма Чорны задуму рамана “Млечны Шлях” сфармуляваў як “беларускі чалавек сярод сваіх еўрапейскіх суседзяў у часе Айчыннай вайны”. Пісьменнік закончыў гэты твор незадоўга да смерці, у год вызвалення Беларусі. Праз 70 гадоў, у 2014-м, упершыню паводле “Млечнага шляху” здзейснена пастаноўка аднайменнага радыёспектакля, які цяпер захоўваецца ў фондах Беларускага радыё. Гэта філасофскае прачытанне ваеннай тэмы, як агульнага зла для ўсіх народаў Еўропы. Гэта роздум пра лёс чалавецтва і лёс цывілізацыі, якая цалкам залежыць ад чалавека. А сам Млечны Шлях – сімвал вечнасці і чысціні, што аб’ядноўвае не толькі персанажаў твора, але і ўсе пакаленні людзей, якія калі-небудзь жылі на Зямлі, з намі, сучаснікамі.
Яшчэ адна новая пастановачная работа Першага нацыянальнага канала – радыёспектакль “…І няма шляху чужога” паводле аднайменнай аповесці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі пісьменніка Уладзіміра Саламахі, запісаны ў 2015-ым годзе. Дзеянне адбываецца напрыканцы вайны. У аснове аповесці – трагічны лёс старога чалавека Іосіфа Кучынскага са спаленай карнікамі беларускай вёскі Гуда, якому наканаваны шлях ізгоя, таму што ён – бацька паліцая. Абставіны ваеннага часу фарміруюць складаныя супярэчлівыя адносіны галоўнага героя з яго аднавяскоўцамі, але надзея на разуменне і дараванне застаецца. Наш радыёспектакль – гэта яшчэ адна праўда пра тую, для многіх сёння ўжо далёкую, вайну. Але трагедыя якой не зменшылася і на адлегласці дзесяцігоддзяў працягвае сцвярджаць ісціну чалавечага ў чалавеку, адказнасці аднаго перад цэлым светам.
Некалі Віктар Астаф’еў заўважыў, што “ўсё лепшае ў літаратуры пра вайну створана тымі, хто ваяваў на перадавой”. Васіль Быкаў яму адказаў: “Увогуле гэта справядліва, хоць я б не сцвярджаў так катэгарычна, згаджаючыся, аднак, з той часткай сцвярджэння, што асабісты вопыт вайны тут нельга замяніць нічым”.
“Асабісты вопыт вайны” дазволіў народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву стварыць сваю ваенную прозу, не падобную ні на чыю іншую. Акопная праўда вайны па-Быкаву сканцэнтравала асаблівую энергетыку, уплыў якой на чытача проста каласальны. Аддаленасць у гістарычным часе толькі павялічвае цікавасць, узмацняе наша жаданне спазнаць і зразумець, праводзячы, можа, і ўласныя паралелі. Таму што ў кожным беларускім родзе свой досвед вайны…
Асаблівая нота вылучае ўсе радыёпастаноўкі і спектаклі, што пастаўлены паводле аповесцей Васіля Быкава: “Жураўліны крык”, “Альпійская балада”, “Апошні шанц”, “Мёртвым не баліць”, “Пайсці і не вярнуцца”, “Знак бяды”, “Кар’ер”, “Пастка” ды іншыя.
22 і 23 лютага ў “Тэатры Беларускага радыё” слухайце радыёспектакль “У тумане” паводле аповесці Васіля Быкава. У аснове твора — складаны лёс чалавека ва ўмовах фашысцкай акупацыі. Напэўна, хтосьці згадае аднайменную кінастужку Сяргея Лазніцы, якая выйшла параўнаўча нядаўна ў 2012-м годзе. Спектакль на Беларускім радыё пастаўлены адразу, калі выйшла кніга – у 1989 рэжысёрам Валерыем Анісенкам. У галоўных ролях заняты народны артыст СССР Віктар Тарасаў, народныя артысты Беларусі Генадзь Гарбук і Павел Дубашынскі.
Вядомая ісціна, гісторыя паўтараецца тады, калі чалавецтва забывае пра мінулае, а душа чалавека ратуецца памяццю. Дзеля гэтага варта і чытаць, і слухаць лепшыя мастацкія творы “ваеннага летапісу”.